Да 90-гадовага юбiлею класiка беларускай лiтаратуры ў серыi «100 вершаў» выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» выпусцiла зборнiк «Беларуская песня».
«О мой цудоўны край, / Мой заснежаны рай... / Цiхi званочкаў смех. / Снег у лесе начным, / Смех у садзе пустым, / Коней спакойны бег...» Што нi радок — адусюль вынiкае маляўнiчы партрэт нашай Айчыны, нашы беларускiя краявiды, нашы фарбы жыцця i прыроды. «Беларуская песня», укладзеная цудоўным знаўцам паэзii Вiктарам Шнiпам, адкрываецца вершам «Матчына душа». Твор напiсаны ў 1955 годзе. Так — «Матчына душа» — называецца i першы паэтычны зборнiк Уладзiмiра Караткевiча, выдадзены ў 1958 годзе. Лiтаратурная крытыка неадназначна ацанiла тую знакавую кнiгу. Недахопам лiчылася i тое, што Караткевiч, пiшучы на сур'ёзныя тэмы, захапляецца жартамi. Час вынес свае вердыкты. Сёння, пэўна, мяркуючы па чытацкай зацiкаўленасцi (за мiнулыя дзесяць гадоў выдадзена каля 50 (!) кнiг класiка), няма ў беларускай лiтаратуры болей сур'ёзнай з'явы, як здзейсненае Караткевiчам у прозе, драматургii, публiцыстыцы i паэзii. А другi верш родам з 1955 года (ён i ў «Беларускай песнi» iдзе следам за вершам «Матчына душа») «Заяц варыць пiва» даўно стаў ледзьве не хрэстаматыйным творам.
«Орша», «Паўлюк Багрым», «Балада пра паўстанца Ваўкалаку», «Машэка», «Чорная балада Гаркушы» — з вершамi, адпаведна, з падзеямi i героямi, якiх яны ахапiлi, з думкамi, паэтычнымi вобразамi i сiмваламi Уладзiмiра Караткевiча можна смела выпраўляцца ў падарожжа па Беларусi сённяшняй i ўчарашняй, па гiсторыi i сучаснасцi.
Нагадаем, што ў серыi «100 вершаў» ужо пабачылi свет зборнiкi Нiла Гiлевiча, Генадзя Бураўкiна, Яўгенii Янiшчыц, Мiхася Стральцова... З такой кнiжнiцы выбудоўваецца адмысловая бiблiятэка, якая сведчыць пра сталасць, пра вышынi беларускай паэзii.
Мiкола Берлеж
Прэв'ю: iphones.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-karatkevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/vershy