Новую оперу для дзяцей «Пiнокiа» прадставiць гледачам у канцы 2020-га Вялiкi тэатр Беларусi. Канцэпцыю пастаноўкi паводле казачнай гiсторыi Карла Калодзi абмяркоўвалi днямi на мастацкай радзе.
Упершыню опера нямецкага кампазiтара Глорыi Брунi «Пiнокiа» была пастаўлена не так даўно — прэм'ера адбылася ў 2008-м у Гамбургу, далей эстафету падхапiлi тэатры Неапаля, Пармы, Лондана. У Беларусi ж за ўвасабленне знакамiтай казкi ўзялiся рэжысёр Наталля Бараноўская (для яе гэта будзе рэжысёрскi дэбют на вялiкай сцэне), мастачка Любоў Сiдзельнiкава i дырыжор Уладзiмiр Авадок — дарэчы, з яго падачы аўтар оперы, якая ўхвалiла беларускую рэдакцыю спектакля, нават дапiсала некалькi нумароў.
Як мяркуе рэжысёр, аповед пра ператварэнне драўлянай лялькi ў чалавека будзе цiкавы i актуальны для маленькiх гледачоў, бо ў вобразнай, гульнявой форме закранае сур'ёзныя пытаннi дабра i зла, вучыць прызнаваць свае памылкi i выпраўляць iх. Пiнокiа i Бурацiна, якiх многiя блытаюць, зусiм не тоесныя героi, падкрэслiвае Наталля Бараноўская: у адрозненне ад свайго маладзейшага сабрата з казкi Аляксея Талстога «Залаты ключык, цi Прыгоды Бурацiна» (1936 год), Пiнокiа ахвяруе жыццём дзеля iншага, таму i становiцца чалавекам. Рознiцу сюжэтаў узмацняць i iншыя дзеючыя персанажы, сярод якiх гледачы не ўбачаць звыклых Мальвiны, Артэмона i П'еро, затое сустрэнуць Пясочнага чалавека, i сцэнiчнае афармленне — мультыплiкацыя, пясочныя карцiны i нават адсылкi да творчасцi Леанарда да Вiнчы.
Прэм'ера дзiцячай оперы на сцэне Вялiкага тэатра Беларусi запланавана на снежань, як мяркуецца ў днi школьных канiкул. Але ўжо зараз у тэатры шукаюць будучых выканаўцаў галоўных партый — Пiнокiа, Феi, Лiсы, Ката, Джэпета i Цвыркуна. Анкеты i фотаздымкi ад ахвотных прайсцi жывое праслухоўванне прымаюцца да 27 жнiўня праз электронную пошту competition@bolshoibelarus.by [4], а сам кастынг пройдзе 5 верасня.
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Фота pinocchioopera.org
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] mailto:competition@bolshoibelarus.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[6] https://zviazda.by/be/tags/vyaliki-teatr-belarusi