Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне. Гэта толькi частка пакаранняў, якiя вынесены сёлета несумленным рыэлтарскiм арганiзацыям, супрацоўнiкi якiх працягваюць пераступаць цераз закон. Сярод найбольш тыповых парушэнняў, як i раней, застаюцца неналежнае размяшчэнне рэкламы аб'ектаў перад або ўвогуле без заключэння дагавора на аказанне рыэлтарскiх паслуг, а таксама патрабаванне аплаты адначасова ад пакупнiка i прадаўца. Як i чаму трэба абараняцца ад няякасных паслуг, растлумачылi ў Мiнiстэрстве юстыцыi.
Двайная аплата i неналежная рэклама
Несвоечасовая рэгiстрацыя дагавораў на паслугi ў кнiзе рэгiстрацыi i адсутнасць поўнай iнфармацыi. Парушэнне парадку заключэння або прадаўжэння дагавораў абавязковага страхавання адказнасцi рыэлтарскiх арганiзацый. Несвоечасовае прадстаўленне ў Мiнюст анкет для ўключэння звестак у Рэестр рыэлтараў Беларусi. Такiя парушэннi ў дзейнасцi беларускiх агенцтваў нерухомасцi таксама не рэдкасць, падкрэслiлi ў Мiнiстэрстве юстыцыi.
— Летась Мiнiстэрства юстыцыi атрымала ад грамадзян i юрыдычных асоб 100 зваротаў, якiя датычылiся аказання рыэлтарскiх паслуг. У асноўным скаргi былi на аказанне паслуг, у тым лiку на размяшчэнне неналежнай рэкламы. Разглядаючы звароты, спецыялiсты мiнiстэрства арыентавалiся не толькi на абарону правоў i iнтарэсаў спажыўцоў рыэлтарскiх паслуг, але i на папярэджанне аналагiчных парушэнняў, — расказала Вольга ШЫБКО, прэс-сакратар Мiнiстэрства юстыцыi. — Дзякуючы гэтай рабоце, а таксама «гарачай лiнii», дзе грамадзянам даюць неабходныя тлумачэннi, колькасць зваротаў з цягам часу пакрысе змяншаецца. Так, у 2017 годзе ў Мiнюст паступiла 130 зваротаў, у 2018-м — 102 i летась — 100.
21 зварот датычыўся прымусу патэнцыйных пакупнiкоў да заключэння дагавораў на аказанне рыэлтарскiх паслуг i аплаты iх кошту. Гэта недапушчальнае парушэнне, якое мае на мэце атрыманне двайной аплаты паслуг: з прадаўца i пакупнiка, што забаронена. Паколькi агенцтва заключае дагавор з прадаўцом, яно абавязана арганiзоўваць прагляды аб'екта пакупнiкам, не патрабуючы ад iх дадатковых дзеянняў, накшталт аплаты цi заключэння дагавораў.
Столькi ж скаргаў паступiла летась на размяшчэнне неналежнай, у тым лiку недакладнай рэкламы аб'ектаў нерухомасцi. Прынамсi, рэкламаванне без заключэння дагавора паслуг, аб'явы аб арэндзе неiснуючай нерухомасцi з мэтай прыцягнення клiентаў у агенцтва, а таксама размяшчэнне рэкламных прапаноў ад iмя ўласнiка, а не агента.
— 20 зваротаў датычылiся аплаты рыэлтарскiх паслуг i парадку iх аказання, у прыватнасцi завышанага памеру кошту, аказання паслуг без заключэння пiсьмовага дагавора, неправамоцнасцi некаторых супрацоўнiкаў аказваць пэўныя паслугi, — удакладнiла прэс-сакратар. — У вынiку разгляду асобных зваротаў пасведчаннi аб атэстацыi некаторых рыэлтараў былi ануляваныя.
