Стыхiйнай фотазонай для мiнакоў стала брама перад падворкам.
У госцi да казкi цi, дакладней, да герояў культавых фантастычных кнiг i экранiзаваных гiсторый пераносiць незвычайная кампазiцыя каля прыватнага дома па вулiцы Бочкiна. Iнсталяцыю складаюць сама брама i фiгуры над уваходам.
Сюжет чаканкi нагадвае iлюстрацыю з казкi. Але хтосьцi бачыць у малюнку адсыл да вядомага серыяла «Гульня тронаў». Цэнтральны персанаж кампазiцыi — цмок — здзiўляе перадачай самых дробных дэталяў.
Збудаванне з утылiтарным прызначэннем кожны можа «прачытаць» па-свойму, цяпер ужо як арт-аб'ект, але брама адназначна скарыла сэрцы прыхiльнiкаў раманаў англiйскай пiсьменнiцы Джоан Роўлiнг. Са слупа-дрэва на мiнакоў глядзiць дамавы эльф Добi, а пад iм змясцiўся гаворачы капялюш Грыфiндора з «Гары Потэра».
Аўтар iнсталяцыi — гаспадар домаўладання Аляксей Хомчанка. Гамяльчанiн прачнуўся вядомым, калi фатаграфii яго падворка абляцелi сацыяльныя сеткi, а цiхi куток на вулiцы Бочкiна бы мёдам намазалi для аматараў сэлфi. Вось ужо трэцi тыдзень каля дома гамяльчанiна спыняюцца прахожыя. Людзi разглядаюць дэталi арт-аб'екта, iмкнуцца памацаць фiгуры, фатаграфуюцца, хтосьцi вырашае пагрукаць у браму, каб пазнаёмiцца з уладальнiкам дома.
Дарэчы, гаспадар — скульптар па адукацыi. Ён доўгi час займаецца вырабам малых архiтэктурных формаў з дрэва i металу. Брама каля дома — яго першы маштабны праект. Персанажы кампазiцыi выкананы з металу i арт-бетону. Iх агульная вага — чатыры тоны.
Спыняцца на дасягнутым аўтар металiчна-бетоннай казкi не збiраецца. Ёсць iдэя аформiць у такiм жа стылi сцены дома. У планах — чатырохметровы лясун i вядзьмарка.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/gomel
[4] https://zviazda.by/be/tags/selfi
[5] https://zviazda.by/be/tags/dobrauparadkavanne-terytoryi