Увечары 5 ліпеня аператару кантакт-цэнтра Беларускай чыгункі патэлефанаваў мужчына і паведаміў, што ў Баранавіцкім раёне рыхтуецца надзвычайнае здарэнне. Са слоў абанента, яно павінна было адбыцца на ўчастку чыгункі паміж райцэнтрам і станцыяй Мордзічы. Далей аналагічныя званкі паступілі аператарам іншых экстранных службаў у Мінску і Баранавічах, паведамляе МУС [1].
Пазначаны ўчастак чыгункі абследавалі сапёры - выбуховыя прылады і выбухованебяспечныя рэчывы яны не выявілі.
Аператыўнікі транспартнай міліцыі высветлілі асобу таго, хто званіў. Ім аказаўся 34-гадовы жыхар Баранавіцкага раёна, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Яго затрымалі і адправілі ў ІЧУ.
Зараз следчыя праводзяць праверку і ў бліжэйшы час дадуць прававую ацэнку дзеянням вяскоўца. Вядома, што за апошнія два гады ён двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за заведама ілжывае паведамленне, а таксама за абразу міліцыянера і непадпарадкаванне яго законнаму патрабаванню.
Спасылкі
[1] https://t.me/skgovby
[2] https://zviazda.by/be/tags/baranavicki-rayon
[3] https://zviazda.by/be/tags/zdarenne