Сусветная арганізацыя аховы здароўя нагадала, што занепакоена распаўсюджаннем [4] каранавіруснай інфекцыі COVID-19 і ў чарговы раз выказала поўную падтрымку і салідарнасць у адносінах тых мер, якія прымае Беларусь. Пра гэта паведаміў у сваім пісьме міністру аховы здароўя Беларусі Уладзіміру Караніку рэгіянальны дырэктар Еўрапейскага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханс Клюге.
— Я асабліва занепакоены пагражаючым і хуткім распаўсюджаннем каранавіруснай інфекцыі ў Еўрапейскім рэгіёне, — адзначае кіраўнік Еўрапейскага бюро. — СААЗ заклікае ўсе краіны актывізаваць свае намаганні, выкарыстоўваючы спалучэнне мер, заснаваных на фактычных дадзеных грамадскай сістэмы аховы здароўя, для стрымання захворвання і кантролю яго распаўсюджання, што мае вырашальнае значэнне ў Еўропе. У сувязі з гэтым мы хацелі б выказаць нашу поўную падтрымку і салідарнасць у адносінах мер, якія прымаюцца ў Беларусі супраць COVID-19.
Асабліва СААЗ адзначыў прафесійны падыход Міністэрства аховы здароўя Беларусі, уключаючы ранняе выяўленне выпадкаў заражэння COVID-19, адсочванне кантактаў, ізаляцыю і аказанне дапамогі пацыентам.
— Гэтыя меры надзвычай важныя, каб спыніць перадачу і папярэдзіць распаўсюджанне каранавіруснай інфекцыі, — гаворыцца ў пісьме.
Ханс Клюге падкрэсліў, што дасведчанасць насельніцтва аб рызыках і рэкамендаваных мерах па зніжэнні імавернасці заражэння COVID-19 маюць вельмі важнае значэнне для вырашэння агульнай праблемы.
— У сувязі з гэтым я высока ацэньваю вашы актыўныя дзеянні па забеспячэнні рэгулярнага і адкрытага інфармавання насельніцтва аб развіцці сітуацыі і мерах, якія прымаюцца. Мы таксама ўдзячны Беларусі за адкрытасць у абмене інфармацыяй і своечасовую справаздачнасць у адпаведнасці з Міжнароднымі медыка-санітарнымі правіламі 2005 г., што дапамагае нам лепш зразумець прыроду і ход гэтай эпідэміі і каардынаваць меры рэагавання ў глабальным маштабе, — адзначае кіраўнік Еўрапейскага бюро СААЗ. — Прызнаючы складанасць сітуацыі, мы рады адзначыць, што падыход Міністэрства аховы здароўя Беларусі адпавядае рэкамендацыям СААЗ, і ўсе меры прымаюцца з улікам развіцця эпідэміялагічнай сітуацыі і адэкватнай ацэнкі існуючых рызык.
Ханс Клюге папярэдзіў, што паколькі хвароба працягвае распаўсюджвацца, усе краіны павінны падрыхтаваць сваё насельніцтва, кадравыя службы і службы аховы здароўя, асабліва свае бальніцы, да патэнцыяльнага распаўсюджвання COVID-19. Гэта патрабуе працягу ажыццяўлення скаардынаваных на нацыянальным узроўні мер з удзелам ураду і грамадства, накіраваных на барацьбу з інфекцыяй з улікам сітуацыі і тэндэнцый, якія мяняюцца.
— СААЗ працягне супрацоўніцтва і будзе гатова і надалей аказваць неабходную падтрымку Беларусі ў рэалізацыі мер па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй COVID-19, — запэўніў эксперт.
Напярэдадні Міністэрства аховы здароўя паведаміла [5] пра 81 выпадак каранавіруса ў Беларусі. 22 чалавекі выпісаны або рыхтуюцца да выпіскі, яшчэ 59 знаходзяцца пад назіраннем.
Алена КРАВЕЦ
Прэв'ю: gazeta.uz
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] http://zviazda.by/be/news/20200324/1585029908-kolkasc-tyh-hto-zahvareu-na-karanavirus-u-svece-peravysila-378-tysyach
[5] http://zviazda.by/be/news/20200323/1584960988-22-pacyenty-u-yakih-byu-dyyagnastavany-karanavirus-vypisany-z-balnic
[6] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[7] https://zviazda.by/be/tags/saaz