У Мінску на спартыўнай пляцоўцы на Цнянскім вадасховішчы прайшоў гарадскі турнір па пляжным валейболе. Яго ўдзельнікі — хлопчыкі і дзяўчынкі, з якімі міліцыянеры праводзяць індывідуальную прафілактычную работу. Рэгламент турніра ўключаў дзевяць камандаў — па адной з кожнага раёна сталіцы. У іх склад уваходзілі не толькі падлеткі, але і інспектары па справах непаўналетніх. У якасці рэферы выступалі суддзі з фізкультурна-аздараўляльнага цэнтра Савецкага раёна. Турнір праводзіўся ГУУС Мінгарвыканкама сумесна з Мінскай гарадской арганізацыяй БРСМ.
Спаборніцтвы адбываліся па алімпійскай сістэме — гэта значыць, каманда, якая прайграла, тут жа выбывала. На жаль, гульню сапсаваў моцны дождж, які раптоўна наляцеў. Але арганізатары тут жа дамовіліся наконт таго, што турнір будзе завершаны ў спартыўнай зале адной са школ, размешчаных побач.
— Гэтыя мерапрыемствы прымеркаваны да агульнарэспубліканскай міжведамаснай праграмы «Клопат», — расказаў намеснік начальніка аддзела прафілактыкі ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Яўген Абрамовіч. — Яна мае мэтай заняць падлеткаў улетку карыснымі справамі і не дапусціць таго, каб яны парушалі закон і рызыкавалі сваім жыццём і здароўем. Каманды сфарміраваны так, што ў кожную абавязкова ўваходзяць не толькі дзеці, але і адзін інспектар па справах непаўналетніх. Такім чынам яны збліжаюцца ў нефармальнай абстаноўцы, каб падлетак убачыў у міліцыянеры чалавека, які можа прыйсці на дапамогу.
Раённыя каманды спаборнічаюць адна з адной у розных відах спорту. Гэта не толькі пляжны валейбол, але і футбол, і настольны тэніс, і лазертаг, і стральба з пнеўматычнай вінтоўкі.
Тройку прызёраў турніру па пляжным валейболе ўзначаліў Савецкі раён. Прадстаўнікі Фрунзенскага і Цэнтральнага занялі другое і трэцяе месцы адпаведна. Усе яны атрымалі граматы, медалі і сувеніры.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/padletki
[4] https://zviazda.by/be/tags/nepaunaletniya
[5] https://zviazda.by/be/tags/inspektar-pa-spravah-nepaunaletnih
[6] https://zviazda.by/be/tags/milicyya