Гэты таленавіты хлопец з Салігорска быў уладальнікам Гран-пры «Славянскага базару-2016», удзельнікам адборачных тураў «Еўрабачанне». Тым часам у біяграфіі артыста пішуцца новыя старонкі. Аляксей працягвае выпускаць песні, рыхтуецца да адкрыцця музычнай школы для дзяцей, асвойваецца ў акцёрскім асяродку Тэатра эстрады. Пра тое, што яго матывуе, дзе пачынаецца новы перыяд у яго творчасці і як быць самім сабой незалежна ад абставін, мы распыталі суразмоўніка пры сустрэчы.
— Нядаўна ў Тэатры эстрады адбылася прэм’ера беларускамоўнага мюзікла-прытчы «Ты і я», дзе вы з’явіліся ў галоўнай ролі... Ці лёгка асвоіліся ў новым амплуа?
— Туды я трапіў пасля кастынгу, і тут пачаліся эксперыменты, якія мне як артысту вельмі цікавыя. Бо я заўсёды за магчымасць развівацца, а рэжысёр Уладзіслава Арцюкоўская бачыць, дзе я магу праявіць сябе, і ставіць мяне ў свайго кшталту экстрэмальныя ўмовы. Для творчага чалавека вельмі карысны стан выхаду з зоны камфорту. Пачалося ўсё, калі я вёў навагодні канцэрт у Палацы рэспублікі. Вядучы, які спявае, — гісторыя, да якой я ставіўся заўсёды негатыўна, бо лічыў, што трэба займацца нечым адным. А тут выпала магчымасць раскрыць свой патэнцыял у новым кірунку. Такія этапы патрэбныя. Але калі прапанавалі галоўную ролю ў мюзікле, то я злякнуўся. Па-першае, гэта мюзікл-прытча, а я ж зусім не прыклад для пераймання, не паводжу сябе так, каб трансліраваць гэта людзям. А заяўлены жанр у маім уяўленні — якраз вельмі правільная гісторыя. Па-другое, беларуская мова пастаноўкі таксама мяне бянтэжыла. Я люблю яе, выконваю песні на ёй, але пастаянна не размаўляю. Таму ўзяў час на роздум. І праз некалькі дзён зразумеў: хачу быць часткай гэтай падзеі.
Насамрэч я камандны гулец, і вельмі ясна гэта ўсвядоміў пасля сыходу з прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ». Саліст не можа быць універсальным байцом, калі хоча паказваць узровень. Тут жа я бачыў, што ёсць каманда і будзе магчымасць паглыбіцца ў творчы працэс, адасобіўшыся ад мітусні паўсядзённага жыцця. А паколькі на цябе спадзяюцца, то ты даб’ешся выніку. Былі рэпетыцыі кожны дзень, і работа ў камандзе аднадумцаў вельмі захапіла. Успамінаў час падрыхтоўкі да «Славянскага базару», калі таксама ўдалося тварыць з камандай мары і я мог спаць па некалькі гадзін, а потым зноў бегчы працаваць.
— Ці ёсць нешта агульнае паміж вамі і вашым сцэнічным героем?
— Не магу сказаць, што я акцёр. Паколькі вучуся на рэжысёра, то ведаю, што акцёр грае героя, умее прафесійна пераўтварацца ў залежнасці ад вобразу. Мне важна знайсці пункты судакранання паміж мной і персанажам — тады я магу не іграць, а быць самім сабой, надзяляючы персанажа ўласнымі рысамі. І я знайшоў у ім мужнага героя, які настолькі закахаўся, што проста страціў розум. Ён шчыра верыць у сваё каханне, разумее: для яго няма нічога немагчымага, ніякія жыццёвыя абставіны не могуць збіць яго з дарогі... Мне такая гісторыя таксама вельмі блізкая, бо я доўга быў жанаты, і на такі крок у свой час мяне матывавала якраз вялікае пачуццё.
— На кастынгу ў Тэатры эстрады вы выконвалі аўтарскую песню «Астываю» (гісторыя пра мінулае каханне). Скажыце, з узростам ваша стаўленне да гэтага пачуцця і да дзяўчат змянілася?
