Ганаровы грамадзянін Любані пісьменнік Іван Андрэевіч Муравейка — ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Разам з намі ён сустракае 75-годдзе Перамогі. Такіх людзей, на жаль, сярод жывых засталося няшмат.
Семдзесят пяць гадоў таму чырвонаармеец беларус Іван Муравейка вывеў сваё імя на пасечанай кулямі сцяне пераможанага рэйхстага. Вызвалены Берлін заняў сваё ў вялікім шэрагу — пасля Дняпра, Днястра, Віслы, Буга, Одэра. Салдат верыў у канчатковую перамогу Міру.
Семдзесят пяты год над Беларуссю мірнае неба. Семдзесят пяты год Іван Андрэевіч прысвячае ўсяго сябе мірнай справе журналіста, пісьменніка. Яму дзевяноста восем. Самаадчуванне, як вызначае сам ветэран з уласцівым яму аптымізмам, годна адпавядае паважанаму ўзросту. Такой жа аптымістычнай энергіяй вызначаны і расклад яго дня. Іван Андрэевіч па-ранейшаму плённа працуе на літаратурнай ніве, з'яўляецца аўтарам больш чым дваццаці пяці кніг прозы і паэзіі (амаль усе яны напісаныя для малодшых чытачоў). У выдавецтвах рыхтуюцца да выхаду новыя творы.
Сёлета мне пашчасціла сустрэцца з паважаным ветэранам, пабываць у яго доме. Надзвычай цікава было паслухаць успаміны, пераглядзець разам архіўныя фотаздымкі. Для нас усіх ён пісаў на белым аркушы чырвоным фламастарам: «75. Мір! Віншую. І. Муравейка».
Той жа воін-пераможца, які пакінуў аўтограф у Берліне вясной 1945 года, сёння вывеў для нас дарагія кожнаму словы святочнага віншавання.
Яўген Пясецкі, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vayna
[4] https://zviazda.by/be/tags/veteran
[5] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyalikay-peramogi