У Беларусі з моманту выяўлення першага [3] выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных. Хворыя ёсць ва ўсіх рэгіёнах. Найбольшая іх колькасць у сталіцы — 190, у Віцебскай вобласці — 89, у Мінскай вобласці — 50, у Гомельскай — 13, Гродзенскай — 6, Магілёўскай — 2, Брэсцкай — 1. Чатыры пажылыя чалавекі з хранічнымі захворваннямі памерлі ад ускладненняў каранавіруснай інфекцыі. Асноўная ўзроставая група інфікаваных — ад 25 да 64 гадоў.
— Сітуацыя ў краіне застаецца кантраляванай. Меры, якія мы прымаем з 20-х чыслаў студзеня, дазволілі папярэдзіць, па разліках нашых эпідэміёлагаў, 840 выпадкаў COVID-19 у дзень. Я маю на ўвазе выяўленне пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, іх шпіталізацыю, а таксама выяўленне кантактаў першага і другога ўзроўню і іх шпіталізацыю, а таксама правядзенне супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў на ўсёй тэрыторыі краіны. Калі б не прынятыя меры, мы б нічым не адрозніваліся ад краін, якія знаходзяцца побач. Ні адна іншая краіна такі пералік мер не прымала: нідзе не шпіталізаваліся 100% кантактаў першага ўзроўню і кантакты другога ўзроўню з сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі, — расказала намеснік міністра аховы здароўя Алена БОГДАН.
Яна паведаміла, што цяпер пры тыпізацыі цяжкіх пнеўманій на COVID-19 бяруць не толькі мазок, але і матэрыял з ніжніх дыхальных шляхоў. Таксама на каранавірусную інфекцыю правяраюць усе пнеўманіі сярэдняй цяжасці. Гэтыя меры накіраваны, каб максімальна выявіць пацыентаў, у якіх ёсць каранавірусная пнеўманія.
Яна прывяла лічбы па колькасці пнеўманій у краіне. Летась за тры месяцы (студзень-сакавік) іх было зарэгістравана 20250, у 153 выпадках гэта стала прычынай смерці. Сёлета за тры месяцы ў краіне выяўлена 18 032 пнеўманіі, 128 чалавек ад яе памерла.
На сёння ў Беларусі маецца 10640 тэстаў на COVID-19, у бліжэйшыя дні чакаецца пастаўка яшчэ 10 тысяч тэстаў. Акрамя гэтага, праводзяцца выпрабаванні трох тэст-сістэм беларускай вытворчасці і адной экспрэс-сістэмы.
— Для кантролю сітуацыі тэстаў у нас дастаткова, — запэўніла Алена Богдан. — Мы працягваем адсочваць сітуацыю не толькі па каранавіруснай інфекцыі, але і па вострых рэспіраторных інфекцыях і пнеўманіях. Мы прааналівалі выяўленне каранавіруснай інфекцыі ў кантактаў першага і другога ўзроўню. І з гэтага чацвярга кантакты другога ўзроўню пры наяўнасці ў іх сімптомаў вострай рэспіраторнай інфекцыі абследуюцца на COVID-19 і пры адмоўным тэсце, і адсутнасці пагаршэння стану здароўя працягваюць лячэнне на даму. У кантактаў першага ўзроўню, паводле дэталёвага аналізу, інфекцыя выяўляецца на 2-5 дзень. Таму на 6-7 суткі мы выконваем аналіз і пры атрыманні адмоўнага выніку такі пацыент будзе выпісаны. Але мы будзем прасіць выконваць меры самаізаляцыі яшчэ 14 дзён, — адзначыла Алена Богдан.
Як адзначыў намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк, Беларусь забяспечана сродкамі аховы:
— З моманту эпідэміі грыпу 2009-2010 года да цяперашняга часу у нас праз сістэму «Фармацыі» прайшло 750 тысяч масак. З пачатку эпідэміі ва Ухані з нашых аптэк за 10 дзён было вымецена 2 мільёны масак — двухгадовы запас. Таму прыйшлося прымаць экстранныя меры для іх закупкі і наладжвання вытворчасці. Тое ж самае адбываецца з касцюмамі, пальчаткамі і акулярамі.
На сёння у наяўнасці маецца больш за 2 мільёны масак, больш за 90 тысяч рэспіратараў, касцюмаў — звыш 85 тысяч, пальчатак — больш за 10 мільёнаў, ахоўных акуляраў — 24 тысячы. Штодзённы расход гэтых сродкаў сёння такі: касцюмаў — 2100-2200, масак 300-350 тысяч, рэспіратараў — 2,5-3 тысячы.
На дабрачынным рахунку [4], адкрытым Міністэрствам аховы здароўя, цяпер знаходзіцца 2875152 рублі і 28258 еўра. Мяркуецца, што яны будуць патрачаны на закупку ахоўных сродкаў, у прыватнасці, 127 тысяч ахоўных касцюмаў.
Асобна спецыялісты закранулі сітуацыю ў Віцебскай вобласці, дзе на гэтым тыдні працаваў [5] міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.
— Летась за тры месяцы ў стацыянары пнеўманія была пралечана ў 4258 пацыентаў, 28 памерла. Сёлета — 3608, у 23 выпадках яна стала прычынай смерці. Мы штодзённа маніторым сітуацыю з COVID-19. За мінулыя суткі ў стацыянар паступіла 25 чалавек, з іх у 4 аналіз пацвердзіўся, 15 шпіталізаваны як кантакты першага ўзроўню, астатнія — кантакты другога ўзроўню. Выпісана 33 чалавекі. На сёння там шпіталізавана 269 чалавек, з іх 188 кантакты першага ўзроўню, 19 — кантакты другога ўзроўню, — расказала Алена Богдан.
Яна падкрэсліла, што сістэма аховы здароўя працуе на тым жа першым этапе плану, па якім і працавала з самага пачатку. Перапрафіляванне медыцынскіх устаноў не дапускае зніжэння аказання экстраннай і неадкладнай медыцынскай дапамогі.
— Мы пакуль не перайшлі да другога плана. Праўда, у нас пачасцілася выяўленне каранавіруснай інфекцыі ў іншых стацыянарах, — адзначыла намеснік міністра.
Алена КРАВЕЦ
Прэв'ю: regnum.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/be/news/20200228/1582868227-u-belarusi-zaregistravany-pershy-vypadak-karanavirusa
[4] http://zviazda.by/be/news/20200325/1585115997-ministerstva-ahovy-zdarouya-adkryla-dabrachynny-rahunak-dlya-dapamogi
[5] http://zviazda.by/be/news/20200402/1585807010-uladzimir-karanik-pravyou-u-vicebsku-pasyadzhenne-aperatyunaga-shtaba
[6] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[7] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[8] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-ahovy-zdarouya