Такія шэдэўры вырабляюць удзельнікі ўзорнага тэатра моды «Спадчына» Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. За 20 гадоў існавання тут выканалі і прадэманстравалі больш за 40 калекцый, большасць з якіх — саламяныя.
Заняткі ў студыі выяўленчага мастацтва вядзе Марыя Бардасава.
Ваўкавыскі дом творчасці — вельмі прыгожы будынак. Раней тут была школа, потым будаўнічы ліцэй, а з мінулага года трохпавярховы будынак у новым, адрамантаваным выглядзе перададзены школьнікам для творчых заняткаў.
У цэнтры ганарацца сваім скаладромам, які цяпер карыстаецца добрым попытам. Сцяна для альпінізму знаходзіцца ў прасторнай спартыўнай зале. А яшчэ тут можна ўбачыць вельмі цікавую калекцыю саламянага адзення, і гэта сапраўдны цуд. Унікальныя касцюмы вісяць у гардэробнай, некаторыя надзеты на манекены. Але настае час, і яны «ажываюць». Саламяныя калекцыі здзіўлялі на рэспубліканскіх фестывалях «Дажынкі», «Славянскі базар у Віцебску», фестывалі нацыянальных культур у Гродне, Днях беларускай культуры ў Маскве, міжнародным конкурсе высокай моды нацыянальнага касцюма ў Мінску і многіх іншых святах, конкурсах, кірмашах...
А рыхтуюць і дэманструюць незвычайнае адзенне ўдзельнікі ўзорнага тэатра моды «Спадчына», што створаны тут 20 гадоў таму. Ідэю прапанавала дырэктар цэнтра творчасці Яўгенія Валынец. Яна ў той час вярнулася з семінара, на якім дэманстраваўся незвычайны касцюм з макрамэ. Было зразумела, што мадэль толькі для паказу. Такі кірунак здаўся кіраўніку цэнтра творчасці вельмі цікавым, і яна прапанавала педагогам, якія займаліся дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, стварыць пробную калекцыю. З ёй школьнікі паехалі на рэспубліканскі конкурс «Блакітная пралеска».
— Яны вярнуліся 1 красавіка і сказалі, што занялі на конкурсе першае месца, але я падумала, што гэта жарт, — успамінае Яўгенія Генрыхаўна. — Пасля такога поспеху мы вырашылі стварыць студыю моды. Назвалі «Спадчына» — такую назву далі і адной з першых саламяных калекцый.
Загадчыца аддзела па асноўнай дзейнасці Вольга Кухцюк дэманструе касцюм з калекцыі «Беларуская прыгажуня».
Кіруюць тэатрам моды дзве сястры — педагог Ала Сурмінава і харэограф Марына Рудзіеўская. Яны разам з дзецьмі рыхтуюць і самі касцюмы, і іх паказ. У багажы тэатра шмат калекцый з выкарыстаннем саломкі. Сыравіну прывозяць з гаспадарак, дзе школьнікі разам з педагогам самі яе нарыхтоўваюць, сушаць, а потым робяць касцюмы. У некаторых калекцыях саломка складае большую частку мадэлі. Усе касцюмы маюць нацыянальны каларыт, як і назвы саміх калекцый — «Спадчына», «Саламянае лета», «Алеся», «Чарнявая, бялявая», «Саламяныя карункі», «Галасы радзімы», «Беларускі вянок», «Подых мінулых вякоў», «Беларуская прыгажуня», «Сэрца зямлі маёй»... Многія з гэтых калекцый атрымалі высокія адзнакі на конкурсах. Менавіта саламяныя калекцыі два гады запар займаюць першыя месцы ў міжнародным конкурсе «Фальклор без меж», які праходзіць у Расійскай Федэрацыі.
— У значнай ступені поспех узорнага тэатра моды «Спадчына» залежыць ад кіраўнікоў. Напрыклад, Ала Сурмінава — народны майстар па саломапляценні, у яе талент ад прыроды. А харэограф Марына Рудзіеўская працуе з будучымі мадэлямі, выпраўляе постаць, паходку, і ў хуткім часе з нязграбнага падлетка атрымліваецца прыгожая дзяўчына з прыгожымі рухамі, — апавядае Яўгенія Валынец.
Тэатр моды пастаянна развіваецца, ствараюцца новыя калекцыі. Прычым цуды нараджаюцца з самых простых, здавалася б, рэчаў. Напрыклад, нехта прынёс з бабулінага куфэрка льняную тканіну, хтосьці — старыя вязаныя рэчы ці старадаўні абрус. Ваўкавыскія дызайнеры пасядзяць, падумаюць і зробяць камбінаваную калекцыю. Тэатр моды фінансава падтрымліваюць мясцовыя органы ўлады, таксама калектыў і сам зарабляе канцэртамі і спектаклямі. Значныя сродкі выдаткаваны з Фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. За іх набыта абсталяванне, швейныя машынкі, аверлок, тканіна.
Як расказалі ў цэнтры творчасці, цяпер шыецца чарговая калекцыя. Каб зрабіць здымак, мы папрасілі адну з супрацоўніц цэнтра прымераць саламяны касцюм. Пад яго падабралі і галаўны ўбор — адмысловы вяночак. Атрымаўся прыгожы і рамантычны вобраз — тое, што ўвогуле заўсёды было ўласціва сапраўднай беларусачцы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/salomka
[4] https://zviazda.by/be/tags/centr-tvorchasci
[5] https://zviazda.by/be/tags/vaukavyski-rayon