Таму, хто аднойчы бываў у Іерусаліме, не трэба тлумачыць, пра што ідзе размова. Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь. Яны знаходзяцца на Елеонскай гары, або, як яе яшчэ называюць з-за вялікай колькасці аліўкавых дрэў, — Маслянічнай. Гэта тое самае месца, дзе Ісус Хрыстос маліўся начамі пры жыцці, дзе вучыў малітве сваіх паслядоўнікаў-апосталаў, адкуль узнёсся на неба на саракавы дзень пасля Вялікадня, каб «сядзець праваруч Айца». Пра гэту падзею нагадвае свята Ушэсця Гасподняга, якое сёння адзначаюць праваслаўныя.
Як царква стала мячэццю
Спаса-Узнясенскі жаночы манастыр
Пасля Уваскрэсення Ісус Хрыстос не раз з'яўляўся сваім вучням, умацоўваючы іх веру і рыхтуючы да Сашэсця на іх Святога Духа (Пяцідзясятніцы), а ў дзень Ушэсця сабраў апосталаў на гары Елеонскай, блаславіў і... узнёсся на неба. «Ён падняўся на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іхніх. І калі яны глядзелі на неба, падчас узыходжання Яго, раптам сталі перад імі два мужы ў белым адзенні і сказалі: мужы Галілейскія! Што вы стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, што ўзнёсся ад вас на неба, прыйдзе гэтаксама, як вы бачылі Яго, калі ўзносіўся на неба», — так гаворыцца ў Новым Запавеце пра гэту падзею...
«Стопачка» — храм Ушэсця Гасподняга — менавіта тое месца, дзе ўсё гэта адбылося. Сёння ён з'яўляецца мячэццю і знаходзіцца пад кіраваннем іерусалімскага ісламскага савета ВАКФ, які кіруе мусульманскімі святынямі на Храмавай гары. 364 дні ў годзе яны бяруць з хрысціян па пяць шэкеляў за ўваход, і толькі на свята Ушэсця Гасподняга сюды можна зайсці бясплатна. У гэты дзень мусульмане дазваляюць праваслаўным свяшчэннікам здзяйсняць тут службу на перасоўных алтарах. Мы завіталі сюды летась у канцы верасня, таму давялося раскашэліцца. У нашым распараджэнні было зусім мала часу: у 16.00 мела пачацца служба і нам трэба было б пакінуць святое месца.
Каб усё было зразумела, наша гід Аляксандра робіць невялікі экскурс ў гісторыю. На месцы Ушэсця Хрыста роўнаапостальная царыца Алена Канстанцінопальская ў ІV стагоддзі паставіла незвычайны храм — Імвамон, што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае «на вышыні». Ён быў круглы і без купала, каб людзі бачылі неба, куды на вачах Божай маці і апосталаў узнёсся Гасподзь. Камень з адбітай на ім ступнёй левай нагі Ісуса быў акружаны залатой рашоткай. У сёмым стагоддзі Імвамон разбурылі персы. Сучасная капліца Ушэсця Гасподняга створана ў эпоху крыжаносцаў. Над каменем Узнясення яны паставілі невялікую васьмігранную капліцу. Вакол яе ўзведзена двухметровая каменная агароджа. У ХІІ стагоддзі султан Салах ад-Дзін, які, у сваю чаргу, заваяваў Святы Горад, абвясціў месца Ушэсця Ісуса святыняй ісламу, бо Іса з'яўляецца шанаваным прарокам мусульман.
Унутры капліцы, акрамя каменя са следам Госпада, болей нічога няма — ні ікон, ні лампад. Схіляешся над святым месцам з пачуццём глыбокай пашаны. Кранаеш пальцамі след і да канца не можаш усвядоміць, што менавіта тут больш за два тысячагоддзі таму адбыўся найвялікшы цуд. Але трэба ісці: Аляксандра нагадвае, што наш час скончыўся. Фатаграфуемся на памяць і спяшаемся на выхад. Не магу ўтрымацца, каб не купіць у араба прыгожы маляўнічы альбом пра Святую зямлю: вельмі хочацца хоць у думках час ад часу вяртацца сюды. Месца Узнясення Гасподняга — самы высокі пункт у Іерусаліме: каля 800 метраў над узроўнем мора.
Месца злучэння з Богам
Асабліва добра апынуцца на Елеоне на захадзе сонца, калі прамяні ўжо не пякуць так бязлітасна, а пяшчотна ахінаюць прыемным цяплом.
«Стопачку» хрысціяне могуць наведваць толькі за грошы.
— Дзве тысячы гадоў таму Маслянічная гара была за межамі Іерусаліма, — расказвае Аляксандра. — Менавіта з яе пасля сусветнага патопу прынёс Ною галінку голуб. Тут знаходзіўся алтар богу Валу, на якім прыносіліся чалавечыя ахвяры. Валгала была разарваная, калі руку Аўраама, які хацеў прынесці свайго сына ў ахвяру, прыпыніў Архангел Гаўрыіл. Дарэчы, першы камень, які быў кінуты Стваральнікам у бездань хаосу, — вяршыня гэтай гары.
На заходніх і паўднёвых схілах Маслянічнай гары размешчаны старажытныя яўрэйскія могілкі, якім не адна тысяча гадоў. Першыя пахаванні, як сведчыць гісторыя, пачаліся тут яшчэ ў эпоху Першага храма, пабудаванага царом Саламонам. Аляксандра, якая, здаецца, ведае Біблію як свае пяць пальцаў, цытуе прарока Захарыю: «...у канцы дзён Месія ўзыдзе на Маслянічную гару і адтуль, па гуку трубы Іезэкііля, пачнецца ўваскрэсенне мёртвых...»
Цяпер на гары налічваецца не менш за 150 000 магіл, некаторым з іх прыпісваецца нават дачыненне да старазапаветных персанажаў, у прыватнасці, Авесалома — сына цара Давіда. Кажуць, што цана за месца на гэтых могілках пачынаецца ад 25 000 долараў.
Сляды Багародзіцы
Яшчэ адно сакральнае месца, куды нас вядзе наш гід, — Спаса-Узнясенскі жаночы манастыр. Менавіта тут стаяла Божая маці і назірала Узнясенне свайго Сына. Манастыр знаходзіцца непадалёк ад «Стопачкі», і мы ідзём туды пешшу. Аляксандра раіць не адставаць і мацней трымаць сумкі. Яна іранічна адзначае, што гэта зямля святая, але, на жаль, не святых. Тут жыве вельмі рознае па сваіх поглядах, веры і стаўленні да маралі насельніцтва. Невядома чаго можна чакаць і ад спрытнай арабскай дзятвы, якая з крыкамі носіцца пад сценамі біблейскіх святынь.
Спаса-Узнясенскі храм або, як яго яшчэ называюць, «Святая Сафія», пабудаваны ў ХІХ стагоддзі па праекце архімандрыта Антонія Капусціна. Гэта рускі падзвіжнік, які паклапаціўся ў свой час умацаваць на Блізкім Усходзе пазіцыі Рускай праваслаўнай царквы. Дзякуючы яму тут былі набытыя шматлікія зямельныя ўчасткі. Архімандрыта параўноўваюць з Міхайлам Ламаносавым. Апошні быў самародкам з халмагорскіх сялян, а Антоній Капусцін нарадзіўся ў вёсцы Бутурына пад Пермю. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію, служыў у Афінах, Канстанцінопалі. Потым яго прызначылі начальнікам рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме. Палесцінай тады валодалі туркі, і прадаваць зямлю іншаземцам забаранялася. Але Капусцін бачыў, як яе тут скупляюць католікі і пратэстанты на імя турэцкіх падданых, і стаў рабіць тое ж самае на свайго сябра Якава Халебі. «Участак на Елеонскай гары ён набыў так, — расказвае Аляксандра. — Арабскія дзеці, якія ў той час таксама тут бегалі, прадавалі нейкія каменьчыкі. Архімандрыт купіў адзін і ўбачыў, што ён уяўляе сабой адбітак старадаўняй мазаікі. Папрасіў дзяцей паказаць месца, дзе яны яго ўзялі. Тыя, вядома, паказалі, але за крыху большыя грошы. Айцец Антоній стаў расчышчаць месца і ўбачыў рэшткі візантыйскага храма. Ён адразу ж набыў гэты ўчастак і правёў археалагічныя даследаванні. Потым пабудаваў храм і дом для паломнікаў».
