На базе Мiнскага гарадскога ўпраўлення па надзвычайных сiтуацыях дзейнiчае незвычайны Цэнтр навучання асновам жыццядзейнасцi. Носiць ён назву «Музей агню». Цэнтр не толькi знаёмiць з гiсторыяй пажарнай службы сталiцы, але i вучыць дзяцей таму, як дзейнiчаць у розных надзвычайных сiтуацыях. А заадно там наглядна дэманструецца, да чаго прыводзiць бесклапотнасць.
— Калiсьцi, яшчэ ў 1970-я гады, тут была арганiзавана выстаўка дзiцячай творчасцi i пажарнага аварыйна-выратавальнага абсталявання, — згадвае начальнiк сектара прапаганды бяспекi жыццядзейнасцi цэнтра прапаганды i сацыякультурнай дзейнасцi Мiнскага гарадскога ўпраўлення МНС Iрына Уласевiч. — Але да 160-годдзя пажарнай службы, якое адзначалася ў 2013 годзе, наш «Музей агню» перажыў рэканструкцыю i папоўнiўся вельмi цiкавымi экспанатамi.
Музей карыстаецца вялiкай папулярнасцю ў сталiчных школьнiкаў. За год iх праходзiць праз дзве залы некалькi тысяч.
— Толькi ўявiце сабе лiчбу: у 1986 годзе ў пажарах на тэрыторыi тагачаснай БССР загiнуў 101 малы! Гэта чатыры звычайныя класы. А летась гэтая колькасць зменшылася роўна ў 101 раз. Пэўна, ёсць у гэтым i наш унёсак. Мы не стараемся штосьцi хаваць, а наадварот, паказваем вельмi рэалiстычныя рэчы, якiя адвучваюць забаўляцца з агнём.
Дзве з паловай гадзiны, на якiя разлiчана экскурсiя, пралятаюць вельмi хутка. I мая задача — каб малыя сышлi адсюль крыху iншымi... Паказальная рэакцыя i дарослых. Настаўнiкi кажуць: яны нават i не ўяўлялi, што на пажары ўсё можа быць настолькi жудасна. I ўсе нашы экскурсii — гэта не лекцыi. Простая начытка дзецям нецiкавая. У нас пануюць дыялог i iнтэрактыў, каб малыя не толькi даведалiся пра нешта новае, але i адчулi на сабе.
Экспазiцыя першай залы прысвечана гiсторыi пажарнай службы да Кастрычнiцкай рэвалюцыi. Нягледзячы на войны, дзве нямецкiя i польскую акупацыю, некалькi каштоўных рарытэтаў удалося захаваць. А ў 1974-м сталiчныя ратавальнiкi, якiя тады падпарадкоўвалiся Мiнiстэрству ўнутраных спраў, атрымалi вельмi каштоўную дыяраму, прысвечаную аднаму з самых разбуральных пажараў у гiсторыi Мiнска. Здарыўся ён за 60 гадоў да пачатку Вялiкай Айчыннай вайны — 21 чэрвеня 1881 года.
Гiсторыя захавала нават час, калi пачалося бедства, — 10.30 ранiцы. «Адпраўным пунктам» стаў склад, дзе захоўвалiся шкiпiнар i смолы. Паколькi гэтыя рэчывы гараць вельмi добра, то агонь хуценька распаўсюдзiўся i на суседнiя пабудовы. I лiтаральна праз паўгадзiны ўжо палалi цэлыя вулiцы. Iмклiваму пашырэнню агню спрыяў моцны вецер.
Канешне, у той час у Мiнску дзейнiчала пажарная часць, было i Вольнае пажарнае таварыства. Але ў iх не было той тэхнiкi, якая адпраўляецца на баявыя выезды ў нашы днi. Усё, што мелi ў сваiм арсенале пажарныя XIX стагоддзя, — гэта бочкi на 400 лiтраў i ручныя помпы. Вада выпаралася ад страшнага жару яшчэ далёка ад агню. Ды i даставiць яе была тая яшчэ задача: конi палохалiся полымя i не маглi пад'ехаць блiзка, рэзка кiдалiся ва ўсе бакi. Пад пагрозай калецтва былi i людзi побач. Таму пажарныя вельмi шмат часу змарнавалi на тое, каб уратаваць хоць свой няхiтры скарб, каб ён не загiнуў пад капытамi напалоханых жывёл.
