У ганконгскiм заапарку Ocean Park, апусцелым з-за адсутнасцi наведвальнiкаў падчас каранцiну, пачалi спарвацца гiганцкiя панды. Самец Ле Ле i самка Ян Ян жывуць у Ocean Park ужо 14 гадоў. На працягу апошнiх дзесяцi служыцелi спрабавалi прымусiць iх да гэтага, але беспаспяхова. I толькi цяпер, калi не стала наведвальнiкаў, у жывёл прачнуўся iнстынкт размнажэння. Супрацоўнiкi Мiнскага заапарка падчас пандэмii таксама заўважылi змены ў паводзiнах сваiх падапечных — апошнiя... не хаваюць сваёй радасцi. Карэспандэнт газеты «Звязда» даведалася, як яшчэ змянiлася жыццё жывел i якiя перамены адбылiся ў Мiнскiм заапарку падчас пандэмii.
— У нас наведвальнiкаў стала менш, чым у той жа перыяд мiнулага года, — расказвае малодшы навуковы супрацоўнiк Мiнскага заапарка Аксана БУКА. — Тут i звычайна наплыў людзей непастаянны: у халодныя днi — менш, у сонечныя — больш. Але наш заапарк працягвае жыць, i цяпер пачынаецца перыяд, калi жывёлы пераязджаюць у свае летнiя вальеры. Вядома, для нашых падапечных незвычайна тое, што на iх не глядзіць так шмат вачэй, як раней, i яны гэтаму вельмi рады — вiдаць па iх. У некаторых жывёл цяпер актыўны перыяд размнажэння, i iх нiхто не бянтэжыць. Нядаўна на свет з'явiлiся паласатыя мангусцiкi, зацяжарылi козкi, з сумкi мацi вылез маленькi кенгуру.
Мiнскi заапарк практычна працуе ў штатным рэжыме — ён не вымушаны здабываць ежу для сваiх гадаванцаў, як у некаторых iншых краiнах, бо з'яўляецца бюджэтнай арганiзацыяй. А, напрыклад, нямецкiя заапаркi ўжо звярталiся да канцлера Германii Ангелы Меркель з просьбай вылучыць для iх фiнансавую дапамогу ў памеры сотнi мiльёнаў еўра. У сумесным звароце, накiраваным канцлеру, гаворыцца, што праз адсутнасць наведвальнiкаў заапаркi пазбавiлiся асноўнага даходу, неабходнага для догляду жывёл i набыцця корму.
У падобным становiшчы апынуўся i Лонданскi заапарк, якi ў сваёй гiсторыi перажыў дзве сусветныя вайны i закрываўся толькi на вельмi непрацяглы час. Ва ўмовах пандэмii заалагiчнае таварыства Лондана абвясцiла аб зборы сродкаў на падтрыманне работы навуковага комплексу i догляду жывёл. Працяглы рэжым iзаляцыi i каранцiну называюць катастрафiчным сцэнарыем для брытанскiх заапаркаў, якiя ў асноўным спадзявалiся на даходы ад наведвальнiкаў.
З падобнымi праблемамi сутыкнулiся i ў Расii. Заапаркi, сафары-паркi, рэабiлiтацыйныя цэнтры i прытулкi для дзiкiх i свойскiх жывёл пасля таго, як Расiя сышла на каранцiн, адчуваюць цяжкасцi. Усе ўстановы, якiя жылi з продажу бiлетаў, ва ўмовах рэжыму самаiзаляцыi насельнiцтва могуць нават не выжыць. У першую чаргу гэта датычыцца прыватных кампанiй, якiя зарабляюць на вiдовiшчнасцi. Наведвальнасць упала да нуля, датацыi спонсараў рэзка скарацiлiся. Мiж тым у прыватным кантактным заапарку ZOOпарк, што ў Мiнску, такой праблемы не ўзнiкае. «Канешне, наведвальнiкаў стала менш, але гэта нiяк не паўплывала на жыццё жывёл, — сказала начальнiк заатэхнiчнага аддзела Марына МАКСIМОВIЧ. — Нашым жывёлам хапае ўсяго неабходнага, i сродкi на iх утрыманне ёсць».
Што датычыцца бяспекi наведвальнiкаў, у цэнтральным Мiнскiм заапарку апрацоўваюць дэзынфiцыруючымi сродкамi ўсе элементы, да якiх можа дакрануцца чалавек, некалькi разоў у дзень.
— Заапарк вялiкi, i на гэта патрабуецца проста велiзарная колькасць антысептыку, — гаворыць Аксана Бука. — Для жывёл гэтыя сродкi бяспечныя, таму што яны проста не дакранаюцца да поручняў. У нас няма такога правiла, каб наведвальнiкi прыходзiлi ў масках i пальчатках, бо тут адкрытая тэрыторыя. Людзi вырашаюць самi пытаннi сваёй бяспекi. Але многiя выкарыстоўваюць сродкi iндывiдуальнай аховы, i часцей за ўсё iмi карыстаюцца ў тэрарыуме i акварыуме, якiя знаходзяцца ў закрытым будынку.
Перамены ў рабоце заапарка таксама ёсць. Падчас пандэмii адмянiлi ўсе экскурсii i iншыя масавыя мерапрыемствы, якiя былi запланаваны. Напрыклад, фестываль «Экалогiя. Творчасць. Дзецi», якi стаў ужо традыцыйным i павiнен быў прайсцi ў красавiку, перанеслi на верасень. Але, нягледзячы на вымушаныя абмежаваннi, супрацоўнiкi заапарка стараюцца прыцягнуць наведвальнiкаў i пры гэтым клапоцяцца аб iх бяспецы.
«Мы запусцiлi на старонцы ў «Інстаграме» зоамарафон, — разказвае супрацоўнiца заапарка. — У нас ужо ёсць i пераможцы, якiя атрымаюць квiток у заапарк. Яшчэ мы вырашылi праводзiць анлайн майстар-класы для дзяцей. У дзень абароны дзяцей, канешне, мы адмянiлi маштабныя масавыя мерапрыемствы, але распрацавалi «iндывiдуальны дзiцячы квэст». Ён вельмi лёгкi i цiкавы, бацькi са сваiм малым могуць прайсцiся па заапарку, выконваючы розныя заданнi. Такi квэст дае магчымасць як мага менш сутыкацца з iншымi наведвальнiкамi».
У заапарку i сапраўды цяжка сутыкнуцца з наведвальнiкамi, асаблiва ў дажджлiвы дзень. Але ж сустракаем сямейную пару з дзецьмi.
— Я вельмi рады, што заапарк працягвае сваю работу нават падчас пандэмii, — гаворыць Мiхаiл. — Мы прыходзiлi з сынам на дельфiнатэрапiю. Майму малому гэта неабходна, бо ў яго аўтызм. Тут спецыялiсты высокага ўзроўню, i наш сын iдзе з iмi на кантакт. Бачна, што наведвальнiкаў стала менш, але мне вельмi прыемна, што ў людзей ёсць магчымасць самiм прымаць рашэнне: наведваць такiя ўстановы цi не.
Наталля ТАЛIВIНСКАЯ
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/author/taccyana-tkachova
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/minski-zaapark-1