У вытворчых цэхах «Нэлвы» пабываў галоўны ўрач Брэсцкай абласной бальнiцы, член Савета Рэспублiкi Аляксандр КАРПIЦКI. З дырэктарам прадпрыемства Iванам ГАРАШЭВIЧАМ яны ў свой час падпiсалi дагавор аб пастаўцы прадукцыi ў абласную клiнiчную бальнiцу.
Першая партыя прадукцыi была адпраўлена заказчыкам яшчэ ў красавiку. Швейнiкi прыватнай фiрмы часова спынiлi работу па вырабе новых калекцый адзення i сталi выпускаць маскi, а таксама прадметы бiялагiчнай аховы для медыцынскага персаналу. Паводле слоў Аляксандра Карпiцкага, маем той выпадак, калi супрацоўнiцтва наладжана ў рэкордна кароткiя тэрмiны. На ўзгадненнi з Мiнiстэрствам аховы здароўя ды iншымi iнстанцыямi пайшлi лiтаральна не днi, а гадзiны. А пошукам сыравiны аператыўна займалiся самi вытворцы, для такiх касцюмаў падыходзiць толькi той матэрыял, якi адпавядае шэрагу нарматываў. Ну i арганiзацыя вытворчага працэсу прайшла без прамаруджвання. Патрэбныя касцюмы для медыкаў «Нэлва» цяпер выпускае на дзвюх пляцоўках — у прамзоне Кацiн Бор i ў адным з былых карпусоў завода «Цветатрон».
Такое супрацоўнiцтва выглядае сёння вельмi актуальным: у сувязi з распаўсюджваннем COVID-19 патрэбы ў сродках аховы растуць штодзённа. Калi ў пачатку эпiдэмii ў абласной бальнiцы за суткi расходавалi каля дзясятка касцюмаў бiялагiчнай аховы, то цяпер штодзённа патрабуюцца сотнi адзiнак амунiцыi. Да лячэння пацыентаў з каранавiрусам i цяжкiмi формамi пнеўманii прыцягнутыя некалькi сотняў чалавек. Усе яны павiнны быць апрануты так, каб адчуваць сябе абароненымi. I нават калi на гэты ўчастак будуць дадаткова пераведзены iншыя спецыялiсты, швейнiкi абяцаюць забяспечыць iх аднаразовай вопраткай.
Святлана ЯСКЕВIЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/pryvatny-biznes
[4] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/srodki-indyvidualnay-abarony