...Перад Калядамі каляндар падарылі, што цалкам лагічна, — прыгожы, насценны. Карцела адразу ж распакаваць яго, прагарнуць усе дванаццаць месяцаў, ацаніць кожны з фотаздымкаў... Устрымаліся — прычакалі пачатку года, павесілі ў кухні на самым відавоку, каб потым міжволі назіраць за бегам дзён, каб не так шкадаваць, што скончыўся месяц, бо за ім — так было і так будзе — адкрыецца новы, з іншай карцінкай. А ўжо якой...
Век жыві, век... здзіўляйся
У цёткі Антоніхі год падзелены: цёплыя месяцы яна пражывае ў вёсцы, дома, халодныя — у райцэнтры, у дзяцей, і дзе гэтай жанчыне лепей, — шчыра кажучы, не разабраць, бо гарадское жыццё кожны раз малюецца па-рознаму. Гэта значыць, калі бабуля не ў гуморы, то... у турме ёй нават цікавей было б: яна б «хоць з нейкай зэчкай днём пагаварыла!». Калі ж настрой добры — то ў дачкі дык проста рай: і чысценька, і цёпленька, і смачна, і зяць чалавек — не п'е, не курыць, зарабляе і (ці не галоўнае) у тыя доўгія зімовыя месяцы на машыне, з камфортам, возіць цешчу ў вёску — у госці да малодшай сястры, часам — нават пакідае там на дзянёчак-другі...
Сёлета на Вялікдзень яны таксама з'ездзілі: і па могілках пахадзілі (сваіх наведалі), і на сялібе ўсё праверылі — паразмаўлялі з раднёй, хоць «праз плот», бо вірус, бо ў сястры — поўная хата ўнукаў-дзяцей («з Мінска паўцякалі»)...
«Нялюдскі Вялікдзень, — па дарозе дамоў прызнала бабуля. — Такога — нават у вайну не было».
Век жыві, век... здзіўляйся.
Толькі так?
Горад, кавярня, і раней у абед тут досыць людна было. Цяпер вольных столікаў шмат.
За суседнім — дзеўка-прыгажуня. Сумяшчае прыемнае з... прыемным: гэта значыць, п'е гарбату з «пірожкамі» і па скайпе размаўляе з кавалерам (яна па-руску, ён па-ўкраінску). Слухаць, аб чым, вядома ж, няёмка, вушы затыкаць — таксама, і таму досыць хутка мы разумеем, што дзяўчына працуе перакладчыцай з кітайскай, што мову гэтую ведае добра, але ж сёння во «затармазіла» — пашукала ў слоўніку, як па-кітайску будзе «паўкроўка».
— Хто-хто? — перапытвае хлопец.
Дзяўчына пачынае здалёк:
— Ну, гэта калі я, беларуска, выйду замуж, дапусцім, за нейкага ўкраінца (ну хоць бы і за цябе), то нашы дзеці будуць...
— Украінцамі! — мігам сцвярджае хлопец.
— Але ж не чыстымі, — настойвае дзяўчо, — а якраз паўкроўкамі.
— Не-е!.. Прабач! Мае дзеці — з кім ні ажанюся — будуць украінцамі. Ты зразумела?
Дзяўчына ўсміхнулася, развяла рукамі. Не прыдумала, што сказаць? Ці, можа, згадзілася?
...Да слова: калегі неяк у адно з нашых мястэчак у госці патрапілі, пасядзелі за сталом, на экскурсію схадзілі: здавалася, усё агледзелі. Аж не: ад мясцовага дзеда пачулі, што паблізу ёсць вельмі старыя могілкі — рускія, польскія і яўрэйскія. «А беларусы на якіх хаваюцца?» — спыталі старога. «Беларусы — не паміраюць», — не разгубіўся той.
Адкуль — не нараджаюцца? Не паміраюць?
«Хаваюцца»?
Пытанне
Вялікі горад — вялікі магазін, і як некалі — дык шматлюдны. Цяпер (беражонага бог беражэ) народу вобмаль, чэргаў амаль няма — хіба ля кас, невялічкія, — з пяці-дзесяці чалавек.
У суседняй, паблізу, многія ў масках (а хто-ніхто яшчэ і ў пальчатках), усе трымаюць дыстанцыю. Гэта, здаецца, ужо за правіла, хоць, як водзіцца, не для ўсіх: адна з пакупніц, спытаўшы апошняга, можна сказаць, лезе яму на плечы, што і раней было б непрыемна, а ўжо зараз...
Не дзіва, што той апошні робіць крок наперад, паварочваецца тварам да жанчыны і моўчкі, адной левай (працягнутай) «адганяе» яе на бяспечнае месца...
Шкода, што, адагнаць — не азначае паставіць, бо цётка ўжо з адлегласці пачынае даводзіць, што ўсё гэтыя «сядзі дома» ды «маску надзень» — як мёртваму прыпарка, што каму лёс памерці ад віруса, той усё роўна памрэ, а каму не — той выжыве...
«Забойная» логіка: паводле яе, смерць наканаваная ўсім, а каму-нікаму — яшчэ і права яе прыспешваць?
Такое жыццё
Нехта недурны прызнаў, што мабільнік выбіраеш як жонку: хочацца, каб магла — ну ўсё чыста, а потым карыстаешся парай-тройкай функцый.
Галоўная з іх — не вам казаць — магчымасць пазваніць.
І, магчыма, тады, гартаючы старонку кантактаў, зноў «зачапіцца» за прозвішчы-імёны тых, хто ўжо сышоў, хто ніколі і нікому ўжо не адкажа; падумаць, што трэба было б навесці парадак — выдаліць непатрэбныя нумары...
Нам — нейчыя.
Некаму — потым — нашы.
Ягадкі будуць потым
...На тыя клумбы пад вокнамі звычайнага шматкватэрнага дома мы натрапілі выпадкова і, што называецца, завіслі, прычым надоўга. Нас, жанчын, больш цікавіла, што цвіце і што яшчэ будзе, мужчын — сама «пабудова».
Яе, як і ўсякую іншую, пачыналі, відаць, з праекта, з малюнкаў на паперы, а потым на зямлі.
Далей была закладка «падмуркаў», на якіх з круглых каменьчыкаў «выраслі» акуратныя «сценкі» і невялічкіх высакаватых клумбаў, і трохі большых ніжэйшых, раз'яднаных віхлястымі сцежкамі-мураванкамі.
Часу і сіл на гэтыя работы, пайшла, відаць, процьма (гэта ж столькі камення назбіраць!..), плюс затраты на цэмент, кусты спірэі і барбарысу, дэкаратыўныя травы, кветкі-шматгадовікі, грунт...
Але ж затое потым...
Потым, без сумневу, ўсё акупілася, па-першае, рэдкім хараством і акуратнасцю, па-другое, зручнасцю ў доглядзе, па-трэцяе...
Летась на адной з невялічкіх клумбаў цудоўна цвілі... кабачкі, на другой — памідоры, ад чаго агульнае ўражанне зусім не псавалася. Хутчэй, наадварот.
Ад і да
З правіл жыцця: ніколі не даганяй ні трамвай, ні каханне, якое сыходзіць, — будуць новыя.
Казаць так лягчэй, а вось не бегчы, не даганяць часам складана. Асабліва — «лёгкім на пад'ём» дзяўчатам, жанкам.
Мужчынам, мусіць, прасцей: яны рэдка бегаюць (у прыватнасці, за трамваем), аднак з імі таксама здараецца.
Адзін вось запыхаўся, пад музыку са свайго мабільнага ўскочыў у салон, «У-у-у, б...!» — сказаў на адрас таго, хто вось так недарэчы звоніць... І тут жа, прыклаўшы смартфон да вуха, залапатаў: «Так, любімая... Як скажаш, любімая... Усё зраблю... І я цябе цалую».
Ад любові да нянавісці, кажуць, адзін крок.
А назад — не меней?
Бутэлька большая...
З дыялогаў (бальнічных): «Ратуйце, доктар! Нешта ў бок дужа коле!» — «Напэўна, дабрыня?» — «З чаго б?!» — «Ну вы ж ведаеце: яна заўсёды бокам вылазіць».
Гэта — анекдот. Зараз — чыстая праўда.
Дзень, праспект, падземны пераход. На прыступках — жанчына з працягнутай рукой, але не сядзіць, як іншыя (моўчкі, з пакорай), а стаіць... Ды што там — нават кідаецца да прахожых з гучным «Па-дай-це!»...
Адмаўляць неяк не выпадае: на хаду выцягваем з кішэняў па колькі манет, даём.
— Мала! Давайце яшчэ! — заступіўшы дарогу, патрабуе жанчына.
— ?!
— У вас жа ёсць! Ну...
Толькі цяпер заўважаем (у пабірачкі на твары напісана), што грошы ёй патрэбны зусім не на ежу ці лекі — на выпіўку. Прычым патрэбны так, што ўжо не сорамна не толькі прасіць, а нават вымагаць...
Некалі даўно ў рукі трапіў цікавы ліст. У пачатку яго дзесяцігадовы хлопчык пісаў бацькам, што ў інтэрнаце жывецца нядрэнна (умольнае «мамачка, забярыце мяне адсюль» было ў канцы), што кормяць добра, што навучылі працаваць з пластылінам і што ён вылепіў цэлую карціну: і бацькоў, і дзядзьку Юзіка, і шклянкі з бутэлькай, і хлеб... Аднак твор яго настаўніца не ўхваліла: сказала, што бутэльку ён вылепіў няправільна, што яна — завялікая, большая за людзей, што вось так у жыцці не бывае...
Трэба разумець, маладая была настаўніца, новенькая ў школе-інтэрнаце, бо старэйшыя, напэўна ж, ведалі, што ўсё на «карціне» правільна, што бывае так, і, на жаль, вельмі часта.
Пад вірусам
Вечарам цяпер трамваі амаль пустыя: можна ехаць стоячы, можна — седзячы (нават на адлегласці), аднак гэта, што называецца, пры жаданні. У нейкага відавочна нездаровага (ці п'янаватага?) дзядзькі яго няма, бо, уваліўшыся ў салон, ён літаральна павісае над адзіночным бакавым сядзеннем, над худзенькай пажылой жанчынай.
Тая (не ў турме, відаць, гадаваная) спрабуе неўпрыкмет адсунуцца, «урасці» ў сядзенне. Потым, зразумеўшы марнасць сваіх патуг, пакорліва ўстае — ідзе на выхад. Іншыя пасажыры едуць далей, ужо, праўда, убачыўшы, для чаго нам патрэбен каранцін.
Сярод добрых людзей
У жыцці чалавека шмат прыгожых, памятных дат: дзень народзін у 16, у 25... У 33, 55, 77 (калі дажывеш).
Дзеду Мацвею 88, і ён іх вельмі годна сустрэў: на сваіх нагах, пры памяці, хоць, здараецца, яна і падводзіць. Напрадвесні вось ранічкай доўга збіраўся, у краму выйшаў і амаль дайшоў — успомніў, што мабільнік забыў. «Вяртацца, — падумаў, — благая прыкмета. Ды і каму я зранку патрэбен? Ніхто ж не будзе званіць».
Таму дзед спакойна прайшоўся па гандлёвай зале, выбраў сабе што трэба, разлічыўся. На вуліцы яшчэ знаёмца сустрэў — разам працавалі, праўда, у мінулым стагоддзі, даўно, але ж усё роўна ёсць што ўспомніць, аб чым пагаварыць.
З паўгадзіны на лаўцы сядзелі — на першым сапраўдным сонейку грэліся. Маглі б і даўжэй, але той знаёмец у цырульню спяшаўся. «Во, а мне ж таксама добра было б пастрыгчыся», — падумаў дзед, але наважыўся туды не адразу: апошнія гадоў з дзесяць дачка яго стрыгла — сама. Дзеду падабалася: ні табе ісці куды, ні потым грошы плаціць... Зараз — хіба за кампанію?
Удвух з тым знаёмцам яны дайшлі да цырульні, пачакалі адзін аднаго, пастрыгліся, потым збочылі яшчэ на рынак — прыцаніліся да гародніны...
Дамоў дзед вяртаўся добра стаміўшыся і бліжэй пад абед. Здалёк яшчэ ля свайго пад'езда згледзеў ладную купку людзей. Падумаў, што яны, відаць, таксама на сонца выйшлі — вясна...
Факт, што дзед не здзівіўся, а вось яму...
— Паўлавіч?! Ты? Жывы-здаровы? — зашумелі суседзі. — А мы ж не ведалі, што і думаць, што рабіць! Тэлефоны твае маўчаць, абодва — і хатні, і мабільны, у дзверы званілі — таксама ніхто не адгукаецца... Думалі, ты ўжо таго — самую цяжкую работу зрабіў, з жыццём развітаўся... Хацелі дзецям тваім званіць, дзверы ўзломваць, грошы збіраць...
«І яны ж маглі, — дабраўшыся да сваёй канапы, падумаў Паўлавіч (і потым сваім расказаў...). — Дружны пад'езд — нічога не скажаш: людзі збольшага пажылыя, добрыя... Значыць, нельга без мабільніка з дому выходзіць, бо наступны раз прывалачэшся, недзе затрымаўшыся, а пад дзвярыма ўжо і труна стаіць».
Вылечаць...
Зарадкай у многіх дамах-кватэрах займаюцца хіба тэлефоны. У гэтым — яшчэ і дзед з бабуляй: штовечар, у любое надвор'е, яны выходзяць на прагулкі, а каб «мазгі не ржавелі», разгадваюць розныя рэбусы ды тэсты-крыжаванкі.
Сярод любімых — «кіношныя». Спытайце, з якога фільма «Нашы людзі ў булачную на таксі не ездзяць», «У цябе ўсё па правілах, а бываюць яшчэ і выключэнні», «Птушачку шкада», «Гані рубель, сваяк!..» ды многае іншае — могуць пакрыўдзіцца, бо гэта ж як двойчы два.
...З яшчэ прасцейшага крылатае: «І цябе вылечаць... І цябе таксама вылечаць... І мяне...»
Былі такія спадзевы.
І засталіся — не захварэць.
Валянціна Доўнар
Ад яе ж. Кажуць, у аднаго празорцы на дзвярах «офіса» красавалася аптымістычнае, што ўсё напрыканцы будзе добра, а калі не (нядобра — пакуль), то гэта — яшчэ не канец.
І сапраўды, працяг будзе.
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/prostaya-mova-0
[4] https://zviazda.by/be/prostaya-mova