Прадстаўляем суразмоўніка
Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Зіновій Прыгодзіч — аўтар больш чым дваццаці мастацкіх і дакументальных кніг. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, а таксама прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў. Кандыдат філасофскіх навук.
Працаваў галоўным рэдактарам газеты «Советская Белоруссия», першым намеснікам старшыні Дзяржкамдруку. Цяпер галоўны рэдактар папулярнага выдання «Гаспадыня. Сямейны часопіс».
Пастаянны аўтар «Звязды».
— У кнізе «Над Вісліцай» вы падзяліліся ўласным бачаннем дзён мінулых сваёй малой Радзімы — Піншчыны. Сёння я запрашаю вас зазірнуць у яе заўтрашні дзень, калі паўсюдна будзе гаспадарыць буйнатаварная вытворчасць. Хочам мы ці не, але будучыня айчыннага аграпрамысловага сектара — менавіта ў буйнатаварнай вытворчасці, далейшым узбуйненні гаспадарак. Праўда, не застанецца месца хутарам і нават маленькім вёсачкам, у якіх дагэтуль жывуць людзі.
Як вы лічыце, вось гэтая ломка вясковага побыту, якая стала прыкметай часу, чыста псіхалагічна даецца людзям проста?
— Калі задумацца, то гэта — сапраўдныя тэктанічныя зрухі, а мо і разломы, на значных тэрыторыях. Вы пытаецеся, як яны адгукваюцца ў людзях? Ведаючы натуру браткоў беларусаў, далікатную і лёгка ранімую, разумею, што даецца такое складана. Расійскі пісьменнік Валянцін Распуцін у сваім творы «Развітанне з Мацёрай» ва ўсіх дэталях апісаў чалавечую драму менавіта такога кшталту. Беларусы перажылі сваю драму, калі з-за «мірнага атама» сотні тысяч людзей са слязамі рушылі з наседжаных месцаў.
Зараз мы разглядаем з вамі крыху іншую сітуацыю. І павінны браць пад увагу, што знікненне малых ці, як іх раней называлі, неперспектыўных вёсачак і будаўніцтва буйных, добраўпарадкаваных аграгарадкоў — працэс аб'ектыўны і непазбежны. Такое адбываецца не толькі ў нас, але і ў многіх іншых краінах.
Маленечкія вёскі з іх неўпарадкаванасцю выміраюць, так. Аднак не ўсё адназначна. І ў досыць вялікіх паселішчах праблем хапае. У маёй роднай вёсцы Лышча налічваецца 167 гаспадарак і 370 жыхароў. А ў гады маёй маладосці тут было каля трохсот гаспадарак і больш за тысячу жыхароў. У школе займаліся два паралельныя дзясятыя класы. А летась ледзь набралі дзяцей у першы клас. Некалі валейбольная каманда ўдзельнічала ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў, грымеў на ўсю вобласць гурт мастацкай самадзейнасці. Нічога гэтага цяпер няма.
Баліць душа і за духоўны стан сённяшняй вёскі. Яна не толькі ўзбуйняецца, індустрыялізуецца, але і траціць прыкметы старога, крышку патрыярхальнага, а таму больш маральнага жыцця.
— Часта калегі-журналісты пытаюцца ў герояў сваіх інтэрв'ю: «Новае пакаленне лепшае за папярэднія?» Мяне асабіста цікавіць новае пакаленне вяскоўцаў. Сёння малады механізатар — сапраўдная эліта на вёсцы. Бо яго «Кіравец» і гомельскі камбайн апошняй маркі аснашчаны камп'ютарам, а пад рукой столькі «коней», колькі раней не было ва ўсёй калгаснай стайні. Гэтая ўзброенасць павінна мяняць і яго самога. Ці паспявае духоўна малады вясковец у сваім развіцці за тэхнічным прагрэсам?
— Калі быць аб'ектыўным, то, канешне ж, розныя ёсць вёскі і розная ў іх так званая эліта. У перадавых, багатых гаспадарках, дзе віруе культурнае жыццё, духоўнасць маладых вяскоўцаў на ўзроўні. Сцвярджаю гэта, зыходзячы з уласных назіранняў. Вось да чаго варта імкнуцца. За прыклад можна браць у маім раёне той жа «Аснежыцкі» ці саўгас «Парахонскі».
