Ужо традыцыйна ў пачатку лета нас як бы правярае на вытрымку трапiчнае надвор'е. На гэтым тыднi яно чакаецца гарачае i з вялiкай порцыяй ападкаў, паведамляюць спецыялiсты Рэспублiканскага цэнтра па гiдраметэаралогii, кантролi радыеактыўнага забруджвання i манiторынгу навакольнага асяроддзя Мiнпрыроды.
Гэтымi днямi ў шматкiламетровай тоўшчы атмасферы зноў ўсталююцца паўднёва-ўсходнiя плынi. Паветраныя масы зноў пачнуць паступаць да нас з поўдня Еўрапейскай Расii i з Усходняй акваторыi Чорнага мора, дзе назапасiлася вельмi цёплае i вiльготнае паветра. Так што сезон дажджоў у нас, мяркуючы па ўсiм, працягнецца. За мiнулую палову чэрвеня вiльгацi ўжо выпала дастаткова, а па паўночна-ўсходняй частцы краiны ў асобных рэгiёнах ужо i залiшне.
Заўтра ўдзень чакаецца пераменная воблачнасць. Месцамi, пераважна па паўднёвым захадзе краiны, будуць кароткачасовыя дажджы i навальнiцы. Вецер умераны, пры навальнiцах парывiсты. Уначы на сераду будзе ад 14 да 20 цяпла, удзень — плюс 25—31 градус. Пераменная воблачнасць прагназуецца i ў чацвер. Уначы па паўднёвым захадзе, а ўдзень на большай частцы тэрыторыi краiны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальнiцы. Вецер чакаецца паўднёва-ўсходнi ўмераны, пры навальнiцах парывiсты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 15 да плюс 20 градусаў, удзень — плюс 25—31 цяпла.
Паводле папярэднiх прагнозаў айчынных сiноптыкаў, у пятнiцу чакаецца пераменная воблачнасць, з праясненнямi. У разгар дня спякота будзе яшчэ мацнейшая. Уначы месцамi, а ўдзень на большай частцы тэрыторыi краiны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах з навальнiцамi. Вецер будзе ўсходнi ўмераны, пры навальнiцах парывiсты. Тэмпература ўначы складзе ад плюс 15 да плюс 20 градусаў, удзень — плюс 26—32 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore