Вера:
— Тата, ты нам на Новы год павiнен купiць хамяка.
Не паспеў я адкрыць рот, Поля:
— Толькi з адной умовай!
Я:
— З якой?
— Ты за iм прыбiраеш.
I вось я ўжо гатовы купiць хамяка, толькi б за iм не прыбiраць.
Прафесiйныя перагаворшчыкi!
* * *
Я ўжо пiсаў пра тое, як двайняткi вучылi двухгадовую Ксенiю выконваць каманды пры дапамозе бульбы фры. I вось сёння iм прыйшоў «адказ».
Дзецi елi шакаладныя шарыкi, i ў Веры яны скончылiся. Вера ўбачыла, што ў Ксенii ў талерцы яшчэ шмат шарыкаў, i сказала:
— Ксюша, дай мне, калi ласка, некалькi шарыкаў.
Ксенiя з важным выглядам дастала адзiн шарык з талеркi, працягнула яго Веры i строга сказала:
— Голас!
Нiчога не пародзiш, давялося Веры крыху пагаўкаць, каб атрымаць жаданыя шарыкi.
P.S. Па праўдзе кажучы, мяне падобная практыка трохi напружвае: як бы ў адзiн цудоўны момант мне самому не давялося гаўкаць.
* * *
Вырашыў падбадзёрыць сына, якi ўсе вечары напралёт вучыць фiзiку. Паляпаў яго па плячы i кажу:
— Давай, сынок, вучы фiзiку, будзеш як Iлан Маск.
Сын, незадаволена:
— Прычым тут Iлан Маск?
— Ну, ён жа там усё вынаходзiць.
— Тата, Iлан Маск звычайны папулiст.
Тут ужо я пакрыўдзiўся за Iлана Маска:
— Чаму гэта ён папулiст?
— Ён проста бiзнесмен, рэкламуе свой бiзнес.
Вiдаць, татаў камплiмент не залiчаны (яшчэ i Iлану нi за што дасталося). Наступны раз паспрабую Эйнштэйнам падбадзёрыць — Эйнштэйн у любым выпадку бяспройгрышны варыянт.
А наогул, як табе такое, Iлан Маск?
* * *
Двайняткi прыйшлi дадому гордыя — атрымалi «дзясятку» i «дзявятку» па англiйскай.
Вера, яхiдна:
— А ў цябе, тата, былi калi-небудзь дзясяткi па англiйскай?
— Не.
— А дзявяткi?
— Не.
— А васьмёркi?
Поля:
— Вера, ты што забылася? Тата сам казаў, што вучыўся на адны пяцёркi.
I ведаюць жа цудоўна пра пяцiбальную сiстэму, i ўсё роўна здзекуюцца.
P.S. Дарэчы, у мяне былi далёка не толькi пяцёркi, i нават не толькi чацвёркi, але навошта ўскладняць i без таго сумнае становiшча?
* * *
Прачытаў артыкул пра адну амерыканскую бабулю, якой ужо сто сем гадоў i якая сакрэтам маладосцi назвала штодзённае ўжыванне кока-колы.
Абрадаваўся i кажу жонцы:
— Вось бачыш, бабуля сто сем гадоў дзякуючы коле пражыла, а вы мне яе пiць забараняеце.
Старэйшая дачка:
— Тата, ну ты як маленькi! Гэта ж проста рэклама.
Жонка, скептычна:
— Наўрад цi знойдзецца iдыёт, якi клюне на такую рэкламу.
Дачка, заклапочана:
— Ну ты ж бачыш, што тата ўжо клюе.
(Цудоўны дыялог, я аж заслухаўся!)
Эх, бабуля, цяжка жыць на свеце, калi самыя блiзкiя людзi табе не вераць. Выпi там у сябе ў Амерыцы за маё здароўе шклянку колы — можа, няхай не сто сем гадоў, але хоць бы сем яшчэ працягну.
Павел ХОЛАД
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pavel-holad
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/natatki-shmatdzetnaga-tatki
[4] https://zviazda.by/be/tags/natatki-tatki