Аднак баюся, што ў многіх вёсках моладзь дагэтуль пазбаўлена элементарнага — прыстойнага дома культуры, добраўпарадкаванага стадыёна і гэтак далей. І чым яна бавіць свой вольны час, што ў яе на душы — цяжка сказаць. Ніхто з сённяшніх «інжынераў чалавечых душ» гэтыя працэсы не даследуе. (Папрок у адрас калег, пісьменнікаў і журналістаў.) Раней у нас былі Ігнат Дуброўскі, Вера Палтаран, Васіль Праскураў. Як яны пісалі пра вёску — дасведчана, глыбока, з любоўю! Хто цяпер так піша? Ніхто.
— Мы з вамі размаўляем пра такую тонкую матэрыю, як душа вясковага чалавека. І вось тут узнікаюць «праклятыя пытанні» паўсядзённасці. Як затрымаць маладога чалавека на вёсцы? Хто возьме на сябе адказнасць за яго маральнасць? Якая роля тут адводзіцца вясковай інтэлігенцыі?
— Як затрымаць маладога чалавека на вёсцы? Гэта праблема з праблем. Над яе вырашэннем думаюць многія светлыя галовы.
У Мядзельскім раёне, у вёсцы Камарова мне давялося пазнаёміцца з Эдуардам Вайцяховічам, чалавекам няўрымслівым, ініцыятыўным. У свой час ён узначальваў тутэйшае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, якое рыхтавала сельскіх механізатараў. І вось малады кіраўнік сутыкнуўся з тым, што ў вучылішчы быў пастаянны недабор. Непрэстыжна было ісці працаваць у сельскую гаспадарку. Чаму? А таму, што моладзі ў вёсцы нецікава.
І тады Вайцяховіч загарэўся ідэяй стварыць у Камарове на базе вучылішча Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва. Каб тут рыхтавалі не толькі механізатараў, але і будаўнікоў, кухараў, пекараў, механікаў — прычым навучалі іх асновам вядзення бізнесу.
І цяпер у Камарове ёсць свой бізнес-інкубатар, дзе маладыя людзі (і не толькі маладыя) праходзяць адпаведны курс прадпрымальніцкай навукі, набываюць практычныя навыкі бізнесу.
А Вайцяховіч ужо думае пра большае. Пра тое, што яшчэ можна арганізаваць на сяле. На Захадзе шырока прымяняецца субкантрактацыя, калі буйное прамысловае прадпрыемства, размешчанае ў горадзе, мае значную колькасць невялікіх прыватных філіялаў у вёсцы. Кожны з такіх філіялаў спецыялізуецца на вырабе якой-небудзь адной дэталі і пастаўляе яе на галоўны канвеер. То чаму б не стварыць у нашых вёсках такія малыя прадпрыемствы? І даць моладзі перспектыўную работу.
— У кантэксце сённяшняй гутаркі нельга не абмеркаваць ролю вясковай інтэлігенцыі. Агранома, доктара, настаўніка, старшыні сельсавета... Давайце смела ўключаць у наш пералік і кіраўніка гаспадаркі. Ад узроўню культурнасці гэтых знакавых на вёсцы людзей залежыць ці не ўсё.
— Безумоўна, паняцці «інтэлігент» і «культура» непадзельныя. У ідэале. Але калі ў ідэале, тады і жыць лёгка. А вось што, скажыце, рабіць маладому спецыялісту, калі ў гаспадарцы дом культуры на замку, спартыўных секцый няма? З'ездзіць у сталіцу на цікавы спектакль, папулярны канцэрт не заўсёды атрымліваецца... І ўсё ж, запярэчу я сам сабе, ёсць бібліятэка, ёсць тэлевізар, у рэшце рэшт ёсць (цяпер ужо і ў вёсцы) інтэрнэт. Што датычыцца апошняга, то важна разумна ім карыстацца. Гэтае найвялікшае вынаходніцтва чалавецтва можа быць як дабром, так і злом.
Карацей кажучы, інтэлігент на тое і інтэлігент, што ён не будзе чакаць, каб нехта яму арганізоўваў цікавы адпачынак, а сам пачне ствараць поле духоўнасці ў сабе і вакол сябе.
— Я старанна перачытваў ваша сентыментальнае падарожжа на малую Радзіму — тую самую кнігу «Над Вісліцай», пра якую згадваў. Падзялюся ўражаннем: вам крыху як бы трывожна за свой край, за яго будучыню. Што вас трывожыць, калі вы прыязджаеце дамоў?
— Шчыра скажу, на сваю малую Радзіму апошнім часам езджу без вялікай ахвоты. Тое, з чым даводзіцца там сутыкацца, доўга вярэдзіць душу. Амаль палова сядзіб глядзяць пустымі вокнамі, агароды зараслі, платы паваліліся. А па вуліцы ходзяць не заўсёды цвярозыя вяскоўцы.
А я ж сваю родную вёску памятаю іншай — люднай, дагледжанай, светлай. Вечарам у розных канцах чуліся песні, дзявочы смех, музыка. З песнямі ішлі на работу і з песнямі вярталіся. Цяпер з надыходам вечара вёска глухне, нямее.
Згодны, што выйсце ва ўзбуйненні і разгортванні буйнатаварнай вытворчасці. Паўторымся: менавіта на гэтым шляху, у тым ліку на Піншчыне, многія гаспадаркі дабіліся і працоўных поспехаў, і сучасных даброт цывілізацыі.
Ёсць на Брэстчыне вядомая гаспадарка «Астрамечава». Калі хто бываў там, не мог не палюбавацца на цэнтральнай сядзібе галоўнай плошчай з выдатным палацам культуры і адміністрацыйным будынкам, гандлёвым цэнтрам, школай-дзесяцігодкай, дзіцячым садком, домам быту, кафэ-сталоўкай, гасцініцай, асфальтаванымі вуліцамі, тратуарамі. Адным словам, звычайную вёску ператварылі ў сучасны аграгарадок.
Колішні кіраўнік гаспадаркі Аляксей Скакун казаў мне:
— Я цвёрда перакананы: няма нічога больш прыбытковага, чым капітальныя ўкладанні ў чалавека — у яго быт, культуру, умовы працы і жыцця. Гэта — аснова асноў, падмурак любых поспехаў.
І ён прывёў прыклад. Параіўшыся з жывёлаводамі, работнікамі іншых падраздзяленняў, у гаспадарцы вырашылі стварыць аздараўленчую зону проста на жывёлагадоўчым комплексе. Падвалы перарабілі ва ўтульныя пакоі адпачынку, абсталявалі кабінеты медыцынскага абслугоўвання, лазню-саўну з басейнам, спартыўную залу з трэнажорамі. Тут можна не толькі папарыцца, паплаваць, прыняць падводны душ-масаж, цыркулярны душ, пасядзець каля самавара альбо тэлевізара, але і палячыцца, прыняць фізіяпрацэдуры, атрымаць парады ўрача. І ўсё гэта без асаблівага адрыву ад вытворчасці.
Важнасць такога клопату пра людзей цяжка пераацаніць. Пабудаваць новы кароўнік ці аснасціць трактарную брыгаду сучаснай тэхнікай — палова справы. Атрымліваецца, што сапраўды вельмі важна мець у гаспадарцы свой палац культуры, спартыўны комплекс. Калгаснік, далучаны да мастацтва, — гэта ўжо іншы чалавек, у яго куды шырэйшы кругагляд. У яго і ў сям'і складзецца добрая атмасфера, і працаваць ён будзе лепш. Трэба таксама, каб яго дзеці не толькі маглі вучыцца ў нармальнай школе, але мелі магчымасць развіваць творчыя здольнасці.
— Аксіёма — яна і ёсць аксіёма. Падзяліцеся літаратурнымі планамі, Зіновій Кірылавіч. Што на рабочым стале пісьменніка?
— Звычайна кажуць: калі хочаш насмяшыць Бога, то раскажы яму пра свае планы. Але я не баюся сурочыць, таму што план гэты ўжо практычна рэалізаваў. Напісаў кнігу пра дзяцей вайны, як хто з іх перажыў страшную навалу, як склаўся іх пасляваенны лёс. Тым самым мне хацелася б зрабіць і свой сціплы ўнёсак у народную памяць, абуджаную 75-годдзем Вялікай Перамогі.
Гутарыў Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzimir-hilkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zinoviy-prygodzich
[4] https://zviazda.by/be/tags/duhounasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/gutarka