Агулам пажар бушаваў два днi. У попел i руiны ператварылася больш за 250 дамоў, 270 крам, склады i нават урадавыя ўстановы. Без даху над галавой засталося больш за дзве тысячы сем'яў. Часова iх размясцiлi ў казармах на ўскраiне горада, але калi войскi вярнулiся з чарговых манеўраў, гэты прытулак давялося пакiнуць. Зрэшты, як i горад — месца для пагарэльцаў у iм не знайшлося. А наперадзе была зiма...
— Гэты пажар падштурхнуў улады горада да пабудовы першага пажарнага дэпо, — кажа Iрына Уласевiч. — Яго будынак ацалеў — прыгожы трохпавярховы дом з чырвонай цэглы ўпрыгожвае вулiцу Гарадскi Вал. Стыхiя паўплывала i на горадабудаўнiчую палiтыку. У цэнтральнай частцы горада было строга забаронена ўзводзiць драўляныя дамы — менавiта таму будынкi, якiя дайшлi да нашых часоў, складзены з цэглы. Тады ж мiнскiя пажарныя закупiлi i трохкаленныя лесвiцы. Для таго каб выбiць акно, выкарыстоўвалася штурмоўка з круком. Але ўсё ж большую частку забудовы Мiнска складалi аднапавярховыя прыватныя дамы. На iх дах ратавальнiкi ўзлазiлi пры дапамозе складной лесвiцы-палкi. Яна ёсць на ўзбраеннi агняборцаў i цяпер. А пабачыць адзiн такi экземпляр можна якраз у музеi.
Яшчэ адзiн цiкавы экспанат — iкона «Неапалiмая Купiна». Раней яна была нязменным атрыбутам ледзь не кожнага дома. Лiчылася, што такi абраз абараняе жытло ад агню. На гэтай iконе адлюстравана зорка з васьмю канцамi. Напрыканцы 1990-х гадоў яе змясцiлi на эмблему выдзеленага са складу МУС Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях. Застаецца яна там i цяпер.
— Прычым частка экспазiцыi — iнтэрактыўная, — працягвае суразмоўца. — Гэта значыць, што школьнiкi могуць на сабе выпрабаваць, наколькi складаная была праца пажарных паўтара стагоддзя таму. Без трэнiроўкi пампаваць ваду ўручную доўга не атрымаецца нават у дужага падлетка. Ды i хапала 400-лiтровай бочкi на некалькi хвiлiн работы. Таму не раз пажарныя былi вымушаны ехаць да блiжэйшай ракi па новую порцыю вады. Самая ж небяспечная прафесiя была ў ствольшчыкаў, якiя адпраўлялiся ў самае пекла. I ў тыя часы iснавала негалоснае правiла: разявакi, якiя збягалiся паглядзець на тое, як тушаць полымя, старалiся аблiць ствольшчыка вадой. Гэта было неабходна для таго, каб хоць крыху прадоўжыць яго бесперапынную працу. Ствольшчыкi ў даўгу не заставалiся — пасля яны дзякавалi нераўнадушным месцiчам.
...Каля сцяны захавалася мадэль каланчы. Калiсьцi на iх дзяжурылi дазорныя, якiя пастаянна аглядалi горад з вышынi. Як толькi дзесьцi пачынаў курэць падазроны дымок — тут жа дазорны вывешваў адзiн са сцягоў, якi азначаў раён бяды, i пачынаў калацiць у звон. Гук набата разносiўся вельмi i вельмi далёка. Адна такая каланча дажыла i да нашых дзён. Яна знаходзiцца на вулiцы Магiлёўскай.