Памёр архімандрыт у 1894 годзе і быў пахаваны ў пабудаваным ім саборы. У храме сёння знаходзіцца шмат каштоўных ікон і машчавікоў. А абраз Багародзіцы Скорапаслушніцы лічыцца тут цудадзейным.
Камень з адбітай на ім ступнёй левай нагі Ісуса
Каля храма стаіць тая самая «Руская свечка» — званіца вышынёй 64 метры. Свечкай яна завецца таму, што падымаецца высока над Елеонскай гарой і яе звон чуваць далёка за яе межамі. Спецыяльна для гэтай званіцы ў Маскве быў адліты звон вагой 308 пудоў, які ў 1885 годзе даставілі на параходзе «Карнілаў» з Адэсы ў Яфу. Мэр Іерусаліма, прававерны мусульманін, здзівіўся, што рускія прывезлі звон у яго Эль-Кудс (назва Іерусаліма на арабскай мове. — «Зв.»). Мусульмане не прызнаюць званоў, нават лічаць, што яны пагражаюць ісламу. Дапамагаць у дастаўцы мэр адмовіўся — сказаў: калі трэба, нясіце на руках. Манашкі паставілі звон на бярвенне і пакацілі. Адлегласць 50 кіламетраў ад Яфы да Іерусаліма яны пераадолелі за тыдзень.
Нашага гіда можна слухаць бясконца, як і любавацца тутэйшымі мясцінамі. Глядзіш на гэта на ўсе вочы — хочацца набрацца гэтай прыгажосці на ўсё астатняе жыццё, каб потым песціць душу цёплымі ўспамінамі. Затрымліваемся каля бакавой сцяны Спаса-Узнясенскага храма, дзе ў агароджанай нішы захоўваецца камень, на якім стаяла Багародзіца, калі Сын Божы ўзносіўся на неба.
На тэрыторыі манастыра знаходзіцца таксама невялікая капліца ў гонар Святога Іаана Хрысціцеля. Мы ідзём да яе праз сад з мноствам кветак у гаршках. Капліца пабудавана на месцы першага і другога знаходжання Главы Святога. Аляксандра расказвае, што менавіта тут жонка аканома Ірада Анціпы закапала ўсечаную галаву Прарока і Хрысціцеля Ісуса. Ірадыяда, калі атрымала на талерцы галаву Іаана Хрысціцеля, спужалася, бо галава працягвала гаварыць і выкрываць яе з Ірадам. Яна загадала прывезці галаву сюды, у загарадную іерусалімскую рэзідэнцыю Ірада. А як адбылося першае і другое знаходжанне Главы Святога, сведчыць надпіс на арабскай мове. Ён сцвярджае, што манахаў сюды прывёў сам архангел Гаўрыіл. На месцы, дзе знаходзілася галава прарока, захавалася старадаўняя мазаіка.
Біблейская зямля захоўвае яшчэ шмат цікавых гісторый, якія можна расказваць бясконца. «Стопачка» і Спаса-Узнясенскі манастыр — менавіта тыя месцы, якія нагадваюць пра цуд, што адбыўся на зямлі больш за дзве тысячы гадоў таму. Ушэсце — адно з найвялікшых дванадзясятых свят, якія адзначаюць на працягу года праваслаўныя вернікі. У народзе яго традыцыйна звязваюць з ураджаем і ростам: лічылася, што з гэтага дня пачынаецца росквіт вясны і пераход да лета. У сорак дзён паміж Вялікаднем і Ушэсцем асабліва шанавалі жабракоў і хворых людзей. Забаранялася кідаць смецце і пляваць на вуліцу, таму што незнарок можна было трапіць у Хрыста, які прыходзіць да людзей пад выглядам чалавека, што просіць дапамогі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Іерусалім
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/religiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/turyzm
[5] https://zviazda.by/be/tags/ierusalim-0