Вярхоўная Рада прыняла закон аб абароце зямель сельскагаспадарчага прызначэння, які ўводзіць рынак зямлі ва Украіне з 1 ліпеня 2021 года.
Як перадае УНІАН, за прыняцце законапраекта ў другім чытанні і ў цэлым прагаласавалі 259 народных дэпутатаў пры неабходным мінімуме ў 226 галасоў.
Як паказана ў параўнальнай табліцы да другога чытання законапраекта, набываць права ўласнасці на земучасткі сельгаспрызначэння з 1 ліпеня 2021 года могуць выключна фізасобы - грамадзяне Украіны. Пры гэтым аб'ёмы канцэнтрацыі на адну фізасобу не павінны перавышаць 100 гектар.
З 1 студзеня 2024 года сельгасземлі змогуць набываць юрыдычныя асобы (зарэгістраваныя ва Украіне і ўдзельнікі якіх - грамадзяне Украіны), памер канцэнтрацыі - да 10 000 гектар. Забараняецца продаж зямель замежнікам, юрасобам з замежнымі акцыянерамі і юрасобам, бенефіцыяраў якіх немагчыма ўсталяваць або бенефіцыяры якіх зарэгістраваныя ў афшорных зонах, а таксама асобам, супраць якіх дзейнічаюць спецыяльныя эканамічныя і іншыя санкцыі.
Пры гэтым закон забараняе продаж сельгасзямель камунальнай і дзяржаўнай уласнасці.
Згодна з дакументам, разлікі, звязаныя з выплатай цаны зямельных участкаў сельскагаспадарчага прызначэння, ажыццяўляюцца ў безнаяўнай форме.
Таксама закон даручае Кабінету Міністраў Украіны ў шасцімесячны тэрмін са дня апублікавання распрацаваць і зацвердзіць парадак фінансавай падтрымкі грамадзян і юрыдычных асоб (у тым ліку фермерскіх гаспадарак) для набыцця зямельных участкаў сельгаспрызначэння, а таксама ўнесці змены ў бюджэт для стварэння Фонду развіцця сельскіх тэрыторый.
Паводле прагнозаў Сусветнага банку, адкрыццё рынку зямлі сельгаспрызначэння можа штогод прыносіць ўкраінскай эканоміцы дадаткова ад 700 млн да 1,5 млрд долараў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ukraina
[2] https://zviazda.by/be/tags/rynak-zyamli
[3] https://zviazda.by/be/tags/zyamlya
[4] https://zviazda.by/be/tags/rynak
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyarhounaya-rada-ukrainy-0