Выступленне старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н. І. Качанавай на адкрыцці другой сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Паважаныя запрошаныя!
Сёння пачынае сваю работу другая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. 2020 год азнаменаваны шэрагам знакавых падзей. Мы адзначаем 75-годдзе Вялікай Перамогі — свята, якое стала сімвалам свабоды і незалежнасці, блізкае кожнай беларускай сям'і. Захаванне гістарычнай памяці пра вайну, клопат пра ветэранаў, патрыятычнае выхаванне моладзі — найважнейшыя кірункі работы членаў Савета Рэспублікі, якія неабходна развіваць, напаўняць новымі праектамі.
Ключавой падзеяй у палітычным жыцці краіны стануць прэзідэнцкія выбары, бо мы вызначаем нашу будучыню. Гэта адказны перыяд для ўсіх органаў улады, і нам неабходна прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні гэтай важнай палітычнай кампаніі. Выбары павінны прайсці на высокім арганізацыйным узроўні, у поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй і дзеючым выбарчым заканадаўствам.
Сёлета завяршаецца пяцігодка. 17 сакавіка на нарадзе ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за 2019 год, разгледжаны прыярытэты і асноўныя кірункі на сярэднетэрміновы перыяд. Мэтавая задача — устойлівы эканамічны рост з тэмпамі 3—4 працэнты ў год. Для гэтага неабходна:
Безумоўны прыярытэт — павышэнне якасці прадукцыі, якая выпускаецца, і паслуг, якія аказваюцца.
Гэта найважнейшы фактар канкурэнтаздольнасці нашых прадпрыемстваў і краіны ў цэлым. Савет Рэспублікі ўнёс адпаведныя прапановы ва ўрад.
Сітуацыя ў свеце сёння няпростая, у тым ліку з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі. Зніжаецца вытворчая актыўнасць, з сур'ёзнымі праблемамі сутыкаюцца сыравінныя і таварныя рынкі, сектар паслуг, парушаны кааперацыйныя сувязі паміж дзяржавамі. Негатыўны ўплыў адчуваюць на сабе ўсе краіны свету, у тым ліку і Беларусь. Гэта патрабуе ад нас мабілізацыі намаганняў, гатоўнасці аператыўна рэагаваць на выклікі, якія ўзнікаюць. Мы выдатна разумеем, што галоўнае — гэта эканоміка, а адпаведна, дабрабыт нашых грамадзян. Прадпрыемствы павінны працаваць, людзі — атрымліваць заработную плату, а бюджэт — сродкі для выканання сацыяльных праграм і абавязацельстваў.
Паважаныя калегі!
Асноўны кірунак дзейнасці Савета Рэспублікі — работа з законапраектамі. Указам кіраўніка дзяржавы зацверджаны план падрыхтоўкі законапраектаў на бягучы год. Плануецца распрацоўка новых для нашай прававой сістэмы законапраектаў: «Аб валанцёрскай дзейнасці», «Аб самарэгулюемых арганізацыях», «Аб ліцэнзаванні», «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання», «Аб узносах у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь».
У ходзе другой сесіі Савета Рэспублікі будзе разгледжана больш чым 30 законапраектаў. У іх ліку — праекты законаў «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам аб спрашчэнні выдачы віз», аб змяненні законаў «Аб гаспадарчых таварыствах», «Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння», а таксама заканадаўства ў сферы аховы здароўя, натарыяльнай дзейнасці і іншыя.
Законы павінны працаваць эфектыўна, быць зразумелымі грамадству і не мець патрэбы ў частых карэкціроўках. Таму мы выбудоўваем сваю работу такім чынам, каб на пачатковым этапе падключацца да падрыхтоўкі законапраектаў сумесна з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Наладжаны адкрыты дыялог з усімі ўдзельнікамі заканатворчага працэсу: дзяржорганамі, грамадскімі аб'яднаннямі, прадстаўнікамі бізнесу, навукі, экспертнай супольнасці.
