Лічыцца, што горад быў заснаваны ў 974 годзе. Дарэчы, па «ўзросце» ён — другі ў краіне, пасля «калыскі гарадоў беларускіх» — Полацка... Пандэмія ўнесла карэктывы ў маштаб святкавання: большасць мерапрыемстваў можна было ўбачыць у «віртуальным фармаце».
Традыцыйна святкаванне распачынаецца 26-га чэрвеня — у дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кіраўніцтва гарвыканкама, аблвыканкама, дэпутаты, лідары грамадскіх арганізацый усклалі кветкі да манумента вызваліцелям, які знаходзіцца на плошчы Перамогі. Сярод удзельнікаў ганаровай цырымоніі былі і старажылы горада, чый лёс «апалены» вайной... У 1944 годзе савецкіх воінаў сустракалі ўсяго каля 120 гараджан. А да пачатку Вялікай Айчынай вайны ў Віцебску пражывалі 167,3 тысячы чалавек. На сённяшні дзень у горадзе 364,8 тысячы жыхароў.
Узнагароджанне лаўрэатаў звання «Віцябчанін года» — добрая традыцыя падчас святкавання. Вось і сёлета ўшанавалі тых, хто зрабіў горад больш прыгожым, камфортным для пражывання, утульным або ўнёс свой уклад у тое, каб пра Віцебск лепш ведалі за мяжой. Сярод самых дастойных каля дзесяці гараджан: урач хуткай медыцынскай дапамогі Сяргей Мікодзін, генеральны дырэктар ААТ «Даламіт» Іван Бабак, кіраўнік прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Машынабудаўнічая кампанія «Віцебскія пад'ёмнікі» Андрэй Сідараў і іншыя.
Старшыня гарвыканкама Вадзім Заранкін падкрэсліў, што ў Віцебску шмат таленавітых, працавітых, добрасумленных жыхароў, таму выбраць найбольш годных вельмі цяжка.
Што датычыцца мерапрыемстваў, арганізатары трохдзённага святкавання прыдумалі новы спосаб «быць разам, але асобна». Была магчымасць, не выходзячы з дому, убачыць цікавыя выстаўкі, праекты, імпрэзы.
У прыватнасці, у выставачнай зале цэнтра сучаснага мастацтва адбылося адкрыццё анлайн-выстаўкі твораў мясцовых мастакоў «Партрэт горада».
Гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прэзентаваў у віртуальным павуцінні творчы месендж «Віцебск — горад дзяцінства». У праграме былі віншаванні ад гурткоўцаў, канцэртныя нумары, літаратурна-музычныя кампазіцыі.
Бібліятэка імя Горкага ў адной з сацыяльных сетак арганізавала паэтычны марафон...
Але былі падзеі і ў рэале. Каля канцэртнай залы «Віцебск» было чаму прыемна здзівіцца. Тут стартаваў ужо ўпадабаны гараджанам адкрыты гарадскі творчы праект «Віцебскі квАРТал», у рамках якога аматары гісторыі роднага горада змаглі прыняць удзел у аўта-, вела-, пешаходным квэсце «Карта музеяў Віцебска». Самыя хуткія і самыя крэатыўныя гульцы атрымалі памятныя прызы. Вельмі цікавае там жа было мерапрыемства «Зроблена з сэнсам» з удзелам аматараў аўтагуку, а таксама выступленне школы карнавальнай самбы і бразільскіх барабанаў RACCOON BATUCADA...
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk
[4] https://zviazda.by/be/tags/svyata