Ва ўсіх абласцях краіны ў бліжэйшыя гады з’явяцца новыя сучасныя спартыўныя аб’екты. Такое меркаванне сёння ў час адкрыцця фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Навагрудку выказаў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, перадае [1] БЕЛТА.
Комплекс, які атрымаў назву «Лідар», узвялі на вуліцы Драздовіча ў маладым і густанаселеным жылым раёне Навагрудка. Новы комплекс уключае спартыўную залу з трыбунамі на 750 месцаў, 25-метровы басейн, трэнажорную і фітнес-залы, спартыўныя памяшканні для заняткаў лёгкай атлетыкай, а таксама кафэ.
«Штогод мы адкрываем некалькі такіх спартыўных збудаванняў. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці ў пачатку гэтага года аналагічны комплекс пачаў працаваць у Астраўцы. Пастаўлена задача, каб у кожным раённым цэнтры былі такія аб’екты», — адзначыў Сяргей Кавальчук. Ён падкрэсліў, што ў кожнай з абласцей у бліжэйшыя пяць гадоў запланавана будаўніцтва як мінімум 2-3 такіх або падобных спартыўных комплексаў. У прыватнасці, у Гродзенскай вобласці фізкультурна-аздараўленчы комплекс з’явіцца ў Слоніме.
Гэтыя аб’екты, паводле слоў міністра, важныя і для развіцця прыярытэтных відаў спорту. Такіх, напрыклад, як плаванне, у якім на Алімпійскіх гульнях разыгрываецца звыш трох дзясяткаў камплектаў узнагарод, а таксама лёгкая атлетыка, футбол, гандбол, валейбол і баскетбол. Умовы даюць магчымасць займацца на базе комплексу ўвесь год.
«Не менш важна і развіццё масавага спорту. Месца для ўзвядзення комплексу выбрана вельмі ўдачна: вакол малады жылы раён, нямала сем’яў з дзецьмі», — адзначыў Сяргей Кавальчук. Ён выказаў упэўненасць, што аб’ект будзе запатрабаваны жыхарамі.
Прэв’ю: etcetera.media
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/society/view/kavalchuk-u-blizhejshyja-gady-u-dvuh-troh-raenah-kozhnaj-voblastsi-zjavjatstsa-novyja-spartyunyja-89280-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kavalchuk
[4] https://zviazda.by/be/tags/spartyunyya-abekty
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-sportu-i-turyzmu