Эпідэміялагічную сітуацыю, якая цяпер складваецца ў Віцебску, можна назваць «плаўны сыход з плато». Гэта дазваляе сістэме аховы здароўя правесці паэтапны вывад некаторых няпрофільных бальніц з аказання медыцынскай дапамогі хворым з COVID-19 і пнеўманіямі, гаворыцца [3] ў Telegram-канале Міністэрства аховы здароўя.
Наступныя два тыдні ў Віцебску будзе весціся паэтапная санапрацоўка бальніц, якія ў пачатку вясны прынялі на сябе асноўныя патокі пацыентаў з COVID-19, цяжкімі формамі іншых рэспіраторных інфекцый і пнеўманіі. За той час, пакуль частка будынкаў і карпусоў будуць падвергнутыя «дэзінфекцыйнай апрацоўцы па тыпу заключнай дэзінфекцыі», медыцынскі персанал атрымае магчымасць для больш паўнавартаснага адпачынку.
Сёння ўжо вызвалены адзін з будынкаў Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра (Чыгуначная бальніца). Спецыялісты праводзяць там работы па дэзінфекцыі памяшканняў. Плануецца, што ў аўторак-сераду будзе вызвалены ўвесь цэнтр.
Большая частка пацыентаў вылечана і выпісана дадому, тыя з пацыентаў, якія яшчэ патрабуюць далечвання або рэабілітацыі, будуць пераведзеныя ў іншыя ўстановы. Да канца тыдня ў клінічны цэнтр шпіталізацыя праводзіцца не будзе. Гэты час дасць магчымасць перадыхнуць работнікам бальніцы і зноў падрыхтаваць цэнтр да шпіталізацыі пацыентаў з рэспіраторнымі інфекцыямі і пнеўманіямі.
Агульная сітуацыя па выяўленні новых пацыентаў дазваляе прагназаваць спад захворвання, што дае магчымасць правесці поўную санапрацоўку ўсіх перапрафіляваных бальніц горада. У пятніцу плануецца пачаць санапрацоўку Віцебскага абласнога клінічнага супрацьтуберкулёзнага дыспансэра, а таксама аддзяленняў Віцебскай гарадской цэнтральнай клінічнай бальніцы, якія знаходзяцца тут жа. Потым пройдзе апрацоўку Віцебская гарадская клінічная бальніца №1, хірургічны корпус анкадыспансэра і інш.
Плануецца, што пасля правядзення неабходных санітарных работ будуць уносіцца змены ў планы па перапрафіляванні ложкавага фонду, і частка медыцынскіх устаноў вернецца да ранейшага рэжыму працы.
Стабілізаваная сітуацыя не толькі ў Віцебску, але і ў шэрагу раёнаў вобласці. У тым ліку ў Докшыцкім, Бешанковіцкім, Шумілінскім, Лёзненскім, Пастаўскім раёнах. У цэлым па вобласці абстаноўка застаецца кантраляванай.
Прэв'ю: Міністэрства аховы здароўя
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[3] https://web.telegram.org/#/im?p=@minzdravbelarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[5] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[6] https://zviazda.by/be/tags/balnica
[7] https://zviazda.by/be/tags/vicebskaya-voblasc