Вясковец з Докшыцкага раёна з-за недагляду за падпаленым смеццем пазбавіўся дома і двух гаспадарчых пабудоў, паведамляе [1] Віцебскае абласное упраўленне МНС.
Здарэнне адбылося днём 28 сакавіка ў вёсцы Ліпск. Самотна пражываючы 68-гадовы пенсіянер вырашыў навесці парадак на падворку і спаліць назапашанае бытавое смецце. Пры гэтым пра меры бяспекі мужчына не паклапаціўся, а за вогнішчам сачыў толькі перыядычна, займаючыся працамі на падворку. У выніку пакінуты без належнага нагляду агонь перакінуўся на траву, а затым на побач размешчаныя хлявы і дом.
Паведамленне пра пажар на гарачую лінію МНС паступіла ад відавочцаў. Да прыезду ратавальнікаў дом і гаспадарчыя пабудовы ўжо шугалі. Уласнымі сіламі гаспадар падворка справіцца з іх тушэннем не мог. Пажар ліквідавалі выратавальнікі. У выніку адзін з хлявоў згарэў дашчэнту, другая пабудова і дом сур'ёзна пашкоджаны агнём.
Па гэтым факце праводзіцца праверка.
У МНС заклікаюць быць пільнымі і выконваць усе меры бяспекі пры спальванні бытавога смецця на прыватных падворках, а таксама нагадваюць аб недапушчальнасці правядзення выпальванняў сухой расліннасці.
Спасылкі
[1] https://vitebsk.mchs.gov.by/novosti/303814/
[2] https://zviazda.by/be/tags/dokshycki-rayon
[3] https://zviazda.by/be/tags/pazhar
[4] https://zviazda.by/be/tags/smecce