— Ведаеце, я вельмі лёгка магу закахацца. У гэтым мая праблема, бо мне патрэбныя эмоцыі і натхненне. З узростам знайсці свайго чалавека становіцца ўсё цяжэй, твае патрабаванні да іншага растуць. Таму лічу, што жаніцца ў 20-23 прасцей, чым потым. Безумоўна, заўсёды ёсць рызыка, што, можа, і не складзецца, калі кідаешся ў сямейнае жыццё па вялікім каханні... Як чалавек творчы, адсоўваю гэтыя думкі, — хочацца сапраўдных моцных пачуццяў, бо толькі маючы такое каханне, я змагу натхняцца і рухацца наперад. Мне важна, каб былі муза і стымул. Раней мог быць нейкі вобраз дзяўчыны, у якую магу закахацца, а цяпер галоўнае — харызма чалавека і «хімія», што ўзнікае паміж вамі. Бывае, дастаткова погляду, і ты разумееш: вось мой чалавек. Аднак часцей спачатку загараешся, а потым расчароўваешся...
— Але ж мы разумеем, што пачуцці пачуццямі, а ёсць яшчэ адказнасць, паўсядзённая руціна...
— У маім жыцці такое было толькі аднойчы, калі ажаніўся. А сёння я проста не адважваюся паўтарыць такі крок. Гэта ж не гульня па нейкіх правілах, а жаданне людзей прачынацца і засынаць разам, дзяліць побыт. Але, маючы вопыт мінулых адносін, ты, як правіла, пачынаеш адцягваць момант пераходу на новы ўзровень.
— Давайце вернемся ў 2016 год, калі вы перамаглі на «Славянскім базары». Верагодна, акрамя грашовай прэміі атрымалі таксама пазнавальнасць, прапановы аб супрацоўніцтве. Чым быў абумоўленываш сыход з прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ»?
— Гэта адбылося месяцы, мабыць, праз тры пасля «Славянскага базару». Разумееце, кожны прадзюсарскі цэнтр — той асяродак, дзе артыст развіваецца разам са сваёй камандай. І проста ў нейкі момант я адчуў, што мы — розныя людзі. На той час я выгарэў, хоць у «СПАМАШы» наш заснавальнік Аляксандр Шакуцін шчыра імкнуўся дапамагчы кожнаму з артыстаў. Выдзяляліся грошы для рэпертуару, для ўдзелу ў нейкіх конкурсах. Але калі ты ловіш сябе на думцы, што больш не гарыш тым, што робіш, то разумееш — намінальнае існаванне нікому не патрэбнае... Але ў мяне быў кантракт. Тут чарговы адбор на «Славянскі базар». Я самастойна падаю заяўку на яго і праходжу. Пасля аб’яўлення вынікаў у «СПАМАШы» абрадаваліся. І вось падчас падрыхтоўкі да конкурсу, калі па ініцыятыве заснавальніка маім піяр-менеджарам стаў Сяргей Андрыянаў і мы з ім сабралі каманду, дзе працавалі Леанід Шырын, Людміла Куц, Дзіна Тыцюк, Дзмітрый Забалотны, я зноў захапіўся працэсам настолькі, што кожны дзень адчуваў, як станаўлюся лепшым. А пасля перамогі пачалі падрыхтоўку да «Еўрабачання». І калі Белтэлерадыёкампанія даслала ў прадзюсарскі цэнтр ліст за подпісам тагачаснага яе старшыні Генадзя Давыдзькі, што мая кандыдатура, як прадстаўніка краіны на гэтым конкурсе, узгоднена без адборачнага тура, а «СПАМАШ», не паведаміўшы мне, проста адмовіўся ад прапановы, то ўзніклі пытанні, на якія я не змог атрымаць адказаў. Гэта стала штуршком напісаць заяву «па ўласным жаданні». Яе падпісалі, што крыўдна, нават без ніякіх пытанняў, хоць у нас былі сумесныя планы, ідэі і шмат работы, за якую я ўдзячны. Мне такая пазіцыя была абсалютна незразумелая.
-- У адным інтэрв’ю вы казалі, што грашовую прэмію патраціце на запіс новага музычнага матэрыялу. Чым усё завяршылася?
— Альбом не выйшаў. Частку грошай падзяліў з камандай, якая мяне рыхтавала, астатнія сродкі пайшлі на існаванне. Калі я сышоў з прадзюсарскага цэнтра, то даходзілі размовы, што паўсюль разаслалі лісты з забаронай маіх выступленняў. З Аляксандрам Шакуціным у нас былі добрыя адносіны, і я вельмі ўдзячны яму за магчымасць паказаць сябе, за падтрымку мяне на розных конкурсах, за тое, што я заўсёды быў пачуты і гэты чалавек верыў у мяне. Але я не мог зразумець, чаму ўсё так складваецца пасля «Славянскага базару». Напрыклад, пасля перамогі на конкурсе мяне запрасілі ўдзельнічаць ва ўсіх навагодніх канцэртах, а потым раз — і на працягу тыдня са мной пачалі звязвацца рэжысёры і адмаўляць. Толькі потым даведаўся, што «СПАМАШ» забараніў мне выконваць песні. А потым любы музычны матэрыял, які я прапаноўваў на радыё ці тэлебачанне, мне вярталі з адказам «дзякуй» — і ўсё...
Спачатку думаў, можа я пішу нешта не тое. І такі перыяд я перажываў даволі складана як псіхалагічна, так і фінансава. Хоць і ў цэнтры мы не зараблялі вялікіх грошай — здаралася, іх не хапала, каб забяспечыць сям’ю, і я падпрацоўваў таксістам. Мне хацелася расці і развівацца, для гэтага трэба было ўкладвацца ў тым ліку фінансава. Але такія моманты трэба перажыць, каб нечага дасягнуць з часам.
-- Сёлета вы зноў былі сярод удзельнікаў адбору на «Еўрабачанне»...
— У гэтай гісторыі мяне матывуе наяўнасць пляцоўкі, дзе артысты могуць заявіць пра сябе, добрая магчымасць для самарэкламы. Адбор на «Еўрабачанне» — тое месца, дзе яны могуць сябе паказаць. Цяпер і на прасторах інтэрнэту з’явіліся такія магчымасці, але там часта можна застацца падманутым. У любым выпадку, каб займацца музыкай, неабходныя грошы для яе прасоўвання. Разам з тым музычны рынак перанасычаны, і аўдыторыі патрэбен час, каб навучыцца слухаць і адбіраць вартых.
— У вас ёсць загартоўка спортам, траўмамі, сцэнай... Ці існуюць нейкія страхі цяпер?
— Мне страшна не рэалізаваць сябе на 100 працэнтаў. Паколькі ты камандны гулец і залежыш ад іншых людзей, то часам разумееш, што не заўсёды па максімуме задзейнічаеш свае рэсурсы. Тут і эмацыянальсць, і нейкія жыццёвыя нюансы адбіваюцца. Але не хочацца, каб гэта было апраўданнем. Трэба браць і дзейнічаць. Яшчэ хочацца запаволіць бег часу. І добра было б менш сумнявацца ў тым, што ствараеш. Як сказаў мне нядаўна адзін калега — пішы, з дзесяці песень хоць адна ды выйдзе. І, можа, сапраўды калі б ствараў дзесяткі трэкаў у год, то прасцей бы ўспрымаў адмовы ці немагчымасць быць пачутым. Таму цяпер паспрабуем дзейнічаць з камандай менавіта такім чынам...
Я не кіруюся патрабаваннямі, якія дыктуе нам грамадства. Лічу, што не варта жаніцца і нараджаць дзяцей проста таму, што «павінны». Жывіце па закліку сэрца. Сустрэну я свайго чалавека, будуць у нас дзеці — цудоўна! Усё патрабуе праверкі часам: і творчасць, і каханне. А яшчэ кожны сам павінен набіць свае гузакі, бо так напрацоўваецца жыццёвы вопыт.
Алена ДРАПКО
Фота з асабістага архіву спевака
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-gros
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[6] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-na-marshy