Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі запрашае мінчан і гасцей сталіцы з 3 па 12 ліпеня на цвіценне дэкаратыўнай калекцыі руж, паведамілі [1] БЕЛТА ва ўстанове.
Калекцыя руж батанічнага саду з’яўляецца нацыянальным здабыткам краіны. Тут прадстаўлены сарты беларускай, украінскай, французскай, нямецкай і казахскай селекцыі. У гэтым годзе калекцыя папоўнілася аранжавымі і цёмна-фіялетавымі чайна-гібрыднымі ружамі, ёсць і новыя сарты пляцістых руж. Усяго ў калекцыі больш за 300 сартоў.
3-4 ліпеня будзе арганізавана сямейная інтэрактыўная прагулка «Квітнеючы сад». Наведвальнікаў чакаюць займальны марафон, пазнавальныя маршруты для дзяцей і дарослых па самых прыгожых кутках батанічнага саду, класічная музыка ў ружоўніку і шмат іншага.
У батанічным садзе ўлічылі рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя. Таму ўсе заданні будуць выконвацца дыстанцыйна з выкарыстаннем смартфонаў. Для больш камфортнага выканання заданняў маршруты перасякацца не будуць.
Таксама 3 ліпеня адбудзецца «Захапляючы марафон». Ён пачнецца з самай раніцы ў анлайн-фармаце. Кожную гадзіну на старонцы батанічнага саду ў Instagram будуць з’яўляцца новыя эфіры з карыснай інфармацыяй пра ружы, заняткамі для дзяцей і дарослых ёгай, нейрагімнастыкай, зумбай.
Дарэчы, усе наведвальнікі змогуць прыняць удзел у фотамарафоне (з улікам беражлівых адносін да калекцыі руж). Для гэтага неабходна сфатаграфаваць ружы ў батанічным садзе і выкласці ў Instagram з хэштэгам #cbg_minsk. Прыз — букет руж. Уладальніка букета вызначаць у прамым эфіры экалагічнага ток-шоу, якое будзе трансліравацца ў Instagram батанічнага саду @botanicalgardenminsk.
Прэв’ю: cvetok.by
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/batanichny-sad-zaprashae-paljubavatstsa-kvitnejuchymi-ruzhami-i-prynjats-udzel-u-interaktyunaj-pragultsy-88997-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/ruzhy
[3] https://zviazda.by/be/tags/ruzha
[4] https://zviazda.by/be/tags/batanichny-sad