Цэнтралізаванае тэсціраванне ў рэзервовыя дні стартуе сёння ў Беларусі. Выпрабаванне плануюць здаваць 1335 чалавек — тыя, хто з паважных прычынаў не змаглі яго прайсці ў асноўны дзень. Пры гэтым камісія разглядала кожны выпадак індывідуальна, паведамляе [1] БелТА.
У першы рэзервовы дзень здаваць ЦТ будуць 711 абітурыентаў. «Па прадметах лідзіруюць матэматыка і руская мова, на якія зарэгістравана 158 і 155 абітурыентаў адпаведна, — распавяла намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Наталля Вайцяховіч. — Заяўлены практычна ўсе прадметы. У першы дзень цэнтралізаванага тэставання ў рэзервовыя дні з замежных моваў не будуць здавацца іспанская і французская, а таксама геаграфія і сусветная гісторыя».
ЦТ у рэзервовыя дні пачынаецца, як і ў асноўныя, у 11.00.
У кожнай вобласці вызначаны пункт здачы ЦТ у рэзервовыя дні, усяго іх шэсць. Тэсціраванне пройдзе на базе Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.О.Сухога.
Рэзервовыя дні цэнтралізаванага тэсціравання: 19 і 21 ліпеня — беларуская і руская мовы, 19 і 23 ліпеня — грамадазнаўства, матэматыка, біялогія, замежная мова, хімія, фізіка, гісторыя Беларусі, геаграфія, сусветная гісторыя (найноўшы час).
Сертыфікаты ЦТ у пунктах яго правядзення абітурыентам пачнуць выдаваць з 24 ліпеня, тым, хто здаваў ЦТ у рэзервовыя дні, — з 29 ліпеня.
Прэв’ю: adukar.by
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/v-belarusi-startuet-tst-v-rezervnye-dni-399126-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/centralizavanae-tesciravanne
[3] https://zviazda.by/be/tags/rezervovyya-dni