“Жывы” віртуальны праект “На хвалі часу, у плыні жыцця”
Ідзе другі год працы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі над праектам, прымеркаваным да 100-годдзя ўтварэння літаб’аднання “Маладняк”.
Віртуальны рэсурс “На хвалі часу, у плыні жыцця” [1] працягвае папаўняцца новай інфармацыяй пра пісьменнікаў-маладнякоўцаў: створаны раздзел, прысвечаны Уладзіміру Хадыку [2], вядзецца праца над раздзеламі, прымеркаванымі да юбілеяў Уладзіміра Дубоўкі, Кузьмы Чорнага, Янкі Скрыгана. Да сумеснага “праекта чатырох” (Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса “Маладосць”) далучаюцца іншыя ўстановы, новыя аўтары і даследчыкі гісторыі літаратуры 1920–1930-х гг.
Увесь час рэсурс “На хвалі часу, у плыні жыцця” папаўняецца кнігамі, паўнатэкставымі дакументамі, знойдзенымі фотаздымкамі і матэрыяламі з асабістых архіваў даследчыкаў. Распачынаем серыю публікацый пра новыя цікавосткі праекта.
У падраздзеле “Літаратурныя і дакументальныя выданні аб’яднання “Маладняк” размешчана цікавае выданне “Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду” [3] (2017), укладзенае Аксанай Данільчык і Віктарам Жыбулем. Упершыню пад адной вокладкай сабраны творы 61 беларускай паэткі, напісаныя ў міжваенны перыяд, з 1918 па 1941 год, – што стварае панараму літаратурнага жыцця эпохі.
“Сёння ужо ніхто не задае пытання, ці вартая аналізу жаночая паэзія сама па сабе – здаецца, гэта ўжо высветлены факт і адпраўная кропка для таго, каб зрабіць яшчэ адзін крок наперад – даследаваць створанае жанчынамі, вызначыць галоўныя тэндэнцыі паэзіі, напісанай жанчынамі, яе трансфармацыі ў канкрэтныя гістарычныя перыяды і, магчыма, вызначыць далейшыя перспектывы развіцця, а таксама пазбавіцца ад стэрэатыпаў, звязаных з ужываннем слова «жаночая». Акрамя таго, цэлы пласт беларускай літаратуры пакуль застаецца незапатрабаваным, і хацелася б спадзявацца, што гэтая лакуна будзе запоўнена... Анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду дапаможа па-іншаму паглядзець на літаратурны працэс 20–30-х гадоў і на ўдзел у ім жанчын… Сёння стаіць задача вярнуць беларускую жаночую паэзію 20–30-х гадоў з «няведамасці», каб аднавіць гістарычную і мастацкую справядлівасць”, – адзначае кандыдат філалагічных навук Аксана Данільчык у прадмове да кнігі “Бліскавіцы”.
Аўтарка гэтых радкоў далучылася да нашага праекта і стала актыўным ўдзельнікам круглага стала “Маладнякоўскімі крокамі” [4], што прайшоў 16 студзеня 2020 г. у НББ. Аксана даследуе творчасць Зінаіды Бандарынай – паэткі “Маладняка”, чые вершы ўвайшлі ў анталогію “Бліскавіцы”, але акрамя таго займаецца вывучэннем творчасці Я. Пушчы, К. Чорнага, С. Дарожнага, М. Бяліны-Падгаецкага, Я. Пфляўмбаум, П. Бузука, пытаннямі культуры (дзейнасцю А. Бабарэкі, У. Дубоўкі, Т. Кляшторнага і інш.), італьянскім кантэкстам беларускай літаратуры міжваеннага перыяду.
На пасяджэнні ў рамках Дня літаб’яднання “Маладняк” [5] А. Данільчык выступіла з дакладам “Паэзія і лёс «маладнякоўкі» Зінаіды Бандарынай” [6], а ў часопісе “Маладосць” № 1 за 2020 г. у рамках праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” выйшаў яе артыкул “«Асабістая справа»” Зінаіды Бандарынай і іншыя матэрыялы да біяграфіі” [7]. У № 5 часопіса “Маладосць” чакаецца новы матэрыял А. Данільчык пра творчасць З. Бандарынай. Даследчыца, паэтка і перакладчыца застаецца актыўным удзельнікам і сябрам рэспубліканскага праекта.
Запрашаем далучацца да праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які дае магчымасць праз сайт НББ папулярызаваць дзейнасць літаб’аднання “Маладняк” і свае даследчыцкія знаходкі!
Крыніца: https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/zhyvy-virtualny-praekt-na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/ [8]
Спасылкі
[1] https://www.nlb.by/by/infarmatsyynyya-resursy/elektronnyya-infarmatsyynyya-resursy/resursy-natsyyanalnay-bibliyateki-belarusi/virtualnyya-praekty-vysta-ki-i-kalektsyi/virtualnyya-praekty-bibliyateki/virtual/na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/?back_url_admin=%2Fbitrix%2Fadmin%2Fiblock_list_admin.php%3FIBLOCK_ID%3D66%26type%3Dprojects_by%26lang%3Dby%26find_section_section%3D4604
[2] https://www.nlb.by/by/infarmatsyynyya-resursy/elektronnyya-infarmatsyynyya-resursy/resursy-natsyyanalnay-bibliyateki-belarusi/virtualnyya-praekty-vysta-ki-i-kalektsyi/virtualnyya-praekty-bibliyateki/virtual/na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/common/341259/
[3] https://www.nlb.by/by/infarmatsyynyya-resursy/elektronnyya-infarmatsyynyya-resursy/resursy-natsyyanalnay-bibliyateki-belarusi/virtualnyya-praekty-vysta-ki-i-kalektsyi/virtualnyya-praekty-bibliyateki/virtual/na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/public/333089/
[4] http://conference.nlb.by/maladnyak/bel/
[5] https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/u-bibliyatetsy-adznachyli-dzen-litab-yadnannya-maladnyak/
[6] http://conference.nlb.by/maladnyak/agenda/reports/Danilchyk.pdf
[7] https://www.nlb.by/by/news/naviny-biblijatjek/asabistaya-sprava-zinaidy-bandarynay-i-inshyya-materyyaly-da-biyagrafii/
[8] https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/zhyvy-virtualny-praekt-na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/