Ва Урадзе абмеркавалі праекты па павелічэнні таваразвароту з Венгрыяй
Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка правёў сустрэчу з венгерскай дэлегацыяй на чале з Прэм’ер-міністрам Віктарам Орбанам. Гэта была першая міжнародная сустрэча на новай пасадзе для Рамана Галоўчанкі. Абмяркоўвалася двухбаковае супрацоўніцтва па цэлым спектры напрамкаў: ад машынабудавання да сельскай гаспадаркі.
Дзве краіны — важныя гандлёва-эканамічныя партнёры. Гэта добра прыкметна і па фармаце сустрэчы: нягледзячы на пандэмію каранавіруса, Прэм’ер-міністр Венгрыі вырашыў прыехаць у Беларусь асабіста. Раман Галоўчанка асабліва падзякаваў за гэта свайго калегу:
— Падчас, калі ўся міжнародная дзейнасць перайшла ў віртуальную прастору, тое, што ў Беларусь прыбыла такая прадстаўнічая дэлегацыя, — вельмі добры знак.
Прэм’ер-міністр Беларусі асабліва падкрэсліў важнасць Венгрыі ў якасці партнёра Беларусі:
— Дзякую вам за вельмі канструктыўную і партнёрскую атмасферу, якую мы маем ва ўзаемным супрацоўніцтве. Гэта прыкметна адбіваецца і на тым, як растуць практычныя вынікі: павялічваецца аб’ём узаемнага гандлю, Беларусь традыцыйна ўваходзіць у спіс вядучых партнёраў Венгрыі.
Кіраўнік беларускага Урада таксама выказаў упэўненасць у тым, што павелічэнне таваразвароту дзвюх краін да 500 млн еўра на працягу бліжэйшых двух-трох гадоў, — рэалізуемая задача.
Прэм’ер-міністр таксама нагадаў, што ў маі адбылася двухбаковая міжурадавая камісія, на якой падрабязна абмяркоўваліся пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва:
— Увесь парадак бліжэйшых перспектыў вядомы, і засталося толькі настойліва яго рэалізоўваць. Вельмі правільна і добра, што гэта дарога з двухбаковым рухам. Нашы праекты ўключаюць як прыцягненне і выкарыстанне беларускіх тэхналогій у Венгрыі ў такіх сферах, як машынабудаванне, будаўніцтва, так і венгерскіх тэхналогій у Беларусі — у сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы. Гэта вельмі збалансаваны падыход. Усе гэтыя праекты ўвязаныя з дабрабытам людзей, працоўнымі месцамі, занятасцю.
Акрамя таго, Раман Галоўчанка прапанаваў венгерскім партнёрам скарыстацца досведам Беларусі ў распрацоўцы і вытворчасці электратранспарту.
У сваю чаргу Віктар Орбан выказаў надзею на плённае супрацоўніцтва ў найбліжэйшай будучыні:
— Віншую вашу краіну з тым парадкам, які я бачу ўсюды. Віншую з тымі паказчыкамі, дакладней, з той працай, якая за гэтымі паказчыкамі стаіць.
Аляксей Фядосаў