Ход сабакам
У Пятра Сцяпанавiча стрэслася бяда: раптоўна, нечакана памёрла жонка. Толькi ж пайшла на пенсiю, здавалася б, жыць яшчэ доўга i жыццю радавацца, унукаў песцiць, а тут — як гром сярод яснага дня: адказала сэрца.
Пётр Сцяпанавiч пэўны час хадзiў сам не свой, счарнеў, схуднеў, зусiм пазбавiўся апетыту. Жылi яны з жонкай удваiх, дзецi — дачка з сынам — асобна. Неўзабаве ў дачкi старэйшая дзяўчына, Святланка, пабралася шлюбам з прыгожым хлопцам, з якiм разам працавалi ў «Еўраопце», i дачка з мужам на сямейным савеце вырашылi пакiнуць маладым сваю двухпакаёвую кватэру, а самiм перабрацца да бацькi, да Пятра Сцяпанавiча, значыць, у такую ж. Апошняму сказалi прыкладна наступнае: табе з намi лягчэй будзе, дарагi наш чалавек, усё ж старасць — не радасць, там, можа, хуткую дапамогу выклiкаць трэба будзе, а хто гэта зробiць, калi сам не зможаш, а так мы будзем заўсёды побач. Пад рукой. Ды i гатаваць самому ежу не трэба. А гэта, пагадзiся, вялiкi плюс. Пра тое, што за кватэру будуць плацiць, нi слова. У бацькi, маўляў, пенсiя неблагая, адзення хопiць да канца жыцця, паспеў бы панасiць хоць тое, што ёсць. Ну а калi падкупiць што-небудзь спатрэбiцца з дробязi, то бяды тае! А так куды яму яшчэ грошы дзяваць?
Пётр Сцяпанавiч i сам узрадаваўся, калi пачуў ад дачкi з зяцем такую прапанову. Пераязджайце, жывiце. Месца хопiць. Я стары i вы немаладыя — як-небудзь паладзiм.
Яны i жылi добра, памiж iмi панаваў лад. Зяць нiколi не павышаў голаса на жонку, што асаблiва радавала бацьку, уважлiвы, абыходлiвы быў з iм. Iншы раз прыносiў бутэльку гарэлкi, яны доўга сядзелi тады на кухнi, бралi па кiлiшку i гаманiлi пра жыццё-быццё.
А неяк зяць прынёс сабачку. Сказаў, знайшоў на дварэ. Нехта, няйначай, выкiнуў. Пашкадаваў, падабраў, а тым, хто пазбавiўся ад шчанюка, выпiсаў некалькi няласкавых слоў.
Шчанюк хутка рос, а разам з гэтым стварыў нямала i праблем. Сваiмi вострымi кiпцюрамi папсаваў шпалеры ў пярэдняй, пагрыз тое-сёе з мэблi. Не ведалi, куды хаваць ад яго абутак. А там i не заўважылi, як сабака стаў вялiкi — якраз такi, як Мухтар, што ледзьве не кожны дзень ловiць на тэлеэкране парушальнiкаў законнасцi.
— Тата, — сказала, сарамлiва хаваючы вочы, аднойчы дачка, — ты ж бачыш, колькi праблем стварыў нам сабака. Можа, ты з iм пераехаў бы на дачу, як думаеш? Дом у нас там добры. Дровы ёсць. Тэлевiзар возьмеш са свайго пакоя. А мы цябе праведваць будзем...
...Пётр Сцяпанавiч ужо некалькi гадоў жыве на дачы. У горад раней прыязджаў па пенсiю, пэўную суму грошай ашчаджаў дачцэ i зяцю. А пазней, калi даведаўся ад добрых людзей, што «цiхi i добры зяць» наўмысна раздабыў недзе шчанюка, каб з цягам часу i зрабiць гэты «ход сабакам», выкурыць старога з гарадской кватэры, тады ўзяў у ашчадным банку картку. Прадукты харчавання можна купiць па ёй i ў суседняй вёсцы. Вёска блiзка, а выбар у краме там багаты, гораду не саступае. Ды i за кватэру няхай самi плацяць. Не будуць такiмi разумнiкамi!
Стары збiраўся сказаць пры зручным выпадку зяцю, якi ён нягоднiк, а потым суцешыў сябе: а мне тут, на дачы, можа, яшчэ i лепш. Бяды той! Ён гладзiў сабаку, казаў яму добрыя словы i нiколькi не шкадаваў, што той з'явiўся ў яго жыццi...
Прадбачлівасць
На мiнулым тыднi да Зоi Пятроўны заглянуў старэйшы сын Юрка, сказаў: быў у бацькi ў бальнiцы, адвёз яму што той прасiў, таму не хвалюйся за яго — няхай спакойна папраўляе здароўе. Заадно пахвалiўся: набыў новую пральную машыну i не можа нарадавацца. Як толькi сын прычынiў за сабой дзверы, старая падышла да сваёй пральнай машыны, закiнула бялiзну, уключыла... I толькi цяпер заўважыла, што яна быццам не так працуе — падоўгу маўчыць, а калi пачынае выконваць чарговую аперацыю, то робiць гэта неяк неахвотна, марудна.
Назаўтра яна патэлефанавала сыну: прыедзь, паглядзi, што зрабiлася з маёй «сцiралкай». Сын прыехаў. Разабраўся, нiчога такога не знайшоў. «Ды ўсё нармальна, мама! Дарэмна хвалюешся. На ваш век з бацькам яе хопiць...» I паехаў. Але тое, што машыне ўжо дзесяць гадоў, не давала старой спакою. «Бач ты яго, Юрку! Сваю памяняў, нiбыта выпрацавала рэсурс, а нам, бацькам, i так добра будзе. Не атрымаецца!»
Як толькi выпiсалi з бальнiцы Рыгора Сцяпанавiча, яна пацягнула яго ў краму, што побач з iх домам i дзе тых пральных машын — вочы разбягаюцца. I хоць стары ўпарцiўся, як i сын, неўзабаве новая пральная машына стаяла ў ванным пакоi. Зоя Пятроўна не магла нарадавацца. Суседкам жа хвалiлася:
— Рыгорка ж мой слабенькi, баюся, адна застануся. Дык пакуль дзве пенсii атрымлiваем, рашылi памяняць «сцiралку». Бо калi адна застануся, як зраблю гэта? А новая ж машынка яшчэ i пасля мяне паслужыць людзям. Тая, старая, у любы момант магла аддаць канцы, i я б засталася каля разбiтага карыта... А цяпер я спакойная... Хоць хто яго ведае, можа, мой Рыгорка яшчэ i мяне перажыве... Хай жыве... Хiба ж я супраць?.. Аднак тыл павiнен быць забяспечаны...
Хітрасць
Валянцiна Адамаўна вырасла ў вёсцы. Сям'я ў iх была вялiкая па сённяшнiх мерках — ажно пяцёра дзяцей: тры хлопцы i дзве дзяўчынкi. Бацькi працавалi ў калгасе. Мацi — даяркай, а бацька перабраў шмат вясковых спецыяльнасцяў. I за плугам хадзiў, i ў будаўнiчай брыгадзе быў не апошнiм чалавекам, а калi ўжо пастарэў, то стаяў на калгасных вагах. Ён так i адказваў цiкаўным на пытанне, чым займаецца сёння: «Стаю на вагах!» I вымаўляў гэта з нейкiм асаблiвым непрыхаваным гонарам. Мо таму, што праца была лёгкая i яе атрымаць многiя жадалi б, а, бач ты, пашэнцiла яму.
Сёння старых няма ўжо на гэтым свеце, а бацькоўскае гняздо, вядома ж, апусцела: з дзяцей нiхто не застаўся ў вёсцы. У гарадах, вялiкiх i маленькiх, уладкавалiся яны ўдала, маюць добрыя прафесii i дружныя сем'i. Сама ж Валянцiна Адамаўна жыве ў раённым гарадку, тут працуе на заводзе i адзiная яе дачка. Скончыла ў свой час iнстытут, займае добрую пасаду i вельмi часта ездзiць у камандзiроўкi ў Маскву. А ў Белакаменнай яшчэ з савецкага часу трывала абсталяваўся старэйшы брат Валянцiны Адамаўны — Генадзь. Ён чалавек адукаваны, мае вышэйшую адукацыю i, хоць атрымлiвае пенсiю, яшчэ працуе. Сястра ганарылася братам: значыць, спецыялiст добры, калi трымаюць у калектыве нават у такiм сталым узросце. Некалькi разоў дачка Валянцiны Адамаўны, калi той надаралася камандзiроўка ў Маскву, сустракалася з дзядзькам. Той страчаў яе на вакзале, i заўсёды з кветкамi. А iншы раз запрашаў дадому. Хоць гэта было яму i нязручна, бо трэба было адпрошвацца на працы, i калi рабiць такое часта, то супрацоўнiкi пачыналi, як кажуць, крыва глядзець. Каб жа хоць жонка не працавала, а то ж i яе дома не было.
Генадзь Адамавiч сустрэў пляменнiцу раз, другi, а потым спаслаўся на занятасць. Ды i навошта бачыцца так часта? У дзяўчыны свае планы, у яго — свае. Тым больш, каб прыехаць на той жа Беларускi вакзал, ён трацiў на дарогу больш за гадзiну. Няблiзка. Ды i не маленькая — калi так ужо ёй трэба пабачыць дзядзьку, магла б, разважаў, i сама дабрацца. I як толькi Валянцiна Адамаўна чарговы раз тэлефанавала брату i называла дзень i час прыезду дачкi, той сумна ўздыхаў i нiчога канкрэтнага не абяцаў... Цi проста адказваў: яна ведае, дзе я жыву, няхай прыязджае.
Пляменнiца не прыязджала. У яе была забранiравана гасцiнiца. Ды, магчыма, i самой не надта хацелася губляць час на дарогу да дзядзькi, тым больш што iм не было асаблiва пра што i пагаманiць. Розны ўзрост, розныя погляды на жыццё.
Таму неяк самi па сабе такiя сустрэчы паступова спынiлiся. А тут нядаўна Валянцiна Адамаўна зноў тэлефануе брату:
— Генка, заўтра мая дачушка едзе ў Маскву, дык я перадала для цябе падарункi — палачку нашай беларускай каўбаскi, скрыль сала i паўлiтэрку...
Брат усмiхнуўся i, калi паклаў трубку, паглядзеў на жонку:
— Ну i хiтрая ж у мяне сястра! Давядзецца ехаць на вакзал — каб не пакрыўдзiць яе. Нiчога не паробiш. Можна падумаць, што ў нас няма нi каўбасы, нi сала, нi паўлiтэркi...
Паглядзеў
Пра гэты выпадак мне расказаў гамяльчанiн Валянцiн Чэпелаў. Паверым яму.
Шасцiдзясятыя гады мiнулага стагоддзя. Караганда. У адзiн з летнiх спякотных дзён усталявалася чарга па пiва, якiм, прынамсi, яшчэ i не пачыналi гандляваць: толькi-толькi падвезлi бочку. Аднак натоўп гуў як вулей, i калi нехта збiраўся ўтыркнуцца ў жывы ланцужок блiжэй да жаданага напою, а такiя нахабнiкi знаходзiлiся, то iх тут жа ставiлi на месца: пастой, дружа, мы такiя ж аматары гэтага халодненькага пiўка, як i ты. Апрастаць без чаргi куфель-другi не атрымаецца. Май на ўвазе.
Тут, нiбы чараўнiк, з'явiўся нiчым не прыкметны мужчына. Ацанiўшы сiтуацыю, ён адразу ж пашыбаваў да пiўнiка. На яго, вядома ж, зашыкалi. Мужчына ўзняў руку, папрасiў цiшынi:
— Спакойна, грамадзяне. Спакойна. Беражыце нервовыя клеткi. Вы мне яшчэ дзякуй скажаце.
Ланцужок насцярожыўся: што там яшчэ за штукар знайшоўся, чаго ён хоча? А мужчына пацiкавiўся ў гандляра, колькi грошай каштуе ўсё пiва, якое знаходзiцца ў пузатай бочцы. Пiўнiк, здзiўлена пацiскаючы плячыма,
назваў кошт — хутчэй за ўсё не надаючы гэтаму пытанню асаблiвага значэння:
— Тысяча дзвесце рублёў. Так, хто там у нас першы? Налiваем!..
— Пачакай, не спяшайся. Прадай мне ўсю бочку.
— Усю... бочку? — у пiўнiка, як падалося, палезлi вочы на лоб.
— Так, так. Ты не памылiўся. Цалкам.
— А што ты з ёю будзеш рабiць? — не мог зразумець пiўнiк i палiчыў яго ўсё ж, мабыць, дзiваком.
— Там пабачыш...
— Дык мяне ж чарга разарве! — ацанiў абстаноўку i сам гандляр. — Ты, няйначай, гэтага хочаш?
— Даю слова: нiхто цябе i пальцам не кране, — мужчына нарэшце прыклаў руку да сэрца. — Сам у гэтым пераканаешся. Ну, дык як? Думай, думай!
А чарга гула, бо гляньце ж вы на гэтага нахабнiка — тут смага мучыць, а ён затрымлiвае працэс.
— У каршэнь яму! — параiў хтосьцi. — Нягоднiк! Хам! Не шкадуйце кухталёў!..
Аднак пiўнiк спакусiўся i ўзяў пук грошай у мужчыны:
— Ну, калi так... Распараджайся. Бочка твая.
— Грамадзяне! — падняў руку мужчына. — Прашу ўвагi! Сёння я частую вас пiвам бясплатна! Падыходзьце! Хто колькi адужыць — усё ваша! Пiце на здароўе!.. Пакуль пуза не развяжацца!..
Не цяжка ўявiць, якi адразу ж узняўся вэрхал. Кожны стараўся налiць сабе чым болей пiтва, адкуль i посуд толькi браўся. Пачалiся штурханнi, таўкатня, а пазней усчалiся i сапраўдныя бойкi. Нехта выклiкаў мiлiцыю, бо справа разгортвалася не на жартачкi. Мужчына, якi не пашкадаваў грошай на пiва для землякоў, быў адразу ж выяўлены i дастаўлены ў аддзяленне. Пачалi, вядома ж, яго там дакараць-выхоўваць:
— Як жа так, шаноўны? Сваiм учынкам вы справакавалi беспарадкi ў нашым культурным горадзе. Ды i даўмецца ж трэба — купiць усю бочку! Ай-я-яй! У вас што, з галавой не ўсё ў парадку?
Мужчына, апраўдваючыся, прызнаўся:
— Ды з галавой, здаецца, усё добра. Але ўжо калi так атрымалася, то даруйце, таварышы мiлiцыянеры. Я толькi хацеў паглядзець, як мы пры камунiзме жыць будзем...
Васіль ТКАЧОЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/vasil-tkachou
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyccyovinki