У аператыўна-дзяжурную службу Барысаўскага РУУС звярнуўся 20-гадовы мясцовы жыхар з паведамленнем аб крадзяжы веласіпеда. Шкоду заяўнік ацаніў у 200 рублёў.
Хлопец распавёў, што пакінуў транспарт у бетоннай агароджы па праспекце Рэвалюцыі. Вярнуўшыся за ім па заканчэнні працоўнага дня, на ранейшым месцы двухколавую машыну ўжо не знайшоў. Па словах пацярпелага, бестурботнасць ён не праяўляў: веласіпед да агароджы быў прымацаваны з дапамогай троса з кодавым замком.
На месца здарэння выбылі супрацоўнікі міліцыі і па гарачых слядах устанавілі, што крадзеж здзейсніла 71-гадовая барысаўчанка, якая пражывае непадалёк. Выкрадзеную маёмасць пенсіянерка схавала ў падвале свайго дома.
Як растлумачыла жанчына, на злачынства яна пайшла спантанна, паколькі вырашыла, што веласіпед знаходзіўся ў «небяспечным» становішчы і яго мог хтосьці выкрасці, паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама.
Следчым камітэтам распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Крадзеж»).
Сяргей РАСОЛЬКА
Фота з сайта УУС Мінскага аблвыканкама
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh
[2] https://zviazda.by/be/tags/pensiyanerka
[3] https://zviazda.by/be/tags/velasiped