Пайшоў з жыцця археолаг Пётр Лысенка. Ён у розныя гады быў героем i аўтарам цiкавых публiкацый у «Звяздзе». Ён — адзiн з выдатных беларускiх дзеячаў навукi, якiя сваёй плённай працай на працягу мiнулага i гэтага стагоддзяў абагацiлi скарбнiцу ведаў усяго чалавецтва. Ён пражыў адведзеныя лёсам гады, пакiнуўшы каштоўную спадчыну не толькi для археалогii, але i для кожнага грамадзянiна Беларусi. Гэта ён раскрыў нам таямнiцы многiх старажытных курганоў, першы адшукаў паблiзу сённяшняга Брэста жылыя пабудовы часоў Старажытнай Русi i iнiцыяваў стварэнне там унiкальнага археалагiчнага музея. Старажытнае Бярэсце стала тэмай яго доктарскай дысертацыi.
Разам з Пятром Фёдаравiчам Лысенкам мне пашчасцiла шмат гадоў запар працаваць у нязменным складзе мiжнароднай навукова-асветнiцкай экспедыцыi «Дарога да Святыняў». Сярод удзельнiкаў (навукоўцаў, пiсьменнiкаў, майстроў мастацтва, прадстаўнiкоў праваслаўнай царквы) ён быў найстарэйшы па ўзросце. Але паважаны ўзрост зусiм не перашкаджаў яму з маладой энергiяй напоўнiцу аддавацца справам. Рабочы дзень экспедыцыi пачынаўся ўранку i доўжыўся да ночы, бо сустрэчы з удзельнiкамi экспедыцыi чакалi ў школах i iнстытутах, бiблiятэках i на прадпрыемствах, у вясковых клубах i гарадскiх палацах культуры... Асветнiцкiя выступленнi лаўрэата Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь, доктара гiстарычных навук, прафесара Пятра Фёдаравiча Лысенкi з аднолькавым поспехам праходзiлi i ў гарадах, i ў вёсках. Ён заўжды меў мэту не толькi данесцi новыя веды пра далёкае мiнулае роднага краю, але i пераканаць слухачоў, што гэтая гiсторыя вартая займаць пачэснае месца ў гiсторыi агульнасусветнай.
Тыя, каму пашчасцiла чуць яго надзвычай цiкавыя выступленнi пра ўласныя даследаваннi старажытнага Бярэсця, Турава, Пiнска, Мазыра, Давыд-Гарадка, Слуцка, Рагачова, Мiнска, надоўга захаваюць яскравае ўражанне ад гэтых папулярных лекцый, захаваюць у сваёй памяцi i перададуць iншым новыя ўнiкальныя веды пра гiсторыю Беларусi. Сам жа Пётр Фёдаравiч прайшоў да вышынь гэтых ведаў гiсторыка i археолага няпростым шляхам навукоўца даўжынёй пяцьдзясят гадоў з васьмiдзесяцi васьмi падораных яму лёсам.
Яўген Пясецкi
Гэтае фота Пятра Фёдаравiча я зрабiў падчас сумеснай вандроўкi па маршруце экспедыцыi «Дарога да Святыняў».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] https://zviazda.by/be/tags/pyotr-lysenka
[5] https://zviazda.by/be/tags/pyatro-lysenka
[6] https://zviazda.by/be/tags/pamyor
[7] https://zviazda.by/be/tags/byaresce