У нашай краіне адкрыццё новых аб'ектаў сацыяльнага прызначэння і прамысловасці стала традыцыяй не толькі ў гонар свят. І гэта не папулізм, а даніна рэаліям часу, практыка, напрацаваная дзесяцігоддзямі.
Комплексная мадэрнізацыя на ААТ «Нафтан» у многіх на слыху. У сімвалічным пуску самай вялікай у краіне ўстаноўкі вытворчасці элементарнай серы перадавым метадам узяў удзел Мікалай Шарснёў, старшыня Віцебскага аблвыканкама.
У рэалізацыю праекта інвеставана прыблізна 130 мільёнаў долараў. Пра маштабы будаўнічых і мантажных работ можна меркаваць па колькасці людзей, якія ў іх задзейнічаны, — а гэта каля 500 будаўнікоў і спецыялістаў па ўстаноўцы і наладжванні абсталявання. Новая апаратура дазволіць паменшыць імпарт і добра зарабляць на экспарце.
Наогул, калі будзе поўнасцю рэалізавана інвестыцыйная праграма, на «Нафтане», глыбіня перапрацоўкі нафты павялічыцца да 90 %, а ўзровень выхаду светлых нафтапрадуктаў — да 65 %.
Цяпер завяршаецца будаўніцтва новых для наваполацкага нафтахімічнага комплексу аб'ектаў. Сёлета запланавана ў асноўным скончыць мадэрнізацыю прадпрыемства, самую маштабную за ўсю гісторыю яго існавання. Паводле слоў Аляксандра Дзямідава, генеральнага дырэктара ААТ «Нафтан», менавіта бягучы год абяцае стаць вельмі значным. Мясцовая ўлада разумее, што прыйшоў час напаўнення казны не толькі за кошт перапрацоўкі.
А ў Оршы, дзе актыўна працягваецца перазагрузка ўсяго раёна, нядаўна прэзентавалі рэканструяваны Палац культуры. Другое жыццё ў гэты аб'ект удыхнулі прыкладна за дзесяць месяцаў. Цяпер там новыя фасады з якасцямі «футра», дах, вадаправод, сістэмы каналізацыі і электразабеспячэння.
Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што без падтрымкі кіраўніка дзяржавы палац культуры, пабудаваны яшчэ ў 1950-я гады, наўрад ці стаў бы такім прыгожым за параўнальна кароткі тэрмін.
Дарэчы, тут у гуртках і студыях займаюцца больш за 440 дзяцей, падлеткаў і дарослых. Сярод іх ёсць і шэсць калектываў са званнем народны.
Аб'ект культуры стане годным месцам для правядзення фестываляў, канцэртаў, конкурсаў, алімпіяд творчасці, а таксама адным з сімвалаў развіцця старога, але вечна маладога горада, куды цягне вярнуцца і які не сорамна паказаць гасцям.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
На мінулым тыдні адбылося ўрачыстае адкрыццё новай станцыі хуткай і неадкладнай дапамогі ў Баранавічах. У зоне яе абслугоўвання (гэта горад і раён) жыве больш за 210 тысяч чалавек. Памяшканне пасляваеннай пабудовы не адпавядала патрэбам сучаснай медыцынскай установы. Таму для станцыі ўзвялі новы двухпавярховы будынак.
У ім прадугледжаны кабінеты амбулаторнага прыёму пацыентаў. Яшчэ на першым паверсе размяшчаецца дыспетчарская служба, службовыя памяшканні, душавыя пакоі. Стэрылізацыйнае аддзяленне аснашчана сучаснымі сухажаравым і паравым стэрылізатарамі. Другі паверх аддалі пад адміністрацыю, пакоі адпачынку персаналу, сталоўку, канферэнц-залу. Адзіным комплексам да станцыі хуткай прыбудаваны гараж на 20 аўтамабіляў. Ёсць аўтамыйка замкнутага цыклу. На тэрыторыі ўладкавана памяшканне для напаўнення кіслародных балонаў. Ёсць летняя стаянка для санітарнага транспарту і асабістых машын супрацоўнікаў.
— Вельмі важна стварыць годныя ўмовы работы для тых, хто стаіць на перадавой барацьбы за здароўе людзей, — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім РЫЖАНКОЎ, які прыехаў павіншаваць калектыў з важнай падзеяй. Паспяховай работы медыкам пажадалі таксама ў гэты дзень старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС, міністр аховы здароўя краіны Уладзімір КАРАНІК.
Святлана ЯСКЕВІЧ
У аграгарадку Калодзішчы Мінскага раёна адкрыўся новы сучасны дзіцячы садок № 3. Яго будуць наведваць 230 малых, для якіх укамплектавана 12 груп у залежнасці ад узросту. Пяць груп разлічаны на дзяцей ад 3 да 4 гадоў, чатыры групы — ад 4 да 5 гадоў і тры групы — ад 5 да 6 гадоў.
Да паслуг малых — музыкальная і харэаграфічная залы, кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага. Для педагогаў створаны інфармацыйна-метадычны кабінет. Ва ўстанове будуць працаваць харчовы і медыцынскі блокі, аснашчаныя найноўшым тэхналагічным абсталяваннем.
Для выхаванцаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця створана безбар'ернае асяроддзе, а спецыяльная сістэма відэаназірання дазволіць кантраляваць усю вонкавую тэрыторыю.
У садку прадугледжаны таксама неабходныя ўмовы для аказання разнастайных паслуг дадатковай адукацыі зыходзячы з запыту бацькоў. Асаблівасцю дзіцячай установы стане спецыяльны цэнтр тэхнічнага канструявання. Заняткі будуць садзейнічаць пазнавальнаму развіццю дзяцей, фарміраванню ў іх лагічнага мыслення.
Дададзім, што дашкольная ўстанова пабудавана за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў — ААТ «Заслаўебудіндустрыя».
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прыняў удзел намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч. Як адзначыў Іван Станіслававіч, у цэнтральным рэгіёне шмат увагі аддаецца развіццю сацыяльнай сферы: адукацыі, ахове здароўя, турызму, сацыяльнай абароне насельніцтва. Да канца года на Міншчыне адкрыецца яшчэ дванаццаць розных устаноў сацыяльнага прызначэння. Гэта школы, дзіцячыя сады, дамы культуры.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Пасля заканчэння летніх канікул прыбранымі і абноўленымі да заняткаў класамі сустрэне дзяцей і педагогаў гістарычная частка будынка Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, што знаходзіцца на плошчы Свабоды ў Мінску.
Пасля рамонту ў юных музыкаў, якія навучаюцца тут, з'явілася прасторная канцэртная зала, спецыялізаваныя харавыя класы, гуказапісная студыя. Школе пашанцавала не толькі з рэканструкцыяй самога будынка, але і з новым абсталяваннем і музычнымі інструментамі. Напрыклад, сюды было пастаўлена некалькі дзясяткаў высакакласных раяляў і піяніна.
У цырымоніі адкрыцця гімназіі-каледжа, што прайшла нядаўна, узялі ўдзел міністр культуры Юрый Бондар і старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак.
А днём раней адразу два абноўленыя футбольныя палі «ўвялі ў строй» у Зялёным Лузе. У Савецкім раёне сталіцы на вуліцы Гамарніка пасля рамонту адкрыўся комплекс плоскасных спартыўных збудаванняў. На працягу дня на абноўленых палях прайшлі футбольныя матчы сярод аматарскіх камандаў і дзіцячых футбольных клубаў. Юныя футбалісты, апрабаваўшы пакрыццё, засталіся ім задаволеныя і цяпер гатовыя зноў гуляць і забіваць галы.
Пасля адкрыцця стадыёна сюды запрашаюць і жыхароў Савецкага раёна, і мінчан наогул: не толькі прафесійныя каманды або дзіцячыя спартклубы, але і ўсіх ахвотных. Згуляць можна ў футбол, валейбол, тэніс.
Сяргей СТАРЫНАЎ
Больш за тысячу студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы рыхтуюцца стаць навасёламі сучаснага інтэрната. Будынак быў уключаны ў рэспубліканскую інвестпраграму ў 2018 годзе, пасля наведвання ўніверсітэта кіраўніком дзяржавы.
Аб'ект можна назваць адным з найбуйнейшых інтэрнатаў рэгіёна. Па-сучаснаму выглядае не толькі сам інтэрнат, які мае блочную сістэму пражывання. Абсталяваны і дворык, дзе размясціліся пляцоўкі для стрытбола, валейбола і міні-футбола.
Новы 13-павярховы будынак удала ўпісваецца ў гарадское асяродзе, мае добрую транспартную інфраструктуру. А ўзнавілася будаўніцтва па просьбе студэнтаў, якія звярнуліся да кіраўніка дзяржавы падчас яго наведвання Гродзенскага ўніверсітэта. Зараз тут вядуцца заключныя ўнутраныя работы, завозіцца мэбля.
Інтэрнат пабудаваны па кватэрным прынцыпе. На тры пакоі — кухня, санвузел, душ і кладоўка. Кожнае памяшканне будзе абсталявана мэбляй і бытавой тэхнікай. Усяго такіх блокаў — амаль 170, кожны пакой разлічаны на пражыванне двух чалавек. Вядома, устаноўлены ліфт, ёсць пандус і пакой для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
На першым паверсе размясціліся адміністрацыйна-гаспадарчыя службы, буфет, медыцынскі блок, памяшканні для культурна-масавых мерапрыемстваў, бібліятэка з чытальнай залай. Таксама ў інтэрнаце прадугледжана 12 кабінетаў для самападрыхтоўкі, будуць працаваць гурткі і студыі. У дворыку абсталяваны спартыўныя пляцоўкі з сучасным пакрыццём. Актыўна адпачываць «купалаўцы» змогуць на чатырох пляцоўках, прадугледжаны і трыбуны для гледачоў на 70 месцаў. Таксама абсталяваны тры навесы для ровараў.
Здаць будынак плануецца да пачатку новага навучальнага года, што амаль на паўгода раней запланаванага тэрміну. Праектная магутнасць новага інтэрната — 1030 месцаў. Можна сказаць, што колькасць месцаў для пражывання іншагародніх студэнтаў удвоіцца. Гэта дае магчымасць забяспечыць інтэрнатам каля 80 % такіх студэнтаў.
Літаральна паўгода таму здадзены аналагічны будынак для студэнтаў-медыкаў. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы на абсталяванне інтэрната выдзелена каля 30 мільёнаў рублёў. Агульны кошт будынка — амаль 50 мільёнаў.
Маргарыта УШКЕВІЧ
У Петрыкаве з'явілася сучасная вяслярная база. Старая вучэбна-трэніровачная пляцоўка па веславанні, пабудаваная ў 80-х гадах мінулага стагоддзя, знаходзілася ў аварыйным стане. Уладальнік спартыўнага аб'екта — Гомельскае абласное аб'яднанне прафсаюзаў — прыняў рашэнне знесці стары будынак, а на яго месцы ўзвесці новы.
Цяпер база адпавядае ўсім сучасным патрабаванням. Набыты новыя лодкі. Апроч таго, падарунак ад Міністэрства спорту і турызму да адкрыцця аб'екта — сертыфікат на 5 тысяч рублёў — пойдзе на закупку вяслярных трэнажораў.
Зараз на вяслярнай базе ў Петрыкаве пастаянна займаюцца 60 спартсменаў. Але ў раённным цэнтры ўпэўнены, што колькасць ахвотных стаць выхаванцамі-веслярамі на новым аб'екце павялічыцца. Дарэчы, сярод гучных імёнаў, якія ўслаўляюць вяслярную школу ў Петрыкаве, — двухразовы бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў, трохразовы пераможца Еўрапейскіх гульняў, чэмпіёнка свету, Еўропы і нацыянальных першынстваў Марына Літвінчук.
Між тым у пасёлку Юбілейны Гомельскага раёна 36 шматдзетных сем'яў атрымалі ключы ад кватэр у новым доме. Жыллё пабудавана пры дзяржпадтрымцы згодна з Указам Прэзідэнта № 240. Кватэры палепшанай планіроўкі абсталяваны неабходнымі прыборамі ўліку рэсурсаў.
Летась на тэрыторыі Гомельскага раёна больш за 100 шматдзетных сем'яў змаглі палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. У першым паўгоддзі ў раёне ўведзена ў эксплуатацыю каля 18 тысяч «квадратаў» жылля, а навасёламі сталі 40 шматдзетных сем'яў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[3] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[4] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[5] https://zviazda.by/be/author/syargey-starynau
[6] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[7] https://zviazda.by/be/gramadstva
[8] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[9] https://zviazda.by/be/tags/pabudavana-u-belarusi
[10] https://zviazda.by/be/tags/regiyony