Семукачы — аграгарадок Магiлёўскага раёна, дзе жыве шмат iнiцыятыўных i актыўных людзей. З прапановай зрабiць птушыны гарадок да старшынi Семукацкага сельвыканкама Тамары Укружскай звярнуўся настаўнiк працоўнага навучання Iван Стрыкуноў.
Маўляў, цяпер хлопцы i дзяўчаты вучацца майстраваць шпакоўнi i маглi б зрабiць карысную справу для сваёй малой радзiмы. Старшыня падтрымала прапанову, дапамагла будаўнiчымi матэрыяламi. З iх вучнi пад кiраўнiцтвам настаўнiка зрабiлi 21 шпакоўню. Усе гэтыя дамкi яны размясцiлi на адным дрэве ў парку каля школы.
Добрую iнiцыятыву падхапiлi работнiкi семукацкага ўчастка жылкамгаса i змайстравалi для птушынага гарадка яшчэ i лаўкi, якiя ўстанавiлi каля дрэва са шпакоўнямi.
— Птушкi, дарэчы, пачалi ўжо спраўляць наваселлi, i назiраць за гэтым — адно задавальненне, — радуецца Тамара Укружская. — Важна, што людзi самi праявiлi iнiцыятыву, а не чакалi, калi хтосьцi прыйдзе i папросiць iх гэта зрабiць. Прыемна ведаць, што нашым жыхарам зусiм не ўсё роўна, як выглядае тое месца, дзе яны жывуць. Разам проста зрабiць наш агульны дом больш утульным i прывабным.
Нэлi ЗIГУЛЯ
Фота Тамары УКРУЖСКАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/magilyouski-rayon