Сярод парушэнняў сустракаюцца зусiм ганебныя факты. Спажывец замест адраса кватэры атрымлiваў адрас офiснага будынка або даведваўся, што прапануемыя ў наём кватэры ўжо занятыя цi нават не планавалiся да здачы. Такiя ж адказы можна было пачуць i па нумарах, якiя давалi клiентам несумленныя рыэлтары. Былi i скаргi на тое, што спецыялiсты агенцтва, якiя суправаджалi здзелку, не абаранялi iнтарэсы свайго клiента, нават калi было вiдавочна, што нерухомасць мела яўныя недахопы. А некаторыя «рыэлтары» ўвогуле не працавалi ў агенцтвах, аднак выконвалi абавязкi спецыялiстаў па просьбе рыэлтарскiх арганiзацый.
За вымаганне грошай — у суд
Агенцтва «Гатовыя рашэннi» пазбавiлася лiцэнзii 29 чэрвеня. Яшчэ летась арганiзацыi выносiлася прадпiсанне аб устараненнi выяўленых парушэнняў заканадаўства i патрабаванняў да ажыццяўлення рыэлтарскай дзейнасцi. У арганiзацыi было прыпынена дзеянне пластыкавых картак двух спецыялiстаў па рыэлтарскай дзейнасцi. Двум рыэлтарам (Капусцiнскай i Матуцю) вынесены папярэджаннi. Сёлета арганiзацыi таксама двойчы выносiлiся прадпiсаннi аб устараненнi парушэнняў лiцэнзiйных патрабаванняў i ўмоў, якiя прад'яўляюцца да рыэлтарскай арганiзацыi падчас аказання паслуг. Аднак яны засталiся без увагi. Як вынiк — агенцтва засталося без работы.
Дзеянне лiцэнзii агенцтва «Iмперыя нерухомасцi» з-за работы пры неадпаведнасцi лiцэнзiйным патрабаванням i ўмовам пакуль прыпынена: з 30 чэрвеня да 30 жнiўня.
Не ўтрымалася ад спакусы i спадарыня Берташ — агент па аперацыях з нерухомасцю такога буйнога агенцтва, як «Твая сталiца». Спецыялiст парушыла правiлы прафесiйнай этыкi, i за гэта дзеянне яе iдэнтыфiкацыйнай пластыкавай карткi агента па аперацыях з нерухомасцю прыпынена на два гады. Аказваць рыэлтарскiя паслугi ў гэты час спецыялiсту забаронена. А «Твая сталiца» як арганiзацыя атрымала прадпiсанне на ўстараненне выяўленых парушэнняў.
Падставай для разгляду матэрыялаў у дачыненнi да агенцтва «Твая сталiца» стаў зварот пакупнiкоў кватэры са скаргай на прымусовае заключэнне дагавора на аказанне рыэлтарскiх паслуг. Пры гэтым свае правы пакупнiк адстаяла ў судзе, расказала Дзiяна ПАДЛЕСКАЯ, начальнiк упраўлення адвакатуры i лiцэнзавання юрыдычнай дзейнасцi Мiнiстэрства юстыцыi Беларусi:
— Памiж агенцтвам нерухомасцi «Твая сталiца» i ўласнiкам кватэры быў заключаны дагавор, у межах якога рыэлтарская арганiзацыя абавязвалася арганiзаваць рэкламную кампанiю кватэры для пошуку пакупнiкоў i агляд iмi аб'екта. У пералiк паслуг уваходзiла i папярэдняя работа з пакупнiком, дапамога прадаўцу ў вядзеннi перагавораў, арганiзацыя падпiсання бакамi дагавора аб намеры заключэння здзелкi куплi-продажу пры падборы варыянтаў, а таксама дапамога ў падрыхтоўцы дакументаў для выканання здзелкi. А вось пакупнiкi, якiя жадалi набыць гэтую кватэру, не былi абавязаны карыстацца паслугамi рыэлтарскай арганiзацыi i заключаць з ёю дагавор.
Тым не менш, калi пакупнiкi кватэры адмовiлiся ад паслуг арганiзацыi, агент заявiла, што адмяняе сустрэчу з прадаўцом, а на набыццё кватэры ёсць iншыя клiенты. На просьбу паведамiць нарматыўны акт, дзе быў бы прапiсаны абавязак пакупнiка карыстацца паслугай рыэлтарскай арганiзацыi, спецыялiст тлумачэння даць не змагла i спаслалася на тое, што проста iснуе такi парадак аплаты паслуг i прадаўцом, i пакупнiком.
— Такiм чынам агент «Тваёй сталiцы» парушыла правы i пакупнiка, i прадаўца, — падкрэслiла прадстаўнiца мiнiстэрства. — Пакупнiк вымушаны пагаджацца на ўмовы агента, каб набыць аб'ект, якiм ён зацiкавiўся, хоць рабiць гэта не абавязаны. А прадавец пазбаўляецца часткi патэнцыйных пакупнiкоў, бо агенцтва дае магчымасць сустрэчы з гаспадаром толькi тым, хто гатовы падпiсаць дагавор i заплацiць грошы за паслугу, якая ўжо была аплачана прадаўцом i ўваходзiць у дагавор памiж iм i агенцтвам.
У гэтай гiсторыi пакупнiкi былi вымушаны падпiсаць дагавор, каб набыць упадабаны аб'ект, аднак пазней узнiклi спрэчкi адносна аплаты паслуг, якiя былi ўключаны ў прадмет дагавора. У прыватнасцi, неабходнасць аддаць грошы за агляд кватэры; узгадненне ўмоў здзелкi; падрыхтоўка дакументаў, якiя звязаны з пакупкай кватэры; падрыхтоўка дакументаў, якiя звязаны з рэгiстрацыяй кватэры. Пакупнiкi сцвярджалi, што кватэру знайшлi самi ў iнтэрнэце i з'ездзiлi яе паглядзець. У вынiку яны вырашылi заплацiць толькi за паказ кватэры i кансультацыю агента. «Твая сталiца» падала скаргу ў суд i выйграла яго.
Аднак прайграўшы бок, упэўнены ў сваёй праваце, дайшоў да Вярхоўнага суда, якi i паставiў канчатковую кропку ў справе. Ён абвясцiў, што пастановы, якiя былi прынятыя раней, не могуць быць прызнаныя законнымi i падлягаюць адмене. Было ўстаноўлена, што пакупнiкi знайшлi кватэру самастойна, аглядалi яе да заключэння дагавора, а значыць, гэтыя паслугi ў дагавор уключацца не маглi. Тым больш што яны ўжо былi аплачаны прадаўцом. Гэтаксама як i паслугi, якiя звязаны з падрыхтоўкай дакументаў для здзелкi. Прынамсi, гэта першы выпадак, калi спажыўцу ўдалося даказаць у судзе сваю пазiцыю i выйграць спрэчку ў агенцтва.
Рэкамендацыi па стасунках з агенцтвамi
Паколькi ў Мiнюст працягваюць паступаць звароты ад грамадзян, дзе яны цiкавяцца сваёй магчымасцю набыць аб'ект, якi рэкламуецца агенцтвам, без заключэння дагаворных адносiн патэнцыйнага пакупнiка, у ведамстве раяць звяртаць увагу i ведаць наступныя рэчы.
Па-першае, згодна з п. 20 Правiлаў ажыццяўлення рыэлтарскай дзейнасцi (далей — Правiлаў), зацверджаных Указам Прэзiдэнта ад 9 студзеня 2006 г. № 15, рэкламаваць цi iншым спосабам размяшчаць iнфармацыю аб аб'екце нерухомасцi агенцтва можа толькi са згоды спажыўца i пасля заключэння з iм дагавора на аказанне рыэлтарскiх паслуг. Зыходзячы з гэтага мяркуецца, што рэкламаванне рыэлтарскай арганiзацыяй аб'екта нерухомасцi з мэтай продажу ажыццяўляецца пры наяўнасцi памiж агенцтвам i прадаўцом дагавора на аказанне паслуг рыэлтараў у садзейнiчаннi продажу.
— У межах дагавора арганiзацыя выконвае свае абавязацельствы перад прадаўцом па пошуку патэнцыйных пакупнiкоў, стварэннi iм умоў па аглядзе аб'екта, арганiзацыi перамоў памiж прадаўцом i пакупнiком, узгадненнi ўмоў мяркуемай здзелкi, — падкрэслiла Дзiяна Падлеская. — Агенцтва павiнна прымаць усе меры да якаснага выканання сваiх абавязкаў, а не шукаць толькi тых пакупнiкоў, якiя гатовы заключыць дагавор з арганiзацыяй.
Вядомыя выпадкi, калi агент у адказ на адмову патэнцыйнага пакупнiка на заключэнне дагавора паведамляе, што набыць маёмасць немагчыма, або здзелка проста наўмысна зрываецца. Каб абгрунтаваць сваю адмову ў паказе аб'екта цi сустрэчы з прадаўцом, агенты, здараецца, спасылаюцца на нiбыта ўласнае рашэнне прадаўца. Па факце праверкi пасля высвятляецца, што прадавец i не ведаў пра iснаванне пакупнiка.
Па-другое, калi рыэлтарскiя арганiзацыi прапануюць пакупнiкам маёмасць, якая змешчана ва ўласнай базе даных аб'ектаў нерухомасцi або ў сецiве, яны тым самым прымаюць меры да выканання ўжо ўзятых на сябе абавязацельстваў па садзейнiчаннi продажу гэтых аб'ектаў.
— Работнiкi рыэлтарскiх арганiзацый абавязаны памятаць, што пры наяўнасцi дагавора на аказанне паслуг прадаўцу па садзейнiчаннi ў продажы, яны прымаюць на сябе i адказнасць за здзелку куплi-продажу, якая ажыццяўляецца. На гэта мае права прадавец, калi заказвае ў агенцтве паслугi па продажы. Нiякiя тлумачэннi пра тое, што аб'ект не будзе прададзены цi не будзе правярацца, калi дагавор на аказанне паслуг не заключыць i пакупнiк, неправамерныя, — нагадала Дзiяна Падлеская.
Па-трэцяе, згодна з Грамадзянскiм кодэксам, грамадзяне i юрыдычныя асобы вольныя ў заключэннi дагавора i прымус да гэтага недапушчальны. Такiм чынам спажывец самастойна вырашае пытанне аб неабходнасцi заключэння дагавора з рыэлтарскай арганiзацыяй. А яна ў сваю чаргу можа патрабаваць аплату толькi на падставе заключанага дагавора.
Па-чацвёртае, спажыўцам рэкамендуецца ўважлiва азнаёмiцца са зместам дагавора на аказанне рыэлтарскiх паслуг, а таксама тарыфамi на iх.
У адпаведнасцi з ч. 2 п. 27 Правiлаў дагавор на аказанне паслуг па садзейнiчаннi падчас заключэння, выканання, спынення дагавораў куплi-продажу аб'ектаў нерухомасцi павiнен утрымлiваць умову аплаты паслуг у працэнтных адносiнах ад кошту аб'екта з уключэннем у такую аплату затрат па рыэлтарскiх паслугах, якiя ўказаны ў абзацах 2-6 пп. 1.3 п. 1 Указа Прэзiдэнта № 15. Аплачваюцца гэтыя паслугi прадаўцом маёмасцi ў адпаведнасцi з дагаворам на аказанне рыэлтарскiх паслуг.
Мiнiстэрства юстыцыi заклiкае спажыўцоў уважлiва ставiцца да заключэння дагавораў на аказанне рыэлтарскiх паслуг, а ў выпадку няўпэўненасцi — звяртацца да кiраўнiкоў рыэлтарскiх арганiзацый або на «гарачую лiнiю».
Iрына СIДАРОК
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[6] https://zviazda.by/be/tags/ryeltary