З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года. У той час Віктару Дзмітрыевічу толькі што споўнілася шэсцьдзясят чатыры гады, Павел Іванавіч быў на два гады старэйшы. Ужо адцвіталі яблыневыя сады, пачыналася бэзавая «эра»: густы водар кветак лунаў над вулкамі прыватных сядзіб. Менавіта з майскім адценнем і атрымаліся гэтыя партрэты: жыхар пасёлка Расоны Павел Рубіс застыў перад фотааб'ектывам з букецікам бэзу, а гамяльчанін Віктар Вятошкін пазіраваў пад белымі антонаўкамі. Даўно няма з намі Паўла Іванавіча, а Віктар Дзмітрыевіч пакінуў свет пяць гадоў таму, але тыя невыпадковыя сустрэчы застаюцца ў памяці, прымушаюць перабіраць фотаздымкі і перагортваць блакноты з іх ваеннымі ўспамінамі.
На фронце вясковыя хлопцы аказаліся пасля вызвалення Беларусі. За плячыма Паўла была ўжо партызанская барацьба, і ён лічыўся «абстраляным мальцам».
— У палявую часць нас забралі ўтрох з аднаго партызанскага атрада, — успамінаў Павел Іванавіч свой першы бой на фронце — пад вёскай Сіроціна Шумілінскага раёна. — Страшны бой — сапраўднае баявое хрышчэнне. Аднаго таварыша параніла, другога забіла асколкам у галаву, мой станковы кулямёт перабіла. З шасцідзесяці салдат засталося толькі васямнаццаць...
З успамінаў Віктара Вятошкіна: «З нашых вёсак Старая і Новая Мільча пайшло на фронт амаль усё мужчынскае насельніцтва. У адным баі мой аднавясковец Іван Жалязнякоў быў смяротна паранены. Пасля вайны і вяртання дадому яго маці часта мяне папракала: чаму не збераглі яе сына?» А самога Віктара на радзіме чакалі бацькі і дзве сястры.
Як і Павел, Віктар пачынаў сваю вайну на тэрыторыі Беларусі. Абодва — пехацінцы, кулямётчык і мінамётчык. Рубіс выглядаў малым, недарослым, насіў боты дзіцячага 39-га памеру, гімнасцёркі — сорак васьмога. Віктар, наадварот, выглядаў высокім, але вельмі хударлявым.
— Мой памер абутку — сорак трэці, а адзення... які выдавалі, — уздыхаў Вятошкін. — Форму мы заўсёды самі падганялі. А яшчэ на вайне мне заўсёды хацелася есці і спаць. Я зайздросціў
танкістам — яны ехалі, а мы ўсё ішлі ды ішлі.Са сваім 82-міліметровым мінамётам Віктар пракрочыў усю Беларусь, пачынаючы з быхаўскіх вышынь, дайшоў да Мінска, потым вызваляў Латвію і Літву, Польшу, дабраўся да нямецкай Эльбы.
— Часта не ведаў, дзе знаходзіцца часць: стралялі то спераду, то ззаду. Калі стаў сяржантам, пачаў разумець вайну... Кожная атака пачыналася гучным заклікам: «Уперад, за Сталіна, за Радзіму!» — згадваў франтавік. — Было шмат злосці, асабліва калі ішоў у атаку. Мандражкі перад боем амаль не было.
Павел Іванавіч Рубіс быў нешматслоўны, размова перапынялася, не клеілася. Напэўна, ён не мог прыгожа апавядаць, а магчыма, і не хацеў дзяліцца балючымі ўспамінамі — паспрабуй перадаць на словах перажыванні! Казаў, што пачаў запісваць свае франтавыя ўспаміны ў дзённік — знайшоў лягчэйшую форму спавядання. Затое Павел быў добрым гарманістам, ведаў традыцыйныя найгрышы, любіў душэўныя песні пра вайну. Але на фронце ў яго гармоніка з сабою не было, бо нёс цяжкі станкавы кулямёт, паліваў з яго фрыцаў злева направа — такая была ў яго смертаносная праца.
— І на вайне пелі песні — у пераходах, на прывалах, у зямлянках, — узгадваў Павел Рубіс. — Песні нас ратавалі, лячылі нашу псіхіку: мы адыходзілі ад бою, забывалі, як забівалі ворага, хавалі сваіх аднапалчан, цярпелі боль і раненні.
А наконт узнагарод і Рубіс, і Вятошкін казалі: «Вялікага ўзрушэння не адчувалі — ордэн Славы лічыўся як медаль, не быў чымсьці выключным».
Анатоль Кляшчук
Ён нарадзіўся ў лютым 1923 года на поўначы Беларусі — у вёсцы Мікуленкі Расонскага раёна. Сям'я жыла небагата. Таму, скончыўшы сямігодку, Павел Іванавіч не пайшоў далей грызці граніт навукі, а пачаў працаваць у мясцовым калгасе. Там яго і заспеў пачатак Вялікай Айчыннай вайны.
Што такое мясціны на стыку Беларусі, Расіі і Латвіі? Часцей за ўсё — велізарныя лясы з нячастымі паселішчамі. Але для немцаў гэты напрамак быў стратэгічна вельмі важны. З латвійскіх партоў, якія яшчэ з царскіх часоў былі «заточаны» пад перавалку
вялікай колькасці грузаў, гэта быў найкарацейшы шлях для немцаў праз Вялікія Лукі да Ржэва і далей да Масквы. Вось таму і дзейнічала на самай поўначы Беларусі і ў памежных раёнах Калінінскай вобласці Расонская партызанская брыгада. У 1942 годзе туды і сышоў Павел Рубіс.
Брыгада злучылася з часцямі Чырвонай Арміі ў пачатку лістапада 1943 года, а 20-гадовы партызан Павел Рубіс неўзабаве быў прызваны ў войска. Першы ўчынак, адзначаны ордэнам Славы ІІІ ступені, ён здзейсніў, яшчэ знаходзячыся ў статусе курсанта вучэбнай роты 156-й стралковай дывізіі, якая ваявала на 1-м Прыбалтыйскім фронце. 26 снежня баі ішлі за вёску Філіпенкі, якая знаходзілася ў Гарадоцкім раёне. Ад прыцэльнага агню нашага героя паляглі больш за дзясятак гітлераўцаў.
А вось да наступнай узнагароды прайшоў амаль год. У верасні 1944-га немцы вельмі моцна супраціўляліся пры наступленні савецкіх войскаў у Латвіі. Крыху пазней сфарміруецца «Курляндскі кацёл», баі ў якім будуць ісці яшчэ некалькі месяцаў пасля капітуляцыі Германіі. А пакуль што гітлераўцы імкнуліся адбіць назад буйны транспартны вузел Елгаву. Баі за яго ішлі настолькі жорсткія, што ў пасляваенны час гэты горад фактычна будавалі з нуля. Аднавіць удалося толькі некалькі гістарычных будынкаў. Блізу Елгавы падраздзяленні Чырвонай Арміі фарсіравалі раку Ліелупе. Варожыя кулямётныя разлікі ўскладнялі пераправу. Камандзір разліку кулямётнай роты 417-га стралковага палка Павел Рубіс, у сваю чаргу, прыкрываў агнём нашых
салдат і падчас бою прымусіў назаўжды змоўкнуць два нямецкія агнявыя пункты.
43-я армія, у складзе якой дзейнічаў 417-ы стралковы полк, пасля была перакінута на ўзяцце Мемеля (цяперашняй Клайпеды) — буйнога марскога порта. 13 студзеня баі разгарэліся паблізу адной з чыгуначных платформ непадалёк ад горада. Кулямётчык Павел Рубіс праявіў там сябе найлепшым чынам — скасіў агнём 130 гітлераўцаў і вывеў са строю станкавы кулямёт разам з разлікам. Падчас вядзення бою непадалёк ад Паўла Рубіса выбухнуў артылерыйскі снарад. Герой нашага аповеду атрымаў кантузію, але поле бою не пакінуў. Атакі немцаў ён адбіваў ажно да таго моманту, пакуль не падаспела падмацаванне. 29 чэрвеня 1945 года Павел Рубіс стаў поўным кавалерам ордэна Славы.
Ён даслужыўся да звання старшыны, але надалей звязваць свой лёс з войскам не захацеў, у 24 гады дэмабілізаваўся і вярнуўся на сваю радзіму, на Расоншчыну. Скончыў Полацкае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі і пасля ўладкаваўся на работу ў Расонскі лясгас. Там і працаваў трактарыстам. Памёр у красавіку 1996 года.
Ён нарадзіўся 10 мая 1925 года ў вёсцы Новая Мільча Гомельскага раёна. Цяпер яе не знайсці на карце Беларусі — у 1980-я гады паселішча паглынуў Гомель. Дзяцінства Віктара Дзмітрыевіча прайшло побач з чыгункай — на стальной магістралі працаваў яго бацька. Да вайны хлопец паспеў скончыць дзевяць класаў і ўжо задумваўся наконт будучай прафесіі, але настала 22 чэрвеня 1941-га...
Шаснаццацігадовы падлетак актыўна ўключыўся ў падрыхтоўку да абароны Гомеля. Ён дапамагаў капаць супрацьтанкавыя рвы. Але калі Гомель у жніўні 1941-га захапілі немцы, юнак быў вымушаны ўсё ж застацца на доўгія два гады пад акупацыяй. За некалькі месяцаў да вызвалення горада яго схапілі гітлераўцы падчас аблавы на вёску, каб адправіць на прымусовыя работы ў Германію. Але ён здолеў уцячы з-пад аховы і хаваўся ў адной з навакольных вёсак. Як толькі Чырвоная Армія вызваліла Гомель, выйшаў са свайго схову.
Тым часам у абласным цэнтры аднавіў работу чыгуначны тэхнікум, і менавіта туды і паступіў на вучобу Віктар Дзмітрыевіч. Ён аўтаматычна атрымаў бронь. Здавалася б, вайна для яго скончана, але... 18-гадовы юнак у адзін з лютаўскіх дзён 1944-га прыходзіць дабравольцам у Гомельскі райваенкамат і просіць накіраваць яго на фронт. Туды ён і трапіў пасля месяца падрыхтоўкі ў запасным стралковым палку блізу горада Старадуб, які месціцца на тэрыторыі Бранскай вобласці. Хлопцу давялося змяніць некалькі вайсковых спецыяльнасцяў, але ўрэшце ён стаў наводчыкам мінамёта. Ваяваў у складзе 82-й стралковай дывізіі, якая падчас аперацыі «Баграціён» вызваляла беларускую зямлю.
Ордэн Славы ІІІ ступені Віктар Вятошкін атрымаў узімку 1945-га. У сярэдзіне студзеня пачалася Вісла-Одэрская стратэгічная аперацыя, мэтай якой быў выхад на подступы да Берліна. Але спярша трэба было прарваць нямецкую абарону на заходнім беразе Віслы. Гэтая мэта ставілася ў тым ліку перад 61-й арміяй, якая брала ўдзел у Варшаўска-Познанскай наступальнай аперацыі. Віктар Вятошкін падчас баёў блізу горада Варка падавіў два нямецкія кулямётныя пункты і прыцэльным агнём знішчыў больш за дзясятак гітлераўцаў.
За час баёў на фронце Віктар Вятошкін паказаў сябе як вельмі дасведчаны баец. Гэта дало падставы для таго, каб павысіць яго да камандзіра мінамётнага разліку. Там жа, у Польшчы, герой нашага аповеду ўпершыню прымераў лычкі малодшага сяржанта.
...У канцы сакавіка 1945-га камандаванне паставіла задачу знішчыць варожы плацдарм на ўсходнім баку Одэра на тэрыторыі сучаснага Заходнепаморскага ваяводства Польшчы. Разлік пад кіраўніцтвам малодшага сяржанта Вятошкіна знішчыў два агнявыя пункты немцаў і каля дзясятка варожых салдат і афіцэраў. Гэта паспрыяла таму, каб пазбавіцца ад пагрозы з боку плацдарма. А Віктар Дзмітрыевіч быў прадстаўлены да ордэна Славы ІІ ступені.
У пачатку мая, калі Трэці рэйх існаваў апошнія дні, Чырвоная Армія імкнулася выйсці да Эльбы, каб сустрэцца там з саюзнікамі. Баі палка, у якім служыў герой нашага аповеду, ішлі ў Саксоніі. Разлік пад камандаваннем сяржанта Вятошкіна ліквідаваў пяць варожых агнявых пунктаў. Літаральна праз дзень 19-гадовы юнак вёў агонь з мінамёта, пры гэтым падстрэліўшы з аўтамата каля дзясятка ворагаў. Ды і свой дваццаты дзень нараджэння, які прыйшоўся на наступныя суткі пасля Перамогі, ён сустрэў у баях з часцямі СС, якія не жадалі капітуляваць.
Віктар Вятошкін быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Славы І ступені ў 1946 годзе. Але... так склалася, што ўзнагарода да салдата своечасова не дайшла. Амаль чвэрць стагоддзя заняў яе шлях. Уручэнне ж адбылося дзякуючы пісьменніку Яўгену Вертлібу. Працуючы ў ваенным архіве ў пачатку 1970-х гадоў, ён знайшоў звесткі пра тое, што Віктар Вятошкін быў прадстаўлены да гэтай высокай узнагароды, аднак чамусьці яе не атрымаў. Хіба была неадкладна выпраўлена.
Віктар Вятошкін стаў адным з вайскоўцаў, якія распісаліся на рэйхстагу. Ён пакінуў надпіс «Гомель. Вятошкін. Мільча». Свой працоўны шлях ён звязаў з фабрыкай «Палесдрук», дзе працаваў ажно да самай пенсіі. Яго працоўныя заслугі ацанілі высока — ордэнам Леніна і званнем «Заслужаны работнік прамысловасці БССР». Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Віктар Вятошкін спачатку жыў у Гомелі, але пасля складанай аперацыі ў 2010-м перабраўся да сваёй дачкі ў сталіцу. У Мінску ён пражыў пяць гадоў. Пахаваны на сваёй радзіме, на могілках былой вёскі Новая Мільча.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/darogami-slavy
[5] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyalikay-peramogi