«У нас пабудаваная сiстэма, якая забяспечвае аказанне насельнiцтву кардыялагiчнай дапамогi па сусветных стандартах», — заявiў журналiстам намеснiк прэм'ер-мiнiстра Iгар Петрышэнка па вынiках наведвання РНПЦ «Кардыялогiя».
Вiцэ-прэм'ер агледзеў дыягнастычны i лячэбны корпусы, аддзяленнi анестэзiялогii i рэанiмацыi, функцыянальнай дыягностыкi, ангiяграфiчныя аперацыйныя i паназiраў за будаўнiцтвам корпуса гiбрыднай сардэчна-сасудзiстай хiрургii.
Стварэнне цэнтра гiбрыднай кардыяхiрургii ўключанае ў Дзяржаўную праграму iнавацыйнага развiцця Беларусi на 2016—2020 гады. Будаўнiцтва новага корпуса пачалося вясной гэтага года, завяршэнне запланавана на 2024 гады.
«Усё змяняецца ў гэтым свеце, як, зрэшты, i падыходы ў кардыяхiрургii, — расказаў журналiстам дырэктар РНПЦ «Кардыялогiя» Аляксандр МРОЧАК. — Калi раней гэта былi адкрытыя аперацыi, то сёння тэхналогii даюць магчымасць праз малы разрэз або нават пункцыю правесцi ў сэрца клапан. Размова пра тое, каб магчымасцi ажыццяўлення такога роду аперацый былi ў галоўнага сардэчнага цэнтра краiны. Для гэтага неабходны адпаведныя архiтэктурныя рашэннi i абсталяванне, што ўвасабляецца ў новым будынку, — гэта перспектыва на многiя гады».
Прынцыповае адрозненне гiбрыдных аперацыйных — наяўнасць абсталявання для вiзуалiзацыi. Для кардыяхiрургаў гэта сучасныя ангiёграфы, больш бяспечныя, чым апараты папярэдняга пакалення. Новыя прыборы валодаюць яшчэ i функцыяй камп'ютарнай тамаграфii. Гэта дазваляе хiрургу дакладна планаваць ход аперацыi i з улiкам нюансаў, якiя ўзнiкаюць на хiрургiчным стале, змяняць сваю тактыку.
Па словах Аляксандра Мрочака, гiбрыдныя аперацыi могуць праходзiць нават калi пацыент у прытомнасцi, пад мясцовай анестэзiяй, што змяншае рызыку лятальных вынiкаў, забяспечвае больш паспяховую рэабiлiтацыю i больш хуткае вяртанне да нармальнага жыцця i работы.
Цяпер у Беларусi можна атрымаць практычна любую кардыялагiчную дапамогу, больш за тое — не толькi ў Мiнску, але i абласных цэнтрах. «Практычна ўся сардэчная паталогiя канцэнтруецца ў нас, — расказаў Аляксандр Мрочак. — Ёсць некаторыя кiрункi, вельмi вузкiя, дзе мы не маем дастатковага вопыту, бо такiх пацыентаў у нас няшмат. Тады даём згоду, каб такога пацыента лячылi за мяжой. Але, па-мойму, за апошнiя пяць гадоў нiхто за мяжу лячыцца не з'язджаў».
Раней вялiкая колькасць хворых на арытмiю беларусаў вымушана была ехаць па лячэнне ў Лiтву, сёння айчынныя ўрачы ўсе аперацыi па наладжваннi рытму робяць самастойна i нават у нечым перагналi лiтоўскiх калег, кажа дырэктар цэнтра.
РНПЦ «Кардыялогiя» робiць 3378 аперацый у год, i гэта менш за палову ад агульнай колькасцi аперацый на сэрцы па краiне. Першая нацыянальная праграма па дэмаграфiчнай бяспецы прадугледжвала адкрыццё аддзяленняў кардыяхiрургii ў абласных цэнтрах. Цяпер яны дасягнулi такога ўзроўню, што робяць большую частку хiрургiчнага лячэння. РНПЦ бярэ самыя складаныя выпадкi, а калi хворы нетранспартабельны, брыгада сталiчных урачоў выязджае ў рэгiён.
З 2009 года ў Беларусi праводзяцца аперацыi па трансплантацыi сэрца. З таго часу i да пачатку гэтага года выканана 367 такiх аперацый, у тым лiку 76 — замежным пацыентам. Трансплантацыя — галоўны артыкул экспарту паслуг РНПЦ «Кардыялогiя». Сюды прыязджалi па дапамогу з 21 краiны Еўропы, Канады, ЗША, Венесуэлы, Кубы, Iзраiля, краiн постсавецкай прасторы. А Украiна падпiсала дамову на ўзроўнi Мiнiстэрства аховы здароўя i нават авансуе аплату наперад.
«Па вынiках мiнулага года экспарт паслуг РНПЦ «Кардыялогiя» склаў больш за 1,8 мiльёна долараў», — паведамiў Iгар Петрышэнка журналiстам i выказаў надзею, што з уводам новых аперацыйных ужо ў жнiўнi гэтага года, а пазней i новага корпуса, вырасце аб'ём аказання дапамогi i беларусам, i замежным пацыентам.
На сустрэчы з вiцэ-прэм'ерам кардыёлагi закранулi i праблемныя пытаннi, з якiмi сутыкаюцца, — такiя, у прыватнасцi, як тэхналагiчная бяспека. «Вельмi вялiкая колькасць расходных матэрыялаў забяспечвае гiбрыдную хiрургiю i вялiкiя кардыялагiчныя аперацыi, — расказаў прадстаўнiку ўрада дырэктар РНПЦ. — На жаль, амаль усё гэта iмпартнае. Пытанне ўжо ўзнiмалася, але пакуль беспаспяхова». Ёсць два прадпрыемствы, якiя сёння рэальна аказваюць дапамогу кардыяхiрургам, але гэтага недастаткова.
Вiцэ-прэм'ер адзначыў, што ўсе праблемныя пытаннi будуць узятыя кiраўнiцтвам краiны пад увагу.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[5] https://zviazda.by/be/tags/kardyyalogiya