Жыццёвага досведу ў падлеткаў, як правіла, вельмі мала. І часам бывае, што хлопец ці дзяўчына аступіліся, збочылі па сваёй недасведчанасці «не туды». Але злачынства, якое яны здзейснілі, да разраду цяжкіх не адносіцца. І гэта — далёка не падстава ставіць на іх крыж.
Раней такія дзеці траплялі на ўлік у дзіцячы пакой міліцыі. Ад гэтага словазлучэння і дагэтуль павявае карным ухілам. Аднак часы мяняюцца. Дзіцячыя пакоі былі рэарганізаваны ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Іх задача — зрабіць усё магчымае, каб вярнуць маладога чалавека на правільныя рэйкі.
Пра тое, як гэта адбываецца, «Звязда» пагутарыла з начальнікам аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Сяргеем Янкоўскім.
— Чым адрозніваецца сучасная інспекцыя па справах непаўналетніх ад колішняга дзіцячага пакоя міліцыі?
— Зараз вельмі актыўна ідзе пераход ад адміністрацыйна-карных мер да комплекснай сацыяльнай і індывідуальнай прафілактыкі злачынстваў. Мы імкнемся дапамагчы падлетку — ва ўсебаковым развіцці, культурным складніку, аказаць яму псіхалагічную, педагагічную і сацыяльна-прававую падтрымку. Гэта значыць — стварыць усе неабходныя ўмовы для таго, каб падлетак, які аднойчы аступіўся, вярнуўся назад у законапаслухмянае грамадства.
— Але ці не з'яўляецца пападанне ў спісы інспекцыі своеасаблівай «чорнай меткай»?
— Хацелася б адзначыць, што «чорную метку», як правільна зазначана, на дзіцяці ў першую чаргу ставіць соцыум. Вось менавіта для выключэння залішняй стыгматызацыі грамадствам Міністэрствам унутраных спраў пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі ў 2020 годзе зняты прафілактычныя ролікі «Мы ніколі не ведаем усёй гісторыі» і «Падлетак». Яны расказваюць пра няпросты лёс дзяцей і заклікаюць ставіцца да іх спагадлівей.
Заканадаўчыя падыходы работы міліцыянераў з падлеткамі былі канцэптуальна зменены ў 2017 годзе, калі прынялі змяненні ў закон «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх».
Была скасавана пастаноўка на ўлік, як вынік — мы пачалі праводзіць індывідуальную прафілактычную работу з падлеткамі. Звяртаю ўвагу: не ставіць на ўлік у міліцыю, а праводзіць індывідуальную прафілактычную работу. Для яе, у сваю чаргу, скараціўся пералік катэгорый непаўналетніх. З яго былі выключаны нязначныя правапарушэнні — напрыклад, безбілетны праезд у грамадскім транспарце. Фармальна з падлеткам, які аднойчы праехаў «зайцам», можна было працаваць ажно да 18 гадоў. Цяпер жа па ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў уведзеныя канкрэтныя тэрміны правядзення індывідуальнай прафілактычнай работы, якія не перавышаюць дванаццаці месяцаў. Акрамя таго, такая работа не ўплывае ў далейшым на жыццё падлетка.
Што цікава, сярод «цяжкіх» падлеткаў хлопчыкаў і дзяўчынак прыкладна пароўну. З імі працуюць не толькі міліцыянеры, але і псіхолагі — як школьныя, так і сацыяльна-педагагічных цэнтраў.
— Якая зараз у нашай краіне назіраецца абстаноўка з падлеткавай злачыннасцю?
— Аналіз аператыўнай абстаноўкі ў маі 2020 года паказаў, што злачынстваў, якія ўчынілі непаўналетнія, або якія адбыліся з іх удзелам, стала менш на 10 з лішнім працэнтаў. Калі ў абсалютных лічбах, то іх колькасць знізілася з 602 да 540. Але калі паглядзець на асобныя віды злачынстваў, то павялічылася колькасць крадзяжоў. Летась было 231, а цяпер 245. Найбольшы рост іх адзначаны ў Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях. Між іншым, крадзяжы — гэта самае распаўсюджанае злачынства сярод падлеткаў. Іх удзельная вага складае каля 45 %.
Вырасла і колькасць махлярстваў — калі іх было за першыя пяць месяцаў мінулага года зарэгістравана 3, то цяпер 10. Але пры гэтым цікава, што ахвярамі непаўналетніх махляроў становяцца не толькі іх аднагодкі, але і дарослыя. Мы сутыкаліся ўжо не раз з тым, што дзеці просяць знаёмых дарослых набыць у растэрміноўку або крэдыт новы дарагі тэлефон. Пры гэтым малы пераконвае, што ён сам будзе плаціць грошы па дамове. І дарослыя, як ні дзіўна, пагаджаюцца! Але вуснамі дзіцяці ісціна тут не гаворыць. Дзе ж ён возьме столькі грошай?
Агульная тэндэнцыя — рост крадзяжоў шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі. Датычна падлеткаў колькасць такіх выпадкаў вырасла з 38 да 61. Адметна, што палова іх прыходзіцца на крадзяжы грошай абанентаў сотавай сувязі праз мабільны банкінг.
Здавалася б, што можа быць падазронага ў тым, што знешне прыстойна апрануты падлетак просіць у вас тэлефон пазваніць ці адправіць паведамленне? Падсвядома трывога не ўзнікае — гэта ж не так званая шпана, якая можа збегчы з вашым апаратам. Але насамрэч такі малы можа мець на ўвазе зусім іншыя мэты.
Як толькі ён атрымлівае доступ да чужога смартфона, ён тут жа актывуе паслугу мабільнага банкінгу. Пры яго дапамозе можна ажыццяўляць грашовыя аперацыі з асабістага рахунку ў аператара і, больш за тое, атрымаць лімітаваную мікрапазыку. Сума, якая паступае на рахунак гаспадару тэлефона, за некалькі секундаў пераводзіцца зламысніку — на яго абаненцкі нумар ці банкаўскі рахунак. За імі могуць адправіцца і ўсе грошы, якія ў гэты момант залічаны на баланс тэлефона. Падлетак вяртае тэлефон — і ў выніку вы мусіце пагашаць мікрапазыку, якую не бралі, плаціць за гэта працэнты ды яшчэ і застаяцеся з нулём на ўласным рахунку. Вось такія могуць быць наступствы, здавалася б, з-за бяскрыўднай просьбы.
Па-ранейшаму падлеткі крадуць пластыкавыя карткі і расплачваюцца чужымі грашыма за тавары. Дагэтуль ёсць выпадкі, калі ўладальнікі картак пазначаюць пін-код непасрэдна на пластыку. Але тым самым яны даюць сваімі рукамі злачынцам доступ да грошай. Яшчэ адна памылка — захоўваць пін-код на паперцы ў кашальку побач з карткай. Але і адсутнасць пін-коду — не выратаванне. Сучасныя карткі дазваляюць рабіць невялікія плацяжы без уводу коду. Як правіла, гаворка звычайна ідзе пра грашовыя велічыні ў 10—20 рублёў. Гэтым і карыстаюцца падлеткі, якія, бывае, знаходзяць згубленыя карткі. Аднак гэта той выпадак, калі жаданне набыць за чужы кошт драбязу прывядзе да крымінальнай справы.
— З якімі тэндэнцыямі сутыкаюцца інспектары па справах непаўналетніх? Як змяняецца з цягам часу партрэт падлетка, які трапляе ў поле зроку міліцыянераў?
— Можна сказаць пра тое, што дзеці пачалі «сыходзіць» з вуліц, а ўсё большая частка зносін пераважна адбываецца анлайн. Дапамагаюць у гэтым розныя суполкі ў сацыяльных сетках. Але часам іх магчымасці паварочваюцца на шкодны бок. Ужо не першы год пры дапамозе такіх суполак арганізоўваюцца так званыя «ўпіскі» і «флэты». Гэта вечарыны, якія ладзяцца незнаёмымі паміж сабой людзьмі, якія збіраюцца па аб'явах у віртуальнай прасторы. І такія групы створаны ў большасці гарадоў Беларусі. Напрыклад, у склад мінскай суполкі ўваходзяць звыш 45 тысяч чалавек!
Гэтыя вечарыны праходзяць у кватэрах і катэджах, якія здаюцца ў наём. Іх нязменны атрыбут — распіццё вялікай колькасці спіртнога. У асобных выпадках даходзіць нават да спажывання наркотыкаў. Паколькі ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення знаходзяцца ў адным месцы раней незнаёмыя маладыя людзі, то паміж імі лёгка разгараюцца канфлікты. Слова за слова — і спрэчкі нярэдка пераходзяць у бойкі, а фіналам чарговай «упіскі» становяцца крымінальныя справы.
У сувязі з гэтым я хачу звярнуцца да бацькоў з просьбай больш уважліва ставіцца да паводзін сваіх дзяцей, цікавіцца, дзе яны бавяць час і, галоўнае, з кім.
— Як падапечныя інспектараў уключаюцца ў грамадска-масавую, спартыўную работу?
— Мы ўжо казалі вышэй, што зараз востра стаіць праблема бяспекі дзяцей у інтэрнэце. Зыходзячы з гэтага, неабходна фарміраванне ў іх уяўленняў аб віртуальным і рэальным свеце. Мы ідзём у нагу з часам і распрацоўваем новыя падыходы, якія дазваляюць не толькі навучыць дзіця бяспечным паводзінам, але і зацікавіць яго, арганізаваўшы вольны час. Напрыклад, шмат прафілактычнай інфармацыі распаўсюджваецца намі праз паблікі ў сацыяльных сетках. Яна сікравана як на бацькоў, так і на дзяцей. Але просім і ўсіх неабыякавых людзей падключыцца да гэтай работы, каб абмеркаваць надзённыя праблемы і ўнесці свае прапановы.
Асаблівай увагі патрабуюць падлеткі, з якімі інспекцыі па справах непаўналетніх праводзяць індывідуальную прафілактычную работу. Наша задача — не пакараць, а дапамагчы атрымаць належнае выхаванне.
Таму мы актыўна ўключаем «цяжкіх» падлеткаў у турыстычныя паходы і злёты, экскурсіі з наведваннем помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, турніры па розных відах спорту, у якіх удзельнічаюць каманды з ліку супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх. І ім гэта вельмі падабаецца! У якасці прыкладу можна прывесці рэспубліканскі спартыўна-дабрачынны праект «Смелы крок», арганізаваны сёлета Міністэрствам унутраных спраў ва ўзаемадзеянні з Прэзідэнцкім спартыўным клубам і Беларускай федэрацыяй кікбоксінга. У праекце ўдзельнічаюць 150 дзяцей з Мінскай, Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей, а таксама Мінска. Заняткі арганізуюцца на базе спартыўных залаў аддзелаў унутраных спраў пры дапамозе прафесійных трэнераў.
Валяр’ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/nepaunaletniya
[5] https://zviazda.by/be/tags/padletki
[6] https://zviazda.by/be/tags/inspekcyya-pa-spravah-nepaunaletnih-0