Нацыянальны мастацкі музей у супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва прадставіў мемарыяльную выставу «Арлен Кашкурэвіч (1929-2013). Да 90-годдзя з дня нараджэння», піша [1] БЕЛТА са спасылкай на НММ.
«На рэтраспектыўнай выставе — больш за 100 работ, выкананых у графічных тэхніках афорта, літаграфіі, лінагравюры, акварэлі, малюнка тушшу, мяккімі матэрыяламі. Гледачы могуць убачыць творчасць Арлена Кашкурэвіча ў шырокім храналагічным дыяпазоне — пачынаючы ад самых ранніх работ 1959 года да малюнкаў 2010-х гадоў. Аснову мемарыяльнай выставы складаюць манументальныя серыі гравюр і ілюстрацыі кніг, якія ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх і міжнародных выставах і конкурсах і адзначаны высокімі ганаровымі ўзнагародамі», — расказалі ў музеі.
Упершыню адкрыты для гледача малюнкі, жывапіс і шэраг рэдкіх матэрыялаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і сям’і мастака. Выстава дапоўнена жывапіснымі і скульптурнымі творамі, прысвечанымі Арлену Кашкурэвічу. Асноватворнай канцэпцыяй, што аб’ядноўвае ў прасторы выставы творчасць розных гадоў, стала тэма чалавека і горада. Яна раскрываецца ў спавядальнай шчырасці і любові аўтара да людзей.
Народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Арлен Кашкурэвіч належыць да вельмі яркіх майстроў другой палавіны ХХ — пачатку XXI стагоддзя, творы якога атрымалі шырокае прызнанне ў нашай краіне і за мяжой. Адзін з заснавальнікаў школы сучаснай беларускай графікі і найвялікшы майстар кніжнай ілюстрацыі за час сваёй работы аформіў больш за 200 кніг айчынных і замежных аўтараў, прайшоў доўгі прафесійны шлях.
Сваю працоўную дзейнасць мастак пачаў у 1957 годзе, актыўна ўдзельнічаў у рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выставах. Стыль і пластычная мова яго графікі склаліся ў 1960-я гады і заўсёды выклікалі павагу і цікавасць сваёй актуальнасцю і майстэрствам. У творчасці мастак звяртаўся да складаных філасофскіх аспектаў быцця, яго творам характэрна праўдзівае гучанне, без штампаў, бравурных інтанацый. Графіка і ілюстрацыі Арлена Кашкурэвіча вылучаліся смеласцю ў імкненні аўтара спасцігнуць у мастацкім вобразе грані складанага сучаснага свету.
Наведаць выставу можна па 30 жніўня.
Прэв’ю: БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/bolsh-za-100-grafichnyh-rabot-arlena-kashkurevicha-pradstauleny-na-vystave-u-nmm-90103-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[3] https://zviazda.by/be/tags/mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-mastacki-muzey