Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вольга Петрашова запусціла інтэрнэт-флэшмоб пад назвай #БеларусьПачынаеццазМяне. Ідэя рэалізаваная па просьбе выбаршчыкаў Магілёўскай-Кастрычніцкай акругі № 86.
Народная абранніца паведаміла, што цяпер яе графік запоўнены паездкамі па прадпрыемствах і ўстановах акругі. На мінулым тыдні яна наведала каля 30 працоўных калектываў.
— Традыцыйна маю зносіны з людзьмі на месцах, аднак актыўная электаральная кампанія змяніла вектар тэм на цяперашнюю сітуацыю ў краіне. Ідэя інтэрнэт-акцыі была прапанавана ў час размовы з простымі грамадзянамі Беларусі: настаўнікамі, урачамі, работнікамі заводаў, сферы ЖКГ, бізнесам і моладдзю. Людзі на месцах хацелі выказаць свае думкі. Яны самі запісалі відэа, у якім агучылі ўласнае стаўленне да таго, як важна шанаваць тое, што сёння мы маем, — адзначыла парламентарый.
Удзельнікі флэшмобу — людзі, як правіла, непублічныя.
— Работнікі бюджэтнай сферы, рэальнага сектара эканомікі — тыя, хто самааддана працуе на карысць сваёй сям'і, горада і краіны. Менавіта такое стаўленне чалавека да сваіх абавязкаў на рабочым месцы робіць краіну мацнейшай і дазваляе дамагчыся новых вышынь у прамысловасці, эканоміцы, адукацыі і іншых галінах у будучыні. Сёння можна паўсюдна крытыкаваць усё, не прапануючы нічога наўзамен. А можна паслядоўна і вынікова ўдзельнічаць у вырашэнні надзённых праблем не словам, а справай, — падкрэсліла Вольга Петрашова.
У флэшмобе #БеларусьПачынаеццазМяне ўжо паўдзельнічалі магіляўчане розных прафесій. Водгукі і словы падзякі, прызнання ў любові да Беларусі створаны на рабочых месцах людзьмі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Іх відэа яны прасілі аб'яднаць у адно. Зараз яго можна ўбачыць у сацыяльных сетках депутата. Да акцыі далучаюцца новыя ахвотныя, якія дасылаюць відэазвароты і просяць апублікаваць іх у сацыяльных сетках пад хэштэгам #БеларусьПачынаеццазМяне.
Паводле БелТА
Прэв’ю: hype.tech
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/tags/vybary-2020