Напрыканцы мiнулага тыдня чарговы рэгiянальны падкастынг прайшоў у Гомелi. I трэцi горад у маршруце папулярнага шоу Х-Factor адзначыўся рэкорнай колькасцю ўдзельнiкаў праслухоўвання. На сцэну Гомельскага абласнога грамадска-культурнага цэнтра за два днi выйшлi 250 кандыдатаў.
З мэтай прафiлактыкi каманда праекта сустракала ўдзельнiкаў з тэрмометрам i прапаноўвала апрацаваць рукi антысептыкам. Дэзынфiцыравалi таксама i мiкрафоны. А самiх выканаўцаў максiмальна разводзiлi па часе, каб не збiралася шмат людзей разам. Так, тыя, хто праходзiў рэгiстрацыю анлайн на сайце Белтэлерадыёкампанii, напярэдаднi атрымлiвалi СМС-паведамленне з указаннем часу прыходу на праслухоўванне. Паспрабаваць сябе на вялiкай сцэне гэтым разам прыйшлi людзi розных прафесiй, узростаў i статусаў. Спявалi ўсе выключна па рэгламенце i a capella. Дарэчы, некаторыя, як самi прызнавалiся, удзельнiчалi ў перадкастынгу не ўпершыню, абгрунтоўваючы такi ход жаданнем запомнiцца журы сярод iншых кандыдатаў. А ацэньвалi прэтэндэнтаў генеральны прадзюсар Белтэлерадыёкампанii Глеб Шульман, выканаўчы прадзюсар праекта Вольга Шлягер, кiраўнiк ранiшняй праграмы «Добрай ранiцы, Беларусь!» Алена Валяк, тэлевядучая i актрыса Святлана Бароўская, а таксама кампазiтар i спявачка Нiна Багданава. Прадзюсарская група не толькi ацэньвала вакальныя здольнасцi, але i задавала кожнаму пытаннi, бо на шоу Х-Factor вельмi важнай з'яўляецца i асабiстая гiсторыя кожнага чалавека.
Што да наступнага праслухоўвання, якое планавалi правесцi ў Вiцебску 4 красавiка, то яно, як паведамляе Белтэлерадыёкампанiя, пераносiцца на нявызначаную дату ў сувязi з эпiдэмiялагiчнай сiтуацыяй. Нагадаем, што ў вас яшчэ ёсць час запiсаць сваё выкананне на вiдэа, а потым даслаць яго да завяршэння рэгiянальных перадкастынгаў па Viber на нумар +375-29-105-91-02 альбо праз Instagram [4] i «Укантакце» [5]. Падрабязную iнфармацыю заўсёды можна знайсцi ў афiцыйных акаўнтах шоу ў сацыяльных сетках.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] http://instagram.com/xfactorbelarus
[5] http://vk.com/xfactor_belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[7] https://zviazda.by/be/tags/x-factor