Выкарыстоўваецца такая форма работы, як разгляд праектаў законаў на выязных пасяджэннях пастаянных камісій у рэгіёнах з прыцягненнем кіраўнікоў мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў, а таксама спецыялістаў, якія непасрэдна працуюць на вытворчасці.
У лютым гэтага года на базе саўгаса «Дабраволец» у Клічаўскім раёне адбылося пасяджэнне Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, былі разгледжаны змяненні ў законы ў сферы жывёлагадоўлі і племянной справы. Па выніках падрыхтаваны канкрэтныя прапановы, якія ўлічаны пры дапрацоўцы законапраектаў.
У мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы Саветам Рэспублікі аператыўна выпрацавана больш за 50 сістэмных і комплексных прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасці. Большая частка з іх падтрымана зацікаўленымі і ўжо знайшла адлюстраванне ў падрыхтаваных праектах нарматыўных прававых актаў. Мы таксама актыўна ўключыліся ў работу па падрыхтоўцы прапаноў па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон краіны — Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Савет Рэспублікі — орган тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, таму важны кірунак для нас — работа з дэпутацкім корпусам усіх узроўняў. У міжсесійны перыяд члены Савета Рэспублікі ўзялі ўдзел у пасяджэннях абласных, раённых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў. Адбылося першае пасяджэнне абноўленага Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, на якім выпрацаваны рэкамендацыі мясцовым Саветам дэпутатаў па комплексным і ўстойлівым развіцці падведамасных тэрыторый.
Акрамя таго, праведзены сустрэчы са старшынямі раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў у Віцебскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях, дзе абмяркоўваліся найбольш актуальныя пытанні іх дзейнасці. У найбліжэйшы час такія сустрэчы будуць арганізаваны ў Брэсцкім, Гомельскім і Мінскім рэгіёнах.
Старшыні Саветаў глыбока ведаюць сітуацыю на месцах, дэталёва знаёмыя з праблемамі. Такі фармат узаемадзеяння дазваляе нам сістэматызаваць інфармацыю з рэгіёнаў, вызначаць тыя кірункі, на якія неабходна звярнуць увагу ў нашай рабоце з законапраектамі. Напрыклад, сельскія Саветы часта застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі, што датычацца асвятлення населеных пунктаў, рамонту дарог, землеўпарадкавання, утрымання могілак і інш. Здавалася б — нескладаныя пытанні, але яны жыццёва важныя для людзей у сельскай мясцовасці. І іх трэба вырашаць.
5 снежня 2019 года на сустрэчы з парламентарыямі кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на пытаннях арганізацыі работы са зваротамі грамадзян. Кожны чалавек павінен быць пачуты. За перыяд работы Савета Рэспублікі ў новым складзе да нас паступіла 819 пісьмовых і вусных зваротаў. Гэта амаль удвая больш, чым за ўвесь 2019 год. У асноўным людзі звяртаюцца па пытаннях якасці работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, зямельных і маёмасных адносін, судовых спрэчак. Найбольшая колькасць зваротаў прыпадае на Мінск, Мінскую, Брэсцкую і Магілёўскую вобласці. Асноўная іх частка датычыцца кампетэнцыі мясцовых органаў улады.
Разам з тым, усе звароты, якія паступаюць да нас, разгледжаны, а якія патрабуюць асаблівай увагі, — знаходзяцца ў нас на кантролі. Адказны і добрасумленны падыход да гэтай работы знаходзіць станоўчы водгук у людзей. У Савет Рэспублікі паступілі пісьмы з падзякай Румо Алегу Алегавічу і Лісковічу Віктару Андрэевічу за аказанае садзейнічанне ў вырашэнні праблем, з якімі сутыкнуліся людзі.
Важна, што грамадзяне звяртаюцца да нас з прапановамі і ініцыятывамі. Напрыклад, аб стварэнні музейнай экспазіцыі, якая сімвалізуе шлях развіцця Савета Рэспублікі. Цудоўная ідэя, над рэалізацыяй якой мы ўжо працуем.