Калiсьцi пажарны разлiк выглядаў так: наперадзе на канi ляцеў брандмайстар, якi трубiў на ўсю моц сваiх лёгкiх. Ззаду разам з бочкай ехалi пажарныя, адзiн з якiх што меў сiлы калацiў у званок. Усё гэта было неабходна для таго, каб даць дарогу разлiку, якi спяшаўся лiквiдоўваць бяду. У тым лiку — i з рызыкай для ўласнага жыцця. На адной з палiц размешчаны аўтэнтычныя каскi царскай эпохi. Амаль на ўсiх iх жывога месца няма ад розных умяцiн. Гэта сляды ад таго, што абрыналася падчас гарэння проста на пажарных. Каб хоць крыху абаранiць iх, каскi выпускалiся на манер французскiх кiрас — з грабянём, якi выступаў наверсе.
У другой зале наведвальнiкаў сустракае iнтэрактыўны манекен, якога калiсьцi назвалi Карынай. Ён апавядае пра правiлы пажарнай бяспекi i падказвае, як правiльна выклiкаць ратавальнiкаў. Побач стаяць iншыя манекены — iх адзелi ў сучасную форму барацьбiтоў з агнём. На ёй не знайсцi нiводнага гузiка, толькi карабiны — яны вельмi надзейна зашпiльваюцца.
— Мы просiм дзяцей вывучыць, што нумар, па якiм можна выклiкаць падраздзяленнi МНС, — гэта не толькi 101, але i 112, — кажа Iрына Уласевiч. — Справа вось у чым. Колькасць тых, хто выязджае за мяжу, пастаянна расце. А ў iншых краiнах нумар службы выратавання далёка не 101. Напрыклад, у ЗША — 911, у Кiтаi — 119, а ў Чэхii — i наогул 150. Хiба ж можна запомнiць усе нумары, якiя дзейнiчаюць у кожнай дзяржаве? Таму ў Еўропе i з'явiўся адзiны ўнiверсальны нумар 112, да якога далучаецца ўсё больш краiн свету. I яго трэба ведаць нам усiм. А замацаваць веды дазваляе спецыяльны трэнажор.
Побач з манекенамi размешчаны страшны лiчыльнiк. Ён паказвае колькасць пажараў i тых, хто на iх загiнуў. Звесткi абнаўляюцца штодня. Крыху правей ад лiчыльнiка — нямыя сведкi пажару. Цэлы стол загружаны аплаўленымi электрычнымi прыборамi: тэлефонамi, тэлевiзарамi, радыёпрыёмнiкамi, магнiтоламi, чайнiкамi, прасамi. I ад усведамлення таго, што гэта рэальныя рэчы, а не макеты, становiцца яшчэ больш жудасна. Калiсьцi iх проста пакiнулi без нагляду, i якраз у гэты час у iх адбылося кароткае замыканне. Асобны стэнд наглядна дэманструе разбураныя секцыi шматпавярховага дома пасля выбуху газу.
Своеасаблiвай адсылкай да першай залы з'яўляецца панарама сталiчнай Нямiгi, размешчаная на адной са сцен. Толькi цяпер там паказаны яе сучасны выгляд. Побач з ёй — экспазiцыя амунiцыi i прылад ратавальнiкаў. Можна не толькi паглядзець, як яны эвалюцыянавалi за апошнiя паўстагоддзя, але i прымерыць на сабе цi патрымаць у руках.
А вось трэцяя зала «Музея агню» прызначана не для ўсiх. Там праводзяцца заняткi з тымi, хто адказвае за пажарную бяспеку ў арганiзацыях сталiцы, а таксама з галоўнымi iнжынерамi i дырэктарамi. Для iх арганiзуюцца кароткатэрмiновыя трохдзённыя курсы. Пасля такiх курсаў яны могуць праводзiць iнструктажы на рабочых месцах. Веды трэба асвяжаць раз на тры гады.
Валяр'ян ШКЛЕННIК
Фота Ганны ЗАНКАВIЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/muzey-agnyu
[5] https://zviazda.by/be/tags/pazhar
[6] https://zviazda.by/be/tags/vyratavalniki