Укаранiць сэрвiс TIX i сiстэму «Аплата» ў салонах 2,5 тысячы адзiнак рухомага саставу сталiцы плануюць да 1 верасня.
Пра гэта паведамляе Мiнгарвыканкам у сваiм афiцыйным тэлеграм-канале.
— Мы бачым, што сучасныя спосабы аплаты праезду запатрабаваныя ў гараджан, i стараемся стварыць для iх зручнасцi. Абедзве сiстэмы зарэкамендавалi сябе добра. Пытанне толькi ў тым, каму з пасажыраў якая зручней. Таму дадзiм людзям выбар: даступныя будуць дзве сiстэмы аплаты з дапамогай мабiльных праграм, кожны скарыстаецца той, якая яму больш даспадобы, — кажа намеснiк старшынi Мiнгарвыканкама Аляксандр ДАРАХОВIЧ.
Як адзначылi ў выканкаме, пастаўлена задача, каб да 1 верасня аплату праезду анлайн укаранiлi i ва ўсёй сетцы маршрутных таксi сталiцы.
Будзе развiвацца i аплата праезду ў метро з дапамогай сканавання твару. Яе ўжо пратэсцiравалi, яна працуе без збояў. У хуткiм часе сiстэму ўвядуць на трэцяй лiнii метро, а затым распаўсюдзяць на першай i другой лiнiях.
Дарэчы, аплацiць праезд смартфонам ужо цяпер можна ва ўсiх сталiчных трамваях: у рухомым саставе сталiчных трамвайных маршрутаў укаранiлi сiстэму TIX. Магчымасць аплаты праезду смартфонам дзейнiчае з 21 лiпеня.
Каб скарыстацца вiртуальнай аплатай праезду, пасажыру неабходна спампаваць у GooglePlay або AppStore праграму TIX ды прывязаць да яе сваю банкаўскую картку: Visa, MasterCard, БелКарт. Сэрвiс прадстаўлены на рускай, беларускай, англiйскай i польскай мовах.
Аплацiць бiлет можна проста на прыпынку, калi патрэбны транспарт яшчэ толькi пад'язджае. У праграме адлюструюцца нумар маршруту i прапанова зрабiць аплату.
Акрамя таго, у TIX можна набыць бiлет, а затым, апынуўшыся ў салоне транспартнага сродку, абраць кнопку «Аплацiць» насупраць патрэбнага нумара транспарту.
Нагадаем, з 4 мая TIX дзейнiчае ў аўтобусных маршрутах № 1 i № 100.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/gramadski-transpart
[3] https://zviazda.by/be/tags/aplata-praezdu