Хачу звярнуць вашу ўвагу на важны для нас праект. Савет Рэспублікі выйшаў з ініцыятывай аб узаемадзеянні з Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Пры цэнтры будзе створаны папячыцельскі савет, у які ўвойдуць сенатары. Разлічваем, што наша супрацоўніцтва прынясе рэальную карысць дзецям, прыцягне ўвагу грамадскасці да гэтай праблемы. І ўжо сёння Міністэрствам аховы здароўя вядзецца работа па распаўсюджванні гэтага вопыту на ўсе ўстановы сваёй сістэмы.
Найважнейшы кірунак нашай дзейнасці — работа з моладдзю. Многае з намечанага намі ўжо рэалізавана. Так, завяршаецца фарміраванне Маладзёжнага савета, які аб'яднае 70 найбольш актыўных прадстаўнікоў моладзі, вылучаных ад абласцей і горада Мінска. У сесійны перыяд нам трэба будзе правесці яго першае пасяджэнне, на якім маладыя парламентарыі зацвердзяць рэгламент сваёй работы, сфарміруюць рабочыя органы. Упэўнена, што Маладзёжны савет стане эфектыўнай камунікацыйнай пляцоўкай, дзе маладыя людзі змогуць узаемадзейнічаць з органамі ўлады, удзельнічаць у заканадаўчай дзейнасці, вырашэнні грамадска-палітычных задач, рэалізоўваць свае ініцыятывы.
Паважаныя калегі!
Міжпарламенцкае супрацоўніцтва з'яўляецца адным з прыярытэтаў нашай дзейнасці. Членамі Савета Рэспублікі актыўна праводзіцца работа па развіцці міжпарламенцкіх кантактаў і сувязяў як з краінамі-партнёрамі па інтэграцыйных аб'яднаннях, так і з дзяржавамі блізкага і далёкага замежжа. Створаны 72 рабочыя групы і 4 міжпарламенцкія камісіі, якія дазваляюць ажыццяўляць прамыя кантакты практычна з усімі краінамі свету. 22 групы ўзначальваюць члены Савета Рэспублікі.
Адбыліся сустрэчы з пасламі Расіі, Арменіі, Балгарыі, Вялікабрытаніі і Узбекістана.
Значнымі падзеямі ў міжсесійны перыяд сталі афіцыйныя візіты ў нашу краіну парламенцкай дэлегацыі Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам пад кіраўніцтвам старшыні парламента гэтай краіны Нгуен Тхі Кім Нган, а таксама дэлегацыі Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі на чале са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Іванаўнай Мацвіенкай.
З нашымі расійскімі калегамі мы абмеркавалі шырокае кола пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама правялі сумеснае пасяджэнне арганізацыйных камітэтаў па падрыхтоўцы VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Форум зарэкамендаваў сябе як адна з найбольш рэзультатыўных формаў міжпарламенцкага супрацоўніцтва і эфектыўная пляцоўка для наладжвання і развіцця рэгіянальных сувязяў паміж нашымі краінамі. Восенню яго прыме Мінск і Мінская вобласць. Улічваючы знакавую падзею гэтага года — юбілей Вялікай Перамогі, вызначана галоўная тэма форуму — «Гістарычная спадчына Вялікай Перамогі як аснова развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязяў народаў Беларусі і Расіі».
Сімвалічна, што сёння, у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, мы гаворым пра ўзаемадзеянне нашых краін. Дазвольце павіншаваць вас з гэтым святам.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Задач у нас шмат. Галоўнае — каб наша работа была эфектыўнай, садзейнічала ўстойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю, умацаванню суверэнітэту нашай краіны, павышэнню дабрабыту нашых грамадзян. Толькі разам, адказна і зладжана, у поўнай меры выкарыстоўваючы свае прафесіяналізм і вопыт, мы зможам дабіцца пастаўленых мэт на карысць нашай роднай Беларусі.
Жадаю ўсім вам здароўя, поспехаў і плённай дзейнасці.
Дзякуй за ўвагу
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/parlament
[3] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[4] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki