Навацыя не мае аналагаў у Беларусі. Яе распрацоўшчыкамі выступае калектыў навукоўцаў біялагічнага факультэта пад кіраўніцтвам дэкана Вадзіма Дзямідчыка. Інавацыйны метад дазваляе рэгістраваць фізіялагічныя змены раслін, ацэньваць жыццяздольнасць саджанцаў і праводзіць іх якасны і аператыўны адбор. Такі падыход эфектыўны пры селекцыі гатункаў з каштоўнымі сельскагаспадарчымі або дэкаратыўнымі прыкметамі.
Распрацоўка ўяўляе сабой апаратна-праграмны комплекс, які складаецца з пластыкавага бокса, культывацыйнага трэя, сістэм асвятлення і паліву, а таксама праграмнага забеспячэння для апрацоўкі RGB-адлюстраванняў на базе алгарытмаў камп'ютарнага зроку і машыннага навучання.
Для дыягностыкі расліну змяшчаюць у феномны бокс, праводзяць яго фотаздымку стацыянарнымі камерамі на дыстанцыйным кіраванні. Атрыманая інфармацыя выкарыстоўваецца для аналізу фізіялагічнага стану, выяўлення захворванняў і пажыўных расстройстваў расліны. Таксама фарміруецца база дадзеных для далейшай аўтаматызаванай ацэнкі якасці і ўстойлівасці да хвароб іглічных і лісцяных дрэў і хмызнякоў. Сёння яна ўтрымлівае характарыстыкі туі заходняй, ядлоўца скальнага, елкі звычайнай, бярозы павіслай, карлікавай і карэльскай, фарзіцыі прамежкавай, вярбы казінай і інш.
Тэхналогію можна выкарыстоўваць у лабараторных умовах і на адкрытым грунце, яна дазваляе вызначыць фізіялагічныя параметры пры вырошчванні раслін “ў прабірцы”.
Як паведамляе прэс-служба ўніверсітэта, дзякуючы гэтай тэхналогіі вырашчана каля 30 тысяч саджанцаў на прадпрыемстве "Шчомысліца" БДУ. Навацыя таксама з'яўляецца эканамічна больш выгаднай за існуючыя замежныя прапановы.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[2] https://zviazda.by/be/tags/biyalogiya