Аднаго з самых арыгiнальных беларускiх рэжысёраў можна ўбачыць на вялiкiм экране — 2 красавiка ў Музеi гiсторыi беларускага кiно з нагоды блiзкага 80-годдзя распачалася цэлая рэтраспектыва Валерыя Рубiнчыка. Тут i «Апошняе лета дзяцiнства», i «Вянок санетаў», i «Дзiкае паляванне караля Стаха» — неад'емныя часткi айчыннага фiльмафонду будуць паказвацца ў кiназале музея да 30 красавiка.
Рэжысёр, якога, дарэчы, ва УДIКе называлi Фелiнчыкам, доўгi час працаваў на кiнастудыi «Беларусьфiльм» i нават быў яе мастацкiм кiраўнiком, хоць урэшце i з'ехаў у Маскву, дзе стаў здымаць на «Масфiльме» i выкладаць у сваёй жа альма-матар.
Для беларускага кiнематографа, тым не менш, фiгура Валерыя Рубiнчыка беспрэцэдэнтная i неаспрэчна «класiчная» — ужо ў «Магiле льва» 1971 года ён звярнуўся да спадчыны Янкi Купалы i беларускiх народных легендаў. Праз некалькi гадоў паўстаў яго тэлефiльм «Апошняе лета дзяцiнства» — аповед пра трох камсамольцаў у часы НЭПа, што праяўляюць сябе паралельна з расследаваннем забойства iнжынера Зiмiна ў iх двары. У адзначаным мiжнароднымi ўзнагародамi «Вянку санетаў» па матывах аповесцi Вiктара Муратава i з вершамi Бэлы Ахмадулiнай гаворка пайшла пра апошнiя месяцы вайны — праз падлеткаў музычнага ўзвода.
Нарэшце, самай, напэўна, важкай i ўшанаванай кiнафестывалямi (у Iталii, Канадзе, Бельгii i iншых краiнах) стала стужка «Дзiкае паляванне караля Стаха» паводле Уладзiмiра Караткевiча, дзе народныя паданнi, XIX i XX стагоддзi агарнулiся ў жанр мiстычнага трылера i цяпер ужо аднаго з самых вядомых беларускiх фiльмаў.
Рэтраспектыва ўключае таксама камедыю «Культпаход у тэатр», дакументальную работу «Мастак Барыс Забораў» i зняты сумесны з ФРГ i Аўстрыяй фантастычны дэтэктыў «Адступнiк», таксама адзначаны мiжнароднымi кiнафэстамi.
Праграма абмяжоўваецца фiльмамi, якiя Валерый Рубiнчык стварыў у Беларусi i для Беларусi: пасля пераезду ў Маскву ў рэжысёра былi «Камедыя пра Лiсiстрату», «Нелюбоў» i «Нанкiнскi пейзаж», але гэта ўжо зусiм iншая гiсторыя.
Кiнапаказы ў музеi суправаджаюцца хранiкальна-дакументальным матэрыялам пра рэжысёра.
Вольга МIЦКЕВIЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-mickevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://zviazda.by/be/tags/valeryy-rubinchyk
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzey-gistoryi-belaruskaga-kino