З 16 да 23 мая ў Беларусi праводзяцца тактычныя вучэннi з падраздзяленнямi ракетных войскаў Узброеных Сiл. Кiруе iмi начальнiк ракетных войскаў i артылерыi Узброеных Сiл — начальнiк упраўлення ракетных войскаў i артылерыi Генеральнага штаба Узброеных Сiл генерал-маёр Генадзь Казлоўскi. Пра гэта паведамiлi ў Мiнiстэрстве абароны.
Вучэннi праходзяць на некалькiх палiгонах. Сярод iх — Гожскi, Брэсцкi, Нёман, а таксама мясцовасць непадалёку ад Астраўца. Ракетчыкi павiнны адпрацаваць некалькi вучэбных пытанняў. Падраздзяленнi мусяць перамясцiцца ў раёны выканання задач, пасля заняць раёны сканцэнтравання. Iх неабходна замаскiраваць, арганiзаваць ахову i абарону i падрыхтавацца да вядзення баявых дзеянняў. Яны i стануць кульмiнацыяй вучэнняў — вайскоўцы будуць несцi баявое дзяжурства i нанясуць ракетныя ўдары са зменай стартавых пазiцый.
— Гэтыя вучэннi носяць комплексны характар, — паведамiлi ў Мiнiстэрстве абароны. — Яны дазволяць праверыць здольнасць камандзiраў падраздзяленняў кiраваць, а падначаленых аператыўна выконваць пастаўленыя задачы ў складанай абстаноўцы, якая да таго ж хутка змяняецца. I па iх вынiках будзе ацэнены ўзровень падрыхтоўкi падраздзяленняў ракетных войскаў за паўгоддзе.
Валяр'ян ШКЛЕННIК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/raketchyki
[5] https://zviazda.by/be/tags/vuchenni