Арыгінал Радзівілаўскай Бібліі, які захоўваецца ў Музеі гісторыі горада Брэста, плануюць алічбаваць, паведаміла БЕЛТА [1] дырэктар музея Святлана Тамчук.
«Нацыянальная бібліятэка Беларусі дала дабро на аблічбоўку нашай Бібліі, - распавяла Святлана Тамчук. - Арыгінал выдання пагартаць нельга, таму пажадана, каб рарытэты былі ў лічбавым варыянце. Гэта дасць магчымасць усім жадаючым, у тым ліку навукоўцам, вывучыць кнігу».
Рэліквія вярнулася ў Брэст у верасні мінулага года. Унікальны асобнік Бібліі жыхарам абласнога цэнтра падарыў кіраўнік дзяржавы на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным тысячагоддзю горада. Упершыню шырокай публіцы кнігу прэзентавалі ў студзені гэтага года. Рарытэт быў выстаўлены на непрацяглы час. Цяпер у брастаўчан і турыстаў зноў з'явілася магчымасць убачыць рэдкі экспанат. Гэта падарунак да Дня вызвалення горада, які абласны цэнтр адзначыць 28 ліпеня.
Біблія надрукавана ў 1563 годзе ў Брэсцкай друкарні па ініцыятыве і на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага. Унікальнасць асобніка ў тым, што ў ім захаваліся два гравіраваныя тытульныя аркушы для Старога і Новага Запаветаў. Кніга ўпрыгожана шматлікімі гравюрамі, загалоўнымі літарамі.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/culture/view/podarennyj-brestu-original-radzivillovskoj-biblii-planirujut-otsifrovat-397844-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kultura