Пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва падпісаны па выніках пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у фармаце відэаканферэнцыі, перадае БЕЛТА [1].
Адным з ключавых дакументаў, унесеных на разгляд Савета кіраўнікоў урадаў, стаў праект стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд да 2030 года. У дакуменце адлюстраваны ўзгодненыя падыходы краін Садружнасці ў дачыненні да мэтаў, асноўных задач, напрамкаў супрацоўніцтва і механізмаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы. Як распавёў старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, паступала прапанова аб тым, каб у цэлым ухваліць гэты дакумент і адначасова даручыць Выканкаму СНД сумесна з дзяржавамі дапрацаваць праект стратэгіі з улікам новых абставінаў, звязаных з пандэміяй COVID-19.
«Выканкам СНД праводзіў актыўныя кансультацыі з прадстаўнікамі дзяржаў па гэтым пытанні, прапаноўваючы магчымыя варыянты вырашэння. Большасць выступае за зацвярджэнне сёння стратэгіі ў тым выглядзе, у якім яна была ўхваленая Эканамічным саветам СНД. Што тычыцца новых момантаў, якія ўзніклі ў нашым эканамічным узаемадзеянні з прычыны пандэміі, то іх мы абавязкова адлюструем у плане па рэалізацыі стратэгіі. Працу па падрыхтоўцы гэтага плана мы ўжо вядзем і прадставім яго на наступным пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў», — адзначыў ён. Па выніках пасяджэння стратэгія была зацверджаная.
Кіраўнікі ўрадаў падпісалі пагадненні аб сумеснай (аб’яднанай) сістэме сувязі ўзброеных сіл дзяржаў — удзельніц СНД, а таксама аб заснаванні і функцыянаванні Сеткавага ўніверсітэта СНД. Зацверджаны стратэгіі супрацоўніцтва краін СНД на 2021–2030 гады ў маладзёжнай сферы ў галіне турызму, фізічнай культуры і спорту на 2021–2030 гады, а таксама асноўныя мерапрыемствы супрацоўніцтва краін СНД у галіне культуры на 2021–2025 гады.
Ухвалены прагноз вытворчасці і спажывання энергарэсурсаў краін СНД на перыяд да 2030 года. Зацверджаныя таксама прыярытэтныя кірункі супрацоўніцтва краін СНД у сферы транспарту на перыяд да 2030 года і план мерапрыемстваў, прысвечаных Году архітэктуры і горадабудаўніцтва ў СНД ў 2021 годзе.
Акрамя таго, на пасяджэнні зацвердзілі новую рэдакцыю палажэння аб конкурсе на спашуканне прэміі СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг.
Спасылкі
[1] http://belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/snd