Кожную нядзелю на тэлеканале «Беларусь 2» ідзе «Тэлебарометр» — праграма, якая расказвае пра надвор'е Беларусі і кліматычныя з'явы ва ўсім свеце, дае меркаванні, даследаванні і прагнозы метэаролагаў і эколагаў, астролагаў і астраномаў, псіхолагаў і арнітолагаў на актуальныя тэмы глабальнага пацяплення, азонавых дзір, тэмпературных рэкордаў і антырэкордаў, прыродных анамалій, магнітных палёў, экасістэм.
Вось ужо шосты год яе нязменным вядучым застаецца Дзмітрый Карась.
— Мне цікавыя нашы госці. Падабаецца каманда, з якой працуем, хоць часам мы і спрачаемся, каб выйгрышна і па-новаму раскрыць нейкую тэму. А пасля заканчэння здымак просім адно ў аднаго прабачэння, — прызнаецца вядучы. — За гады работы на праекце я сустрэўся з вялікай колькасцю цікавых людзей, даведаўся для сябе шмат новага. Напрыклад, вялікі ўплыў у гэтым сэнсе на маё ўспрыманне жыцця ў вёсцы аказаў Іван Крук. З ім мы доўгі час супрацоўнічалі на «Тэлебарометры», і ад яго даведаўся пра розныя традыцыі, абрады, прыкметы. Мы з суседзямі ў вёсцы дагэтуль па яго кніжцы арыентуемся, калі рабіну збіраць і складваць на акне, калі соль смажыць і г. д. Безумоўна, калі сустракаешся з самымі рознымі спецыялістамі, экспертамі ў нейкай галіне, то на некаторыя рэчы твае погляды мяняюцца.
У найбліжэйшым выпуску, здымкі якога ладзілі на свежым паветры, гледачам таксама раскажуць шмат цікавага. Напрыклад, як бараніцца ад камароў, дзе можна сутыкнуцца з кляшчамі і што можа дапамагчы ўратавацца ад сляпнёў. А яшчэ карысна будзе паглядзець чарговы выпуск тым, хто шмат і актыўна працуе на лецішчы, бо адзін з гасцей праграмы раскажа, як за работай на ўчастку не сапсаваць уласнае здароўе.
Алена ДРАПКО
Бліц-апытанне для Дзмітрыя Карася:
Колькі сотак вам трэба для шчасця? — У мяне цяпер ёсць ужо амаль 50 сотак. Магчыма, я выклічу асуджэнне ў тых, хто перакананы, што зямля павінна працаваць і даваць нейкі ўраджай, але мне яна патрэбна менавіта для магчымасці атрымліваць асалоду ад прыроды і адчуваць сябе шчаслівым. Сёлета я адчуў, колькі часу і сіл патрэбна, каб падтрымліваць такі вялікі ўчастак у парадку, таму пакуль што мне дастаткова. А з часам, можа, яшчэ дабаўлю.
Хто ваш дарадца, калі размова ідзе пра жаданне атрымаць удалы ўраджай? — Я не змагаюся за ўраджай. Нават градкі я штогод саджу таму, што думаў (калі толькі набыў участак), што яны там абавязкова павінны быць, каб ты мог есці нешта вырашчанае на ўласным агародзе. Я даволі вялікі шмат зямлі адбіў сабе пад гэтую справу і цяпер проста засаджваю яе. Хоць, бывае, лаўлю сябе на думцы: пакінуць дзве градачкі і не мучыцца. Сёлета пасадзіў ужо брокалі, артышокі, брусельскую капусту, а ў астатнім усё як ва ўсіх — морква, буракі, кроп, цыбуля, часнок і бульба. Я проста высаджваю іх, праполваю ды чакаю, што там вырасце. Адзінае — імкнуся выбіраць бяспечныя ўгнаенні.
Як выбраць добрую садавіну, агародніну на рынку альбо ў краме? — Я арыентуюся выключна на знешні выгляд. Напрыклад, мне не падабаюцца памідоры ружовага колеру, бо для мяне яны нібы пластмасавыя. У краме цяпер купляю толькі капусту, бульбу і агуркі для халадніку, а ў астатнім чакаю, што вырасце ў мяне самога.
Без якіх трох рэчаў вы не выходзіце з дому? — Замест парасона ў мяне дажджавік, але часам яго забываю. А з сабой заўсёды нашу ключы, гаманец і праязны на транспарт.
Ці залежыць ваш настрой ад надвор'я? — Увогуле не. Аднак калі навальніца, і ты ў вёсцы, то бывае страшнавата. Разам з тым у дождж я думаю пра тое, як добра, што сёння не трэба паліваць градкі, а потым можна пайсці ў грыбы. І проста атрымліваю асалоду ад свежасці.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/telebarometr