Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 263 «Аб праекце міжнароднага дагавора», якім адобрыў праект пратакола аб унясенні змяненняў у міжурадавае пагадненне з Расіяй аб прадастаўленні ўраду Беларусі дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе [1] БЕЛТА.
Праект пратакола ухвалены ў якасці асновы для перамоў. На іх правядзенне і падпісанне пратакола ўпаўнаважаны ўрад Беларусі.
Яшчэ адным указам Аляксандр Лукашэнка адобрыў у якасці асновы для перамоў праект Пратакола аб унясенні змяненняў у пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве атамнай электрастанцыі. Кіраўнік дзяржавы ўпаўнаважыў беларускі ўрад на правядзенне перамоў па праекце пратакола і падпісанне дакумента. У адпаведнасці з указам, пратакол будзе часова прымяняцца з даты яго падпісання да ўступлення ў сілу.
Як паведамлялася, у чэрвені праект пратакола аб унясенні змяненняў у пагадненне аб прадастаўленні Беларусі крэдыту для будаўніцтва АЭС быў ухвалены урадам Расіі. Мяркуецца падаўжэнне перыяду выкарыстання крэдыту на два гады — да канца 2022-га. Акрамя таго, усталёўваецца фіксаваная працэнтная стаўка па крэдыце ў памеры 3,3 % гадавых, а таксама пераносіцца дата пачатку пагашэння асноўнай пазыкі па крэдыце з 1 красавіка 2021 года на 1 красавіка 2023-га.
Прэв’ю: БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/president/view/v-belarusi-odobren-proekt-protokola-ob-izmenenijah-v-soglashenie-o-rossijskom-kredite-na-belaes-398162-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaes-0