У час вайны жыхар вёскi Гарадная Iосiф (Ёсiп) Якаўлевiч Мiкша разам з iншымi хлопцамi быў адпраўлены ў Германiю. Працаваў у фермера, жыў у хляве, галадаў. За тое, што ноччу ў садзе набраў яблыкаў, яму перабiлi скiвiцу i адправiлi ў канцлагер.
Есцi там не было чаго, ды хлопец i не мог, — пiў хiба вадкасць... А таму на час вызвалення важыў два пуды i наогул быў без прытомнасцi. Хто ён i куды яго адпраўляць, нiхто не ведаў.
Такiм чынам Ёсiп апынуўся ў Швецыi. З бальнiцы, крыху падлячыўшыся, пiсаў дадому лiсты, чакаў адказу, але лістоў не было. Вырашыў, што пасля такой крывавай вайны ў яго нiкога не засталося, i пачаў новае жыццё: вывучыў чужую мову, скончыў каледж, пачаў працаваць.
Яго сястра пра гэта нiчога не ведала i ўсё ж яшчэ раз напiсала ў Мiжнародны Чырвоны Крыж.
У адказ паштальён прынёс ёй аж два пiсьмы: адно з Чырвонага Крыжа, а другое... ад брата. Ён расказваў, што пiсаў дадому, але нiхто яму не адказаў.
Каб разабрацца, сястра з мужам паехалi да брата Рамана, якi жыў у бацькавай хаце, спыталi:
— Ты атрымлiваў пiсьмы ад Ёсiпа?
— Атрымлiваў.
— Дык чаму ж не адказаў?
— А навошта? Ён возьме ды вернецца, прыйдзецца маёмасць дзялiць.
Такi быў адказ.
...Пазней Iосiф Якаўлевiч i сапраўды двойчы прыязджаў на радзiму. Расказваў раднi, што нябедны: мае дом, сям'ю, машыну. Дзякаваў жыхару Калоднага, якi таксама быў у канцлагеры i дапамагаў яму. Цi ведаў ён пра ўчынак брата? А калi ведаў, цi дараваў яму? Пра гэта, як той казаў, гiсторыя маўчыць...
Мiхаiл Карсека
Столiнскi раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya