Сёння з нагоды Вялікадня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Лядзенскі Дабравешчанскі мужчынскі манастыр.
Першапачаткова ў Лядах існавала невялікая драўляная царква. Ініцыятарам яе будаўніцтва выступіла жонка мінскага ваяводы Тэрэза Завіша. Яна доўга і цяжка хварэла, просячы вылячэння ў Жыровіцкай іконы Божай Маці, спісак якой пасля выздараўлення падарыла Лядзенскаму храму. Абраз атрымаў назву Лядзенскага.
У манастыры маюцца дакладны спісак Ватапедскай іконы Божай маці «Радасць і Суцяшэнне», абразы «Усецарыца», «Герантыса». У цяперашні час у манастыры 17 манахаў і паслушнікаў.
На тэрыторыі манастыра кіраўніка дзяржавы пад перазвон віталі дзеці прыхаджан Свята-Дабравешчанскага Лядзенскага храму. Малыя ўручылі Аляксандру Лукашэнку букет і кошык з велікодным наборам.
У храме Аляксандр Лукашэнка запаліў свечку ля іконы Уваскрэсення Хрыстова.
У сваім віншаванні з Вялікаднем сакратар Барысаўскага епархіальнага ўпраўлення протаіерэй Сергій Башкіраў адзначыў, што ўваскрэсенне Збавіцеля — асаблівы дзень для кожнага чалавека.
«Найважнейшая падзея ў гісторыі чалавецтва — ратаванне чалавецтва праз уваскрэсенне Госпада, Бога, які ўвасобіўся. І калі мы перажываем гэтую падзею, мы, канешне, напаўняемся надзеяй, радасцю і разумеем, што ёсць у нас абаронца вельмі сур'ёзны», — сказаў святар.
Протаіерэй паднёс Аляксандру Лукашэнку ў падарунак ікону «Заступніца» («Алтарніца»). Копія цудатворнай старадаўняй візантыйскай іконы выканана на палатне з выкарыстаннем унікальнай тэхналогіі, якая дазваляе перадаць якасную шаўкаграфію ручной працы. Аправа абраза выраблена са срэбра 925 пробы. Арыгінал іконы знаходзіцца ў Ватапедскім праваслаўным грэчаскім мужчынскім манастыры на Святой Гары Афон у саборным храме манастыра.
А малодшаму сыну Прэзідэнта Мікалаю сакратар ўпраўлення падараваў духоўную павучальную літаратуру і велікоднае яйка.
Звяртаючыся да вернікаў, Аляксандр Лукашэнка пачаў з падзякі за тое, што людзі не баяцца прыходзіць у храм.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, размаўляючы з прыхаджанамі ў цэрквах, ніколі і нічога не хавае. Паводле яго слоў, у палітыцы гэта ў прынцыпе рабіць складана.
«Мушу вам сказаць, што я не вітаю тых, хто закрыў шлях людзям да храма. Я не вітаю такой палітыкі», — прызнаў лідар краіны.
Яго пазіцыя вядомая: людзі перажываюць вірусы кожны год. І заўсёды, асабліва вяскоўцам, дапамагала прырода — лес, свежае паветра, мясцовае харчаванне.
«Я стараюся так жыць, будучы кіраўніком дзяржавы. Так жывуць мае дзеці. І дай Бог, каб усё склалася так, як мы задумалі. Баяцца нічога не трэба. Яшчэ раз падкрэслю: мільёны моляцца Госпаду. Я шмат такіх ведаю, якія надзеленыя вялікай уладай, — але, як толькі наступіў гэты псіхоз, нават не хвароба, усе рванулі не ў храм, а ад храма. Нядобра», — абазначыў свой пункт гледжання Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў — кожны мусіць сам вырашаць, як жыць яму і яго дзецям. Сам жа кіраўнік дзяржавы зыходзіць з таго, што заўсёды трэба дзейнічаць адпаведна абставінам. Калі патрэбна маска — апрануць (толькі не ў вёсцы, удакладніў лідар краіны), трэба паберагчыся — застацца дома.
«Не трэба напярэдадні светлых святаў людзей запіраць у кватэрах. Гэта тычыцца ўсіх, не толькі нас. Перыяд няпросты, і сапраўды людзі хварэюць — як заўсёды. Але гэта не значыць, што мы ўжо пераадолелі ўсе нягоды, усялякае можа быць — таму мы і прыйшлі ў храм. Раз прыйшлі, значыць упэўненыя, што Ён на нас глядзіць. І калі Ён насамрэч нас бачыць, то Ён нам дапаможа, інакш не можа быць. Але дзесьці і пакарае за ўсе нашы грахі», — перасцярог Аляксандр Лукашэнка.
Ён прадказаў, што розныя дзяржавы па-рознаму скарыстаюцца гэтай сітуацыяй ва ўласных мэтах. Гэта бачна ўжо сёння, бо лячэнне стала палітыкай і супярэчыць падыходу «разам пераадолець лягчэй».
«Усё гэта пройдзе. Вось няма ніводнага чалавека, які б сказаў, што гэта не пройдзе. А што будзе пасля гэтага з намі? Я аб гэтым папярэджваў: нам трэба падумаць, што будзе з намі пасля. Я прыняў рашэнне, што мы не павінны закрывацца, што мы мусім працаваць», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
«Мы не закрывалі граніцы. Вакол нас закрыліся. Ну, закрыліся, і закрыліся. Вызначылі калідоры — мы транзітная краіна. Не без праблем. Але тысячы аўтамабіляў велікагрузных возяць неабходныя грузы праз нас і нам з захаду на ўсход, тысячы вагонаў у Кітай. Я зараз не бачу, што мы ў чымсьці памыліліся. І вы, людзі, не настолькі ўцягнутыя ў гэты працэс, бачыце, што ў Беларусі паступілі правільна», — звярнуўся да вернікаў Прэзідэнт.
Ён зыходзіць з таго, што кожны чалавек сам лепш распарадзіцца ўласным жыццём. Напрыклад, вясковыя людзі жывуць у большай гармоніі з прыродай, у меншай цеснаце.
«Калі мы пройдзем гэты перыяд годна, гэта будзе цудоўная старонка ў жыцці нашай краіны, у жыцці нашага народа. А вы, хто прыйшоў сёння ў гэты святы храм, упішыце добрую старонку ў сваё жыццё. Таму я жадаю вам быць здаровымі. Бо ўваскрэсенне Хрыстова — гэта сведчанне перамогі дабра над злом, гэта прыклад самаахвярнасці. І таму мы не павінны хавацца за сцянамі храма і баяцца зайсці ў храм, таму што Ён не баяўся, Ён ахвяраваў дзеля людзей. Чаму ж мы схаваліся?», — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.
Ён растлумачыў, што так шчыра падзяліцца думкамі з прыхаджанамі яго вымусіла ўсведамленне таго, што вернікаў хвалююць гэтыя пытанні.
«Давайце казаць адкрыта, у сілу нашай Канстытуцыі ад Прэзідэнта ў нашай краіне шмат чаго залежыць. І я вам шчыра і сумленна кажу аб палітыцы ўлады. А хто правы, хто вінаваты — літаральна праз чатыры месяцы, калі вы будзеце вызначацца, хто будзе вамі кіраваць, якая будзе ў вас улада. Гэта вы вырашыце самі — вырашыце спакойна. Але я вам гарантую, што чарговыя выбары ў нашай краіне пройдуць абсалютна сумленна, і мы сумленна і прыстойна будзем казаць вам, як развіваецца наша краіна», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз супакоіў насельніцтва, што ў Беларусі ніхто не памёр выключна праз каранавірус, і нагадаў не забывацца на іншыя небяспечныя хваробы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не можа зразумець, на што разлічвае чалавек, асабліва сталы, які адчувае сябе дрэнна, калі не звяртаецца да ўрача.
«Калі раптам што, вы тэлефануйце ў любыя органы ўлады, хуткую дапамогу, калі не ведаеце нумары, і мы неадкладна адрэагуем. І вы ўсе будзеце жывы і здаровы. Але зноў: гэта ж у вашых руках. Мільёны людзей — мы ж кожнага не паглядзім, гэта немагчыма. Таму паберажыце сябе, падумайце аб гэтым», — звярнуўся да беларусаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён зноў нагадаў і пра станоўчыя вынікі, якія дала нам эпідэмія: у будучыні трэба працягваць рэгулярна мыць рукі з мылам, адказна ставіцца да бліжніх, праводзіць дэзінфекцыю месцаў агульнага карыстання. Усё гэта павінна застацца назаўсёды, як вывад з гэтай складанай сітуацыі, упэўнены Прэзідэнт.
«Заўсёды будуць і здаровыя, і хворыя, ад гэтага нікуды не дзенешся. Людзі будуць нараджаць і людзі будуць сыходзіць з нашага жыцця — гэта таксама закон, але мы павінны дбаць самі перш за ўсё аб сабе і аб сваім жыцці і берагчы сябе. Так, як Ён нам і завяшчаў. Не перажывайце. Калі вы зробіце насустрач свайму здароўю маленькі крок, у нас з заўтрашняга дня будзе лепш. Усё залежыць ад нас з вамі», — заклікаў кіраўнік краіны.
У храме ён паабяцаў, што ўлада зробіць усё, каб людзі былі абароненыя.
«Калі мы будзем разам, усё будзе добра»
«Усе народы свету пакутуюць сёння і ад таго, як нагнятаецца сітуацыя, і ад хваробы. Я хачу з гэтага храма звярнуцца да нашых братоў — расіян і украінцаў. Яны, як і мы, перажываюць няпросты час, можа быць, нават складаней у іх сёння, чым у нас. Я хачу ад усіх нас пажадаць ім здароўя. Хачу, каб бог пачуў і дапамог ім пераадолець гэту бяду», — пажадаў Прэзідэнт Беларусі.
Ён таксама выказаў жаданне, каб беларусы і ўкраінцы жылі ў міры і згодзе. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены: калі братэрскія народы будуць верыць і імкнуцца жыць менавіта такім чынам, пераадолеюць усе нягоды.
«Я таксама хачу звярнуцца да нашых суседзяў — палякаў, літоўцаў, латышоў — і пажадаць ім хуткага выздараўлення. А таксама еўрапейцам, амерыканцам, кітайцам, якія здорава нам дапамагаюць у лячэнні людзей. Іх досвед вельмі вялікі. Усім, усім тым людзям, якія жывуць мірна і хочуць жыць так надалей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Як бы ні было ў нашай гісторыі, ніхто не здолеў забараніць гэта свята. Я ведаю, пра што кажу», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах першай асобы дзяржавы, яго любімыя святы — Каляды і Вялікдзень. На іх Прэзідэнт Беларусі заўсёды наведвае храм.
«Як бы ні складваліся абставіны. Гэта святое. Гэта прынцып майго жыцця. Хачу, каб і вы кіраваліся сваімі добрымі і светлымі прынцыпамі свайго жыцця. І тады Ён, убачыўшы гэта, абавязкова дапаможа. Хрыстос уваскрос! Будзьце здаровыя, не хварэйце, верце. Будзеце верыць — будзеце жыць», — павіншаваў вернікаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ад сваёй сям’і перадаў у дар храму ікону «Уваскрэсенне Хрыстова. Анёл каля Труны Гасподняй». Абраз адлюстроўвае сюжэт, апісаны ў кананічных евангельскіх тэкстах «З’яўленне анёла жанчынам-міраносіцам». Аўтар іконы — Андрэй Жараў, абраз выкананы ў тэхніцы васковай тэмперы на дошцы і ляўкасе васковай тэмперы з натуральнымі мінераламі і сусальным золатам. Упрыгожылі храм і традыцыйныя белыя ружы ад Прэзідэнта.
Варвара МАРОЗАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